Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
12 лістапада 2001 г. № З-129/2001
12 лістапада 2001 г. № З-129/2001
Аб адпаведнасці Канстытуцыі палажэння пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і заснаванай на ім практыкі прымянення паняцця службовай асобы па прымеце ўчынення юрыдычна значных дзеянняў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
з удзелам прадстаўнікоў:
Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь – Рамановіча І.П.;
Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Кібака І.А., Краўчанка Т.М.;
Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – Бурага У.В.
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу “Аб адпаведнасці Канстытуцыі палажэння пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і заснаванай на ім практыкі прымянення паняцця службовай асобы па прымеце ўчынення юрыдычна значных дзеянняў”.
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Пташнік У.М. – намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, Смірноў Я.А. – намеснік Старшыні Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь, Петраш А.С. – першы намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 17 кастрычніка 2001 г. па прапанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5, 6 і 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкулаў 43 і 48 Рэгламента Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь.
Праверцы падлягалі палажэнне пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (у далейшым – КК), згодна з якім да службовых асоб аднесены асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў, а таксама практыка прымянення паняцця службовай асобы, заснаваная на ўказаным палажэнні.
У прапанове Савета Міністраў, унесенай у сувязі са зваротам Міністра ўнутраных спраў, указваецца, што ў КК адсутнічае вызначэнне паняцця службовай асобы па прымеце ўчынення ёй юрыдычна значных дзеянняў, яно недакладна растлумачана ў пункце 4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 4 чэрвеня 1993 г. № 4 “Аб судовай практыцы па справах аб злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, службовай халатнасці, службовым падлогу”. У выніку гэтага ў следчай і судовай практыцы не забяспечваецца аднастайны падыход да вызначэння паняцця службовай асобы па ўказанай прымеце, у прыватнасці, неадназначна вырашаецца пытанне аб тым, ці падлягаюць крымінальнай адказнасці выкладчыкі вышэйшых або сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія прымаюць экзамены ці залікі і атрымліваюць ад студэнтаў або навучэнцаў узнагароджанні за станоўчыя адзнакі іх ведаў.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Саркісаву Э.А., прадстаўнікоў бакоў, эксперта Лукашова А.І. – дактаранта Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, кандыдата юрыдычных навук, дацэнта, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, Крымінальнага кодэкса, іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, вывучыўшы практыку прымянення правяраемай нормы і іншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
У адпаведнасці з часткай чацвёртай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд па прапановах указаных у дадзеным артыкуле органаў дае, у прыватнасці, заключэнні аб канстытуцыйнасці законаў, а таксама актаў Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь.
У артыкуле 4 КК змяшчаецца шэраг вызначэнняў, якія дадзены, як гэта вынікае з часткі першай указанага артыкула, у мэтах аднастайнага і дакладнага прымянення тэрмінаў, што выкарыстоўваюцца ў Крымінальным кодэксе.
У частцы чацвёртай дадзенага артыкула пералічаны асобы, якіх патрэбна адносіць да службовых асоб. Пад службовымі асобамі разумеюцца:
1) прадстаўнікі ўлады, гэта значыць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў, а таксама дзяржаўныя служачыя, якія маюць права ў межах сваёй кампетэнцыі аддаваць распараджэнні або загады і прымаць рашэнні адносна асоб, не падпарадкаваных ім па службе;
2) прадстаўнікі грамадскасці, гэта значыць асобы, якія не знаходзяцца на дзяржаўнай службе, але надзелены ва ўстаноўленым парадку паўнамоцтвамі прадстаўніка ўлады пры выкананні абавязкаў па ахове грамадскага парадку, барацьбе з правапарушэннямі, па выкананню правасуддзя;
3) асобы, якія пастаянна або часова ці па спецыяльнаму паўнамоцтву займаюць ва ўстановах, арганізацыях або на прадпрыемствах (незалежна ад форм уласнасці), ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, іншых войсках і воінскіх фарміраваннях Рэспублікі Беларусь пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых або адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, ці асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў.
Указаныя нормы ў асноўным узнаўляюць палажэнні заўвагі да артыкула 166 КК 1960 г., рэдакцыя якой была зменена Законам Рэспублікі Беларусь ад 15 чэрвеня 1993 г. “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты Рэспублікі Беларусь”, уведзеным у дзеянне 22 ліпеня 1993 г.
