Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
18 ліпеня 2001 г. № Р-127/2001
Аб канстытуцыйнасці артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” і пункта 12 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства аб працы”

Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкула 40 і часткі першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкула 18 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь” зварот дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь аб праверцы адпаведнасці Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам часткі першай артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце“ і пункта 12 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства аб працы”.

У звароце указваецца, што ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 21 Закона “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” адной з падстаў спынення службы ў дзяржаўным апараце з’яўляецца дасягненне служачым дзяржаўнага апарату пенсіённага ўзросту і наяўнасць у яго права на поўную пенсію па ўзросту, калі дзяржаўны орган не захаваў з ім працоўных адносін. Згодна з пунктам 12 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 спыненне службы ў дзяржаўным апараце ў сувязі з дасягненнем пенсіённага ўзросту і наяўнасцю права на поўную пенсію па ўзросту з’яўляецца самастойнай падставай спынення працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка незалежна ад тэрміну, на які заключаны кантракт.

Па меркаванню дэпутата Палаты прадстаўнікоў, указаныя нормы Закона “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” і пастановы Пленума Вярхоўнага Суда ўваходзяць у яўную супярэчнасць з палажэннямі Канстытуцыі, законаў “Аб ветэранах”, “Аб пенсіённым забеспячэнні”, Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 1997 г. № 16 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванню матэрыяльнага і сацыяльнага забеспячэння служачых дзяржаўнага апарату і прыраўнаваных да іх асоб”, міжнародна-прававых актаў – Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнароднага пакта аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, Канвенцыі МАП № 111 “Аб дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў”, Рэкамендацыі МАП № 162 “Аб пажылых працоўных” і іншых. Гэтыя палажэнні не адпавядаюць падыходам Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, выкладзеным у Заключэнні ад 23 верасня 1994 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь норм Кодэкса законаў аб працы, якія прадугледжваюць магчымасць скасавання працоўнага дагавора ў сувязі з дасягненнем работнікам пенсіённага ўзросту”.

Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, законаў, іншых нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававых актаў, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.

Згодна з артыкулам 41 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш дастойны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафесіянальнай падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей.

Артыкул 39 Канстытуцыі прадастаўляе грамадзянам Рэеспублікі Беларусь у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі, прафесіянальнай падрыхтоўкай права роўнага доступу да любых пасад у дзяржаўных органах.

Служба ў дзяржаўным апараце, згодна з артыкулам 1 Закона “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”, уяўляе сабой від працоўнай дзейнасці, якая ажыццяўляецца грамадзянамі на прафесіянальнай аснове ў вызначаемых гэтым Законам дзяржаўных органах, што забяспечваюць выкананне функцый дзяржавы. Артыкулам 3 названага Закона прадугледжана, што адносіны, звязаныя са службай у дзяржаўным апараце, не ўрэгуляваныя гэтым Законам, рэгламентуюцца працоўным, пенсіённым і іншым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з артыкулам 5 Працоўнага кодэкса гэты Кодэкс прымяняецца да працоўных і звязаных з імі адносін асобных катэгорый работнікаў (ваеннаслужачых, служачых дзяржаўнага апарату і інш.) у выпадках і межах, прадугледжаных спецыяльнымі заканадаўчымі актамі, якія вызначаюць іх прававы статус.

Зыходзячы з прыведзеных палажэнняў законаў, на дзяржаўных служачых нормы працоўнага заканадаўства распаўсюджваюцца ў выпадках, калі адносіны, звязаныя са службай у дзяржаўным апараце, не ўрэгуляваны спецыяльным заканадаўствам.

У адпаведнасці з артыкулам 21 Закона “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” служба ў дзяржаўным апараце спыняецца ў выпадках: дасягнення служачым дзяржаўнага апарату пенсіённага ўзросту і наяўнасці ў яго права на поўную пенсію па ўзросту, калі дзяржаўны орган не захаваў з ім працоўных адносін; адстаўкі служачага дзяржаўнага апарату; скасавання кантракта на падставах, прадугледжаных у ім. Служба ў дзяржаўным апараце можа быць спынена і ў іншых выпадках, прадугледжаных заканадаўствам аб працы.

Пленум Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь у пастанове ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства аб працы” растлумачыў, што дасягненне служачым дзяржаўнага апарату пенсіённага ўзросту і наяўнасць у яго права на поўную пенсію па ўзросту з’яўляецца падставай для спынення службы ў дзяржаўным апараце ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 21 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”. Спыненне службы ў дзяржаўным апараце ў сувязі з дасягненнем пенсіённага ўзросту і наяўнасцю права на поўную пенсію па ўзросту з’яўляецца самастойнай падставай спынення працоўнага дагавора па ініцыятыве наймальніка незалежна ад тэрміну, на які заключаны кантракт.

Прыведзеная норма Закона “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” сведчыць аб тым, што ў параўнанні з работнікамі, на якіх поўнасцю распаўсюджваецца дзеянне Працоўнага кодэкса і іншага заканадаўства аб працы, у дачыненні да служачых дзяржаўнага апарату спецыяльным заканадаўствам прадугледжаны дадатковыя падставы спынення службы ў дзяржаўным апараце.

