Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
13 лістапада 2001 г. № Р-130/2001
Аб мінімальных кампенсацыях за пагаршэнне прававога становішча работнікаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот старшыні прафсаюзнага камітэта ВА “Беларуськалій” аб правамернасці ўстанаўлення мінімальнай кампенсацыі ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку за пагаршэнне прававога становішча работнікам, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту і маюць права на поўную пенсію, а таксама работнікам, якія не дасягнулі ўказанага ўзросту, але атрымліваюць пенсіі.
 
У сваім звароце старшыня прафсаюзнага камітэта ВА “Беларуськалій” указаў, што пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2000 г. № 19 “Аб унясенні змяненняў у некаторыя пастановы Урада Рэспублікі Беларусь” унесены дапаўненні ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 1999 г. № 1180 “Аб зацвярджэнні Прыкладнай формы кантракта наймальніка з работнікам”, што прадугледжваюць мінімальную кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работнікам, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту (мужчыны – 60 гадоў, жанчыны – 55 гадоў) і маюць права на поўную пенсію, а таксама работнікам, якія не дасягнулі ўказанага ўзросту, але атрымліваюць пенсіі (акрамя працоўных пенсій па інваліднасці, з прычыны страты карміцеля і сацыяльных пенсій), у памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку. Для астатніх работнікаў мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне іх прававога становішча ўстаноўлена ў памеры шасці ці трох сярэднямесячных заработных плат у залежнасці ад падставы звальнення, што з’яўляецца, на яго думку, дыскрымінацыяй у адносінах да пенсіянераў і супярэчыць артыкулам 22 і 23 Канстытуцыі, артыкулу 14 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ПК).
 
Канстытуцыйны Суд, прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў і іншых нарматыўных актаў Рэспублікі Беларусь, устанавіў наступнае.
 
Кантракт уяўляе сабой працоўны дагавор, які заключаецца ў пісьмовай форме на вызначаны ў ім тэрмін, змяшчае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае канкрэтную мінімальную кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.
 
Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленню працоўных адносін, умацаванню працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны” (далей – Дэкрэт № 29) прадастаўлена права наймальнікам заключаць кантракты як з усімі работнікамі пры прыёме на работу, так і з тымі, працоўны дагавор з якімі быў заключаны на нявызначаны тэрмін.
 
У мэтах выканання пункта 9 Дэкрэта № 29 прыняты шэраг пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, якія рэгламентуюць пытанні афармлення працоўных адносін, заснаваных на кантракце. У прыватнасці, пунктам 2 пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 1999 г. № 1180 “Аб зацвярджэнні Прыкладнай формы кантракта наймальніка з работнікам” устанаўлівалася мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча работніка ў выпадках:
 
– датэрміновага скасавання кантракта з-за невыканання або неналежнага выканання яго ўмоў па віне наймальніка – у памеры шасці сярэднямесячных заработных плат;
 
– спыненне дзеяння кантракта ў сувязі з заканчэннем яго тэрміну – у памеры трох сярэднямесячных заработных плат.
 
У сувязі з унясеннем ва ўказаны пункт дапаўненняў пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 студзеня 2000 г. № 19 “Аб унясенні змяненняў у некаторыя пастановы Урада Рэспублікі Беларусь” у пералічаных вышэй выпадках работнікам, якія дасягнулі пенсіённага ўзросту (мужчыны – 60 гадоў, жанчыны – 55 гадоў) і маюць права на поўную пенсію, а таксама работнікам, якія не дасягнулі ўказанага ўзросту, але атрымліваюць пенсіі (акрамя працоўных пенсій па інваліднасці, з прычыны страты карміцеля і сацыяльных пенсій), прадугледжана мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча ў памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што аналагічны ўстаноўленаму памер мінімальнай кампенсацыі за пагаршэнне прававога становішча работнікаў прадугледжваўся яшчэ пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 8 снежня 1995 г. № 671 “Аб заключэнні кантрактаў з работнікамі, якія маюць права на пенсію”, якая была прызнана страціўшай сілу пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 1999 г. № 2082.
 