Згодна з гэтым Законам да службовых асоб пачалі адносіць разам з іншымі асобамі і асоб, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў. Указаным Законам было фактычна пашырана кола асоб, якія падлягаюць крымінальнай адказнасці, паколькі да службовых асоб былі аднесены і асобы, якія па сутнасці не з’яўляюцца такімі, але прыраўнаваны да іх з прычыны ўчынення імі юрыдычна значных дзеянняў.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што такое заканадаўчае рашэнне не супярэчыць Канстытуцыі. Яно абумоўлена прадугледжаным Канстытуцыяй (артыкул 59) абавязкам дзяржавы прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь. Заканадавец у мэтах абароны правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян ад злачынных замахаў, забеспячэння барацьбы з усякага роду злоўжываннямі па службе, выкаранення карупцыйных з’яў мае права вызначаць кола асоб, надзеленых спецыяльнымі прыметамі суб’екта злачынстваў супраць інтарэсаў службы, таксама як і ўстанаўліваць меры крымінальнай адказнасці за такія злачынствы.
Разам з тым пры прымяненні палажэння пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 КК павінен быць забяспечаны падыход, які абумоўлівае аднастайную следчую і судовую практыку па кваліфікацыі ўчыняемых службовымі асобамі дзеянняў і прыцягненню іх да крымінальнай адказнасці ў выпадках наяўнасці ва ўчыненым прадугледжаных у КК саставаў злачынстваў.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што яшчэ да прыняцця Закона ад 15 чэрвеня 1993 г. Пленум Вярхоўнага Суда ў сваёй пастанове ад 4 чэрвеня 1993 г. № 4 “Аб судовай практыцы па справах аб злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, службовай халатнасці, службовым падлогу” (з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі) указаў наступнае: “Работнікі дзяржаўных, кааператыўных і грамадскіх арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, якія выконваюць толькі прафесіянальныя або тэхнічныя абавязкі, службовымі асобамі не з’яўляюцца. Такія работнікі могуць быць суб’ектам злачынстваў супраць інтарэсаў службы ў тым выпадку, калі разам з ажыццяўленнем прафесіянальных або тэхнічных абавязкаў на іх ва ўстаноўленым парадку ўскладзена і выкананне арганізацыйна-распарадчых або адміністрацыйна-гаспадарчых функцый ці выкананне юрыдычна значных дзеянняў (напрыклад, урач – за злоўжыванне паўнамоцтвамі, звязанымі з выдачай лісткоў непрацаздольнасці або з удзелам у рабоце УПЭК, прызыўных камісій; выкладчык – за парушэнне абавязкаў, ускладзеных на яго як на члена кваліфікацыйнай або экзаменацыйнай камісіі; настаўнік або выхавальнік – за невыкананне ўскладзеных на іх абавязкаў па забеспячэнню парадку і бяспекі ў час правядзення мерапрыемстваў або заняткаў)”.
Такое растлумачэнне арыентавала практыку на абмежавальнае разуменне службовай асобы па прымеце ўчынення ёй юрыдычна значных дзеянняў. Пры гэтым не было забяспечана адзінага падыходу да вырашэння пытання аб тым, ці з’яўляюцца службовымі асобамі па прымеце ўчынення юрыдычна значных дзеянняў выкладчыкі вышэйшых або сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, якія прымаюць курсавыя экзамены ці залікі. Пры атрыманні ўзнагароджання за станоўчыя адзнакі ведаў студэнтаў або навучэнцаў на курсавых экзаменах ці заліках у адных выпадках яны прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці за атрыманне хабару. У іншых аналагічных выпадках такія асобы не прызнаюцца службовымі і з прычыны гэтага не прыцягваюцца да крымінальнай адказнасці з-за адсутнасці ўказанага саставу злачыннасці.
Напрыклад, судом Ленінскага раёна г. Гродна 12 кастрычніка 2000 г. асуджаны грамадзянін М. па частцы першай артыкула 169 КК 1960 г. за тое, што ён, з’яўляючыся старшым выкладчыкам Гродзенскага філіяла камерцыйнага Універсітэта кіравання, атрымаў хабар у памеры 200 долараў ЗША за станоўчае вырашэнне пытання аб здачы студэнтам заліку па сямейнаму і міжнароднаму праву.