Асаблівасці рэгулявання працы служачых дзяржаўнага апарату прадугледжаны Законам таксама ў частцы: устанаўлення абмежаванняў для службы ў дзяржаўным апараце, якія ўлічваюць індывідуальныя асаблівасці (артыкул 9); вызначэння іх службовых абавязкаў (артыкул 10) і правоў (артыкул 11), абмежаванняў, звязаных са службай у дзяржаўным апараце (артыкул 12), адказнасці (артыкул 17) і інш. Так, артыкулам 15 Закона прадугледжана кантрактная форма найму служачых дзяржаўнага апарату, у той час як Працоўны кодэкс не змяшчае такога віду працоўнага дагавора. Разам з тым дадзеным Законам устаноўлены асобыя ў параўнанні з іншымі работнікамі гарантыі прававой і сацыяльнай абароны служачых дзяржаўнага апарату.

Па сваёй сутнасці адносіны служачага з дзяржаўным апаратам, якія ўзнікаюць у сувязі з паступленнем на дзяржаўную службу, з’яўляюцца працоўнымі праваадносінамі, паколькі яны адпавядаюць усім прыметам, што характарызуюць такія праваадносіны: уваходжанне ў штат дзяржаўнага органа, выкананне пэўнай працоўнай функцыі, падпарадкаванне правілам унутранага працоўнага распарадку. Аднак дзяржаўная служба, якая мае сваімі задачамі правядзенне ў жыццё дзяржаўнай палітыкі, падрыхтоўку, прыняцце, выкананне і кантроль у межах сваёй кампетэнцыі рашэнняў дзяржаўных органаў, забеспячэнне эфектыўнай дзейнасці дзяржаўных органаў, забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб, мае на ўвазе асобы прававы статус дзяржаўных служачых, іх служэнне толькі дзяржаве і народу, магчымасць ажыццяўлення арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйных мер, прадастаўленне ім асобых дзяржаўна-прававых і ўладных паўнамоцтваў для выканання функцый дзяржавы.

Такім чынам, устанаўліваючы асаблівасці і абмежаванні пры рэгуляванні гэтага віду працоўнай дзейнасці, заканадавец зыходзіў з прынцыпу забеспячэння высокай эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных органаў, праз якія служачыя ад імя дзяржавы ажыццяўляюць выкананне дадзенымі органамі ўладных паўнамоцтваў. Такія абмежаванні дапускаюцца Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь і міжнародна-прававымі актамі.

Згодна з пунктам 2 артыкула 1 Канвенцыі МАП № 111 “Аб дыскрымінацыі ў галіне працы і заняткаў” любое адрозненне, недапушчэнне або перавага ў дачыненні да пэўнай работы, заснаванай на спецыфічных патрабаваннях такой, не лічыцца дыскрымінацыяй.

Пункт 5 Рэкамендацыі МАП № 162 “Аб пажылых працоўных” прадугледжвае, што пажылыя працоўныя без дыскрымінацыі па ўзросту павінны карыстацца роўнасцю магчымасцей і звароту нараўне з іншымі працоўнымі, у прыватнасці, адносна доступу, з улікам іх асабістых здольнасцей, вопыту і кваліфікацыі, да работы па іх выбару як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектарах; аднак у выключных выпадках могуць устанаўлівацца ўзроставыя абмежаванні з прычыны асобых патрабаванняў, умоў або правіл для некаторых відаў работы (падпункт ”b”). Пункт 22 гэтай жа Рэкамендацыі таксама ўказвае на магчымасць устанаўлення ў заканадаўчых і іншых палажэннях абавязковага ўзросту для спынення працоўных адносін.

Канвенцыя МАП № 158 “Аб спыненні працоўных адносін па ініцыятыве прадпрымальніка” прадугледжвае, што ў той ступені, у якой гэта неабходна, кампетэнтным органам або адпаведнай установай кожнай краіны могуць быць прыняты меры, па кансультацыі з зацікаўленымі арганізацыямі прадпрымальнікаў і працоўных, дзе такія існуюць, з мэтай выключэння са сферы прымянення Канвенцыі або яе асобных палажэнняў такіх катэгорый працуючых па найму асоб, умовы занятасці якіх рэгулююцца спецыяльнымі пагадненнямі, што забяспечваюць у цэлым абарону, у любым выпадку эквівалентную абароне, прадугледжанай гэтай Канвенцыяй.

Рэкамендацыя МАП № 119 “Аб спыненні працоўных адносін па ініцыятыве прадпрымальніка” прымяняецца да ўсіх галін эканамічнай дзейнасці і да ўсіх катэгорый працоўных пры ўмове, што могуць быць выключаны са сферы яе прымянення дзяржаўныя служачыя, якія працуюць у дзяржаўных органах кіравання, але толькі ў той меры, у якой канстытуцыйныя палажэнні перашкаджаюць прымяненню да іх палажэння або палажэнняў гэтай Рэкамендацыі (падпункт “d” пункта 18).

Пэўныя абмежаванні для знаходжання на службе ў дзяржаўным апараце ўстанаўліваюцца ў законах і іншых краін. Напрыклад, у Расійскай Федэрацыі згодна з артыкулам 25 Федэральнага закона ад 31 ліпеня 1995 г. “Аб асновах дзяржаўнай службы Расійскай Федэрацыі” гранічны ўзрост для знаходжання на дзяржаўнай пасадзе дзяржаўнай службы – 60 гадоў. Пры гэтым дапускаