Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
13 снежня 2001 г. № Р-134/2001
Аб праве iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны на льготу па абавязковаму страхаванню будынкаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот Любанскага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, а таксама асобных грамадзян па пытанню прадастаўлення iнвалiдам Вялiкай Айчыннай вайны льготы па абавязковаму страхаванню будынкаў, якiя належаць iм, устанавiў наступнае.
 
Згодна з пунктам 1 Дэкрэта Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 кастрычнiка 1997 г. № 18 “Аб абавязковым страхаваннi будынкаў, якiя належаць грамадзянам” аб’ектам абавязковага страхавання з’яўляюцца будынкi (жылыя дамы i гаспадарчыя (падсобныя) пабудовы, у тым лiку гаражы, размешчаныя ў межах вызначанага зямельнага ўчастка), якiя належаць на праве ўласнасцi грамадзянам Рэспублiкi Беларусь, замежным грамадзянам i асобам без грамадзянства (далей – страхавальнiкi) i пастаянна выкарыстоўваюцца для пражывання i гаспадарчых патрэб страхавальнiкамi, членамi iх сем’яў або iншымi асобамi са згоды ўласнiка. У пункце 4 названага Дэкрэта прадугледжана вызваленне ад выплаты страхавых узносаў iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны i прыраўнаваных да iх асоб.
 
У адпаведнасцi з Парадкам вызвалення ад выплаты страхавых узносаў i прадастаўлення льгот па абавязковаму страхаванню будынкаў, якiя належаць грамадзянам, зацверджаным пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 8 студзеня 1998 г. № 16, вызваленне ад выплаты страхавых узносаў ажыццяўляецца на падставе заявы i прад’яўляемых дакументаў: для iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны i прыраўнаваных да iх асоб – пашпарта, пасведчання iнвалiда Вялiкай Айчыннай вайны, пасведчання iнвалiда аб праве на льготы, пасведчання ўдзельнiка вайны з адпаведным укладышам. Рашэнне аб вынiках разгляду заяў прымае кiраўнiк прадстаўнiцтва Беларускага рэспублiканскага унiтарнага страхавога прадпрыемства “Белдзяржстрах”.
 
Інструкцыя аб улiку будынкаў, аб налiчэннi i выплаце страхавых узносаў, вызначэннi i выплаце страхавога пакрыцця па абавязковаму страхаванню будынкаў, якiя належаць грамадзянам, зацверджаная Мiнiстэрствам фiнансаў Рэспублiкi Беларусь 16 красавiка 1998 г., з наступнымi змяненнямi, дадатковых норм у параўнаннi з вышэйпрыведзенымi, што рэгулююць дадзенае пытанне, не змяшчае.
 
З аналiзу правапрымяняльнай практыкi вынiкае, што Белдзяржстрахам у якасцi страхавальнiкаў разглядаюцца толькi грамадзяне – уласнiкi будынкаў, на iмя якiх будынкi зарэгiстраваны: калi будынак зарэгiстраваны на iнвалiда Вялiкай Айчыннай вайны, iльгота прадастаўляецца незалежна ад наяўнасцi iншых удзельнiкаў сумеснай уласнасцi i складу сям’i; калi будынак зарэгiстраваны, напрыклад, на жонку iнвалiда Вялiкай Айчыннай вайны, iльгота не прадастаўляецца. Такi парадак прадастаўлення льгот Белдзяржстрах абумоўлiвае тым, што паколькi страхавальнiкамi па дадзенаму вiду страхавання будынкаў з’яўляюцца ўласнiкi будынкаў, а права ўласнасцi на нерухомую маёмасць у адпаведнасцi з артыкулам 220 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (далей – ГК) падлягае рэгiстрацыi, то льготы па выплаце прадастаўляюцца толькi тым асобам, якiя сваё права ўласнасцi зарэгiстравалi ва ўстаноўленым парадку. Пры разглядзе iскаў Белдзяржстраха аб спагнаннi запазычанасцi па абавязковаму страхаванню будынкаў са страхавальнiкаў – мужоў (жонак) iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны, як правіла, не бяруцца пад увагу доказы адказчыкаў аб тым, што дадзеная нерухомая маёмасць знаходзiцца ў агульнай сумеснай уласнасцi, адным з удзельнiкаў якой з’яўляецца iнвалiд Вялiкай Айчыннай вайны, якi мае ўстаноўленае заканадаўствам права на вызваленне ад выплаты страхавых узносаў.
 