Судом Цэнтральнага раёна г. Гомеля 5 чэрвеня 2000 г. асуджана грамадзянка Б. па частцы другой артыкула 169 КК 1960 г. за тое, што яна, з’яўляючыся выкладчыкам эканамічных дысцыплiн Гомельскага політэхнічнага тэхнікума, у перыяд з 6 па 18 сакавіка 2000 г. атрымлівала ад студэнтаў хабар за вырашэнне пытання аб станоўчай здачы экзамена па прадмету “Эканоміка”.
Судом Савецкага раёна г. Мінска 21 красавіка 2000 г. была апраўдана па абвінавачанню ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага часткай другой артыкула 169 КК 1960 г., грамадзянка С., якая, будучы старшым выкладчыкам кафедры фізвыхавання і спорту Беларускай дзяржаўнай політэхнічнай акадэміі, у перыяд са снежня 1999 г. па студзень 2000 г. неаднаразова вымагала і атрымлівала ад студэнтаў у якасці хабару грашовыя сродкі, а таксама выгаду маёмаснага характару за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзяць у яе кампетэнцыю. Вывад суда быў абгрунтаваны тым, што грамадзянка С. не з’яўляецца службовай асобай, а таму не можа несці адказнасць за атрыманне хабару. Вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Мінскага гарадскога суда ад 13 чэрвеня 2000 г., пастановай прэзідыума Мінскага гарадскога суда ад 13 верасня 2000 г. і вызначэннем судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 22 снежня 2000 г. прыгавор пакінуты без змянення, а прыносімыя пратэсты пракурораў, у якіх ставілася пытанне аб адмене судовых пастаноў у сувязi з незаконным апраўданнем, – без задавальнення.
Адзначаючы адсутнасць аднастайнай судовай практыкi прымянення паняцця службовай асобы па прымеце ўчынення ёй юрыдычна значных дзеянняў, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што такое становiшча не садзейнiчае забеспячэнню выканання дзяржавай ускладзенага на яе Канстытуцыяй (артыкул 59) абавязку прымаць усе даступныя ёй меры стварэння ўнутранага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, не забяспечвае прынцыпу непазбежнасцi адказнасцi асоб, вiнаватых ва ўчыненнi злачынстваў супраць iнтарэсаў службы, i ў прыватнасцi хабарнiцтва, а таксама парушае прынцып роўнасцi ўсiх перад законам, замацаваны ў артыкуле 22 Канстытуцыi.
Разглядаючы пастаўленае ў звароце Савета Мiнiстраў пытанне аб тым, цi з’яўляюцца службовымi асобамi выкладчыкi вышэйшых або сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў, якiя прымаюць у студэнтаў або навучэнцаў курсавыя экзамены ці залiкi, Канстытуцыйны Суд грунтуецца на агульнапрынятым паняццi юрыдычна значных дзеянняў, а таксама на нарматыўных актах Мiнiстэрства адукацыi Рэспублiкi Беларусь, што вызначаюць правы i абавязкi выкладчыкаў i студэнтаў або навучэнцаў указаных навучальных устаноў, прававыя вынiкi невыканання ўскладзеных на студэнтаў або навучэнцаў абавязкаў, звязаных з вывучэннем выкладаемых дысцыплiн.
У частцы чацвёртай артыкула 4 КК змяшчаецца вызначэнне паняцця службовай асобы. Пры гэтым, калi ў пунктах 1 i 2 часткі чацвёртай дадзенага артыкула заканадавец выкарыстоўвае прымету, якая вызначае службовую асобу як асобу, надзеленую ўладнымі паўнамоцтвамі (прадстаўнік улады, прадстаўнік грамадскасці, надзелены паўнамоцтвамі прадстаўніка ўлады), то ў пункце 3 гэтай жа часткі ўказанага артыкула выкарыстоўваецца прымета, якая вызначае службовую асобу па характару выконваемых ёй іншых паўнамоцтваў. У дадзеным пункце прадугледжваюцца тры вiды такiх паўнамоцтваў:
1) выкананне асобай арганiзацыйна-распарадчых абавязкаў;
2) выкананне асобай адмiнiстрацыйна-гаспадарчых абавязкаў;
3) учыненне юрыдычна значных дзеянняЉў, на якiя асоба ўпаўнаважана ва ўстаноўленым парадку.