Аналіз нарматыўных актаў, якія рэгулююць працоўныя адносіны, заснаваныя на кантракце, сведчыць, што мэтавае назначэнне мінімальнай кампенсацыі за пагаршэнне прававога становішча работнікаў – гэта, па-першае, мінімальна кампенсаваць асаблівасці, што пагаршаюць прававое становішча работнікаў, з якімі заключаны кантракты, у параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы. Гэтыя асаблівасці выяўляюцца ў тым, што кантракт, маючы тэрміновы характар, пазбаўляе права работніка ў межах яго дзеяння звальняцца па ўласнаму жаданню згодна з артыкулам 40 ПК, наймальнік жа мае права зволіць работніка па сканчэнні тэрміну кантракта. Пагаршэнне прававога становішча выяўляецца і ў тым, што кантракт з работнікам можа быць датэрмінова спынены таксама па дадатковых падставах, прадугледжаных у ім. Па-другое, мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча работніка дазваляе матэрыяльна забяспечыць работніка на перыяд да яго працаўладкавання да іншага наймальніка, паколькі права на яе ва ўказаных выпадках рэалізуецца пры звальненні ў залежнасці ад падставы спынення кантракта.
 
На думку Канстытуцыйнага Суда, устанаўленне дыферэнцыраванага памеру мінімальнай кампенсацыі за пагаршэнне прававога становішча ўказанай катэгорыі работнікаў не супярэчыць яе мэтаваму назначэнню, паколькі вырашэнне пытання аб працаўладкаванні такіх работнікаў пасля спынення кантракта залежыць перш за ўсё ад іх жадання працягваць працоўную дзейнасць і стану працаздольнасці. Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што работнікі ці ўжо атрымліваюць пенсію, ці маюць права на яе атрыманне.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што мінімальная кампенсацыя за пагаршэнне прававога становішча работнікаў устанаўліваецца заканадаўствам і мае абавязковы характар, таму яе памер не можа быць паменшаны наймальнікам, напрыклад, па прычыне адсутнасці сродкаў. У той жа час у сілу пункта 10.9 Палажэння аб парадку і ўмовах заключэння кантрактаў наймальнікаў з работнікамі, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 25 верасня 1999 г. № 1476, наймальнік за кошт уласных сродкаў можа ўстанаўліваць больш высокі памер мінімальных кампенсацый за пагаршэнне прававога становiшча работнiкам, якiя заключылi кантракт.
 
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 11, 36, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць адпавядаючым Канстытуцыi, артыкулу 14 Працоўнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь i Дэкрэту Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленню працоўных адносiн, умацаванню працоўнай i выканальнiцкай дысцыплiны” пункт 2 пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 2 жнiўня 1999 г. № 1180 “Аб зацвярджэннi Прыкладнай формы кантракта наймальнiка з работнiкам” з дапаўненнямi, унесенымi пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 6 студзеня 2000 г. № 19, што прадугледжвае мiнiмальную кампенсацыю за пагаршэнне прававога становiшча работнiкам, якiя дасягнулi пенсiённага ўзросту (мужчыны – 60 гадоў, жанчыны – 55 гадоў) i маюць права на поўную пенсiю, а таксама работнiкам, якiя не дасягнулi ўказанага ўзросту, але атрымлiваюць пенсii (акрамя працоўных пенсiй па iнвалiднасцi, па прычыне страты кармiцеля i сацыяльных пенсiй), у памеры двухтыднёвага сярэдняга заработку.
 
Адзначыць, што пры гэтым наймальнiк за кошт уласных сродкаў можа ўстанаўлiваць больш высокi памер мiнiмальных кампенсацый у параўнаннi з памерам, прадугледжаным пунктам 2 указанай пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь для розных катэгорый работнiкаў.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
 
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                         Р.А. Васiлевiч