Дзяржаўная рэгiстрацыя жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляецца ў адпаведнасцi з пастановай Савета Мiнiстраў ад 3 верасня 1999 г. № 1372 “Аб парадку дзяржаўнага ўлiку жыллёвага фонду” і Інструкцыяй аб парадку дзяржаўнай рэгiстрацыi жыллёвага фонду ў Рэспублiцы Беларусь, зацверджанай загадам Мiнiстэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркi Рэспублiкi Беларусь № 176, Мiнiстэрства эканомiкi Рэспублiкi Беларусь № 119, Мiнiстэрства фiнансаў Рэспублiкi Беларусь № 379, Мiнiстэрства статыстыкi i аналiзу Рэспублiкi Беларусь № 262 ад 3 снежня 1999 г. Дадзеныя нарматыўныя прававыя акты не прадугледжваюць адлюстраванне, у адрозненне ад агульнай долевай уласнасцi, юрыдычна значнага факта агульнай сумеснай уласнасцi на рэгiструемую нерухомую маёмасць.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што вызначальнымi прыметамi будынкаў як аб’ектаў абавязковага страхавання з’яўляюцца, па-першае, iх прыналежнасць грамадзянам на праве ўласнасцi, па-другое, пастаяннае выкарыстанне ўказаных будынкаў для патрэб страхавальнiкаў, членаў iх сем’яў або iншых асоб са згоды ўласнiкаў.
 
У адпаведнасцi з пунктам 2 артыкула 246 ГК маёмасць можа знаходзiцца ў агульнай уласнасцi з вызначэннем долi кожнага з уласнiкаў у праве ўласнасцi (долевая ўласнасць) або без вызначэння такiх доляў (сумесная ўласнасць). Удзельнiкi сумеснай уласнасцi згодна з артыкулам 256 ГК, калi iншае не прадугледжана пагадненнем памiж iмi, сумесна валодаюць i карыстаюцца агульнай маёмасцю. Распараджэнне маёмасцю, якая знаходзiцца ў сумеснай уласнасцi, ажыццяўляецца па згодзе ўсiх удзельнiкаў, якая прадугледжваецца незалежна ад таго, кiм з удзельнiкаў учынена здзелка па распараджэнню маёмасцю. У адпаведнасцi з пунктам 1 артыкула 259 ГК маёмасць, набытая мужам і жонкай у час шлюбу, знаходзiцца ў iх сумеснай уласнасцi, калi дагаворам памiж iмi не ўстаноўлены iншы рэжым гэтай маёмасцi.
 
У пункце 13 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 4 чэрвеня 1993 г. № 5 “Аб практыцы вырашэння судамi спрэчак, звязаных з правам прыватнай уласнасцi на жылы дом” (са змяненнямi i дапаўненнямi, унесенымi пастановай Пленума Вярхоўнага Суда ад 25 сакавiка 1999 г. № 2) звернута ўвага, што пабудаваны цi набыты мужам i жонкай у час шлюбу дом з’яўляецца iх агульнай сумеснай маёмасцю незалежна ад таго, каму з iх прадастаўлены ў пажыццёвае спадчыннае валоданне зямельны ўчастак для будаўнiцтва i абслугоўвання жылога дома, хто з iх указаны ў дагаворы аб набыццi дома i на чыё iмя зарэгiстраваны дом.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што, калі будынак, які падлягае страхаванню, знаходзіцца ў агульнай сумеснай уласнасці яе ўдзельнікаў, адным з якіх з’яўляецца інвалід Вялікай Айчыннай вайны, і паколькі заканадаўцам не ўстаноўлена, што льгота прадастаўляецца на частку сумеснай маёмасці, якая належала б яму пры раздзеле гэтай маёмасці, інваліды Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваныя да іх асобы падлягаюць вызваленню ад выплаты страхавых узносаў на будынкі, што належаць ім, у тым ліку на праве сумеснай уласнасці з іншымі ўдзельнікамі гэтай уласнасці, незалежна ад таго, на каго з удзельнікаў агульнай сумеснай уласнасці будынак зарэгістраваны і хто з удзельнікаў гэтай уласнасці выступае страхавальнікам. Іншы падыход да прадастаўлення ўстаноўленай заканадаўчым актам ільготы цягне за сабой няроўнасць грамадзян, якія адносяцца да адной і той жа катэгорыі суб’ектаў права, што маюць права на канкрэтную льготу.
 
Згодна з артыкулам 58 Канстытуцыі ніхто не можа быць прымушаны да адмаўлення ад сваіх правоў, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што прадугледжанае Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 кастрычніка 1997 г. № 18 для інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваных да іх асоб права на вызваленне ад выплаты страхавых узносаў павінна быць забяспечана належным механізмам яго рэалізацыі, які не ўшчамляе правы дадзенай катэгорыі грамадзян.
 
Кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што дзеючым заканадаўствам інвалідам Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаваным да іх асобам прадастаўлена льгота пры выплаце страхавых узносаў па абавязковаму страхаванню будынкаў, якія належаць ім на праве ўласнасці, і ў выпадку, калі гэтыя будынкі знаходзяцца ў агульнай сумеснай уласнасці інваліда (прыраўнаванай да яго асобы) і яго жонкі (мужа).
 
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь забяспечыць рэалізацыю інвалідамі Вялікай Айчыннай вайны і прыраўнаванымі да іх асобамі свайго права на вызваленне ад выплаты страхавых узносаў па абавязковаму страхаванню будынкаў, якія належаць ім на праве агульнай сумеснай уласнасці з іншымі ўдзельнікамі гэтай уласнасці, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                     Р.А. Васілевіч