Усе гэтыя вiды паўнамоцтваў, што выступаюць як прыметы службовай асобы ў тым сэнсе, якi iм надаецца крымiнальным законам, з’яўляюцца самастойнымi прыметамi, як правiла, не звязанымi адна з адной. Пры гэтым выкананне арганiзацыйна-распарадчых цi адмiнiстрацыйна-гаспадарчых абавязкаў звязана з выкананнем юрыдычна значных дзеянняў, аднак выкананне апошнiх выступае і як самастойная падстава для аднясення таго або iншага работнiка, не надзеленага арганiзацыйна-распарадчымi цi адмiнiстрацыйна-гаспадарчымi паўнамоцтвамi, да катэгорыi службовых асоб.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што юрыдычна значнымi прызнаюцца такiя дзеяннi, у вынiку ўчынення якiх настаюць або могуць настаць прававыя вынiкi ў выглядзе ўзнiкнення, змянення або спынення праваадносiн.
У адносiнах да дадзенага паняцця, прадугледжанага ў КК, юрыдычна значныя дзеяннi – гэта дзеяннi асоб, упаўнаважаных ва ўстаноўленым парадку на iх учыненне. Наяўнасць дадзенай прыметы прадугледжвае, што асоба займае пастаянна або часова ў арганiзацыi, установе, на прадпрыемстве пэўную пасаду (выконвае пэўную работу) i ўжо ў вынiку гэтага можа ў пэўных выпадках учыняць юрыдычна значныя дзеяннi цi прыцягваецца да выканання сваiх абавязкаў па спецыяльнаму паўнамоцтву.
Такiм чынам, асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў, па сэнсу крымiнальнага закона – гэта асобы, якiя пастаянна або часова займаюць у арганiзацыях (незалежна ад форм уласнасцi) пасады цi выконваюць ускладзеныя на iх абавязкi па спецыяльнаму паўнамоцтву i ажыццяўляюць такія дзеяннi, у вынiку якiх настаюць або могуць настаць юрыдычна значныя вынiкi ў выглядзе ўзнiкнення, змянення або спынення праваадносiн, суб’ектамi якiх з’яўляюцца iншыя асобы.
У сувязi з гэтым Канстытуцыйны Суд адзначае, што да асоб, упаўнаважаных на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў, трэба адносiць не толькi тых выкладчыкаў, якiя выконваюць свае абавязкi ў якасцi членаў квалiфiкацыйных або экзаменацыйных камiсiй, як гэта прыведзена для прыкладу пры растлумачэннi дадзенага пытання ў пункце 4 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ад 4 чэрвеня 1993 г. № 4, але i выкладчыкаў, якiя прымаюць у студэнтаў або навучэнцаў курсавыя экзамены ці залiкi.
Выстаўленне выкладчыкамi адзнак на курсавых экзаменах, а таксама станоўчая або адмоўная ацэнка ведаў навучэнцаў пры прыняццi ў iх залiку, што фiксуецца ў афiцыйных дакументах (экзаменацыйныя ведамасцi, залiковыя кнiжкi i да т.п.), у адных выпадках з’яўляюцца прамой i непасрэднай падставай надыходу юрыдычна значных вынiкаў, гэта значыць узнiкнення, змянення або спынення праваадносiн (напрыклад, прадастаўленне права на атрыманне вучэбнай стыпендыi). У iншых выпадках такiя дзеяннi з’яўляюцца адным з неабходных (абавязковых) элементаў падставы надыходу ўказаных вынiкаў, гэта значыць уплываюць на ўзнiкненне, змяненне або спыненне праваадносiн у сукупнасцi з iншымi акалiчнасцямi як частка адзiнага цэлага (студэнт падлягае адлiчэнню з ВНУ пры наяўнасцi акадэмiчнай запазычанасцi пры няздачы ў час сесіі экзаменаў па трох i больш дысцыплiнах). Ад выстаўленых на экзаменах або залiках адзнак ведаў студэнтаў або навучэнцаў залежыць вырашэнне пытанняў аб далейшым навучаннi iх у адпаведнай навучальнай установе, аб прадастаўленнi iм права на атрыманне вучэбнай стыпендыi, дыплома з адзнакай, якi з’яўляецца падставай для павелiчэння заработнай платы выпускнiкам некаторых вышэйшых навучальных устаноў пры паступленнi на работу, аб скарачэннi платы за навучанне ў недзяржаўных навучальных установах i iнш.
Выкладзенае сведчыць, што выкладчыкi вышэйшых або сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на прыняцце ў навучэнцаў экзаменаў або залiкаў, з’яўляюцца суб’ектамi юрыдычна значных дзеянняў i ў сувязі з ажыццяўленнем указаных паўнамоцтваў падпадаюць пад прыметы службовай асобы, прадугледжаныя ў пункце 3 часткi чацвёртай артыкула 4 КК.
Канстытуцыйны Суд звяртае таксама ўвагу на судовую практыку Расiйскай Федэрацыi па квалiфiкацыi як атрыманне хабару дзеянняў выкладчыкаў, якiя прымаюць узнагароджаннi за станоўчыя адзнакi ведаў студэнтаў на курсавых экзаменах. Такая практыка склалася нягледзячы на тое, што Крымінальны кодэкс Расiйскай Федэрацыі не прадугледжвае ў якасцi прыметы службовай асобы ўчыненне ёй юрыдычна значных дзеянняў. Выкладчыкі разглядаюцца непасрэдна ў якасці службовых асоб.
Разам з тым Канстытуцыйны Суд адзначае, што пытанне аб прыцягненнi да крымiнальнай адказнасцi за злачынствы супраць iнтарэсаў службы ўказаных асоб павiнна вырашацца ў кожным канкрэтным выпадку з улiкам наяўнасцi або адсутнасцi iншых прымет саставаў указаных злачынстваў, а таксама ўсiх абставiн справы, што ўплываюць на ацэнку характару i ступенi грамадскай небяспекi ўчыненага, у тым лiку i на вырашэнне пытання аб наяўнасцi або адсутнасцi малазначнага дзеяння, прадугледжанага часткай чацвёртай артыкула 11 КК.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 9, 11, 34, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць адпавядаючым Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь палажэнне пункта 3 часткi чацвёртай артыкула 4 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, згодна з якiм да службовых асоб аднесены асобы, упаўнаважаныя ва ўстаноўленым парадку на ўчыненне юрыдычна значных дзеянняў.
2. Адзначыць супярэчлiвасць судовай практыкi па прыцягненню да крымiнальнай адказнасцi выкладчыкаў вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў у сувязi з атрыманнем iмi ўзнагароджання за станоўчыя адзнакi ведаў студэнтаў або навучэнцаў на курсавых экзаменах i залiках, калi ў адных выпадках яны прыцягваюцца да крымiнальнай адказнасцi за атрыманне хабару, а ў iншых аналагiчных сiтуацыях такiя асобы не разглядаюцца як суб’екты дадзенага злачынства.
3. Звярнуць увагу Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь на неабходнасць забеспячэння ў межах усёй дзяржавы адзiнага падыходу да прымянення нормы пункта 3 часткi чацвёртай артыкула 4 Крымiнальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, маючы на ўвазе, што дадзеная норма дазваляе прыцягваць да крымiнальнай адказнасцi выкладчыкаў вышэйшых i сярэднiх спецыяльных навучальных устаноў за атрыманне iмi незаконнага ўзнагароджання ад студэнтаў або навучэнцаў.
Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь прывесці сваю пастанову ад 4 чэрвеня 1993 г. № 4 “Аб судовай практыцы па справах аб злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў, службовай халатнасці, службовым падлогу” ў дакладную адпаведнасць з палажэннем пункта 3 часткі чацвёртай артыкула 4 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У выпадку, калi судовыя органы, прымяняючы дадзеную норму Крымінальнага кодэкса з 1993 г. i, як правіла, асуджаючы ўказаных асоб за атрыманне хабару, лiчаць неабходным выключыць крымiнальную адказнасць такiх асоб i тым самым змянiць судовую практыку, што складвалася ў гэтай галiне, цi лiчаць неабходным замацаваць у законе прыметы юрыдычна значных дзеянняў (надыход юрыдычных вынiкаў, публiчна-прававы характар i iнш.), цi прадугледзець для гэтых асоб iншую крымінальную або іншую юрыдычную адказнасць, iм трэба iнiцыiраваць ва ўстаноўленым парадку ўнясенне змяненняў у дзеючае заканадаўства.
4. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў тэрмiн, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце” i “Звяздзе”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь i “Веснiку Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь”.
5. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з'яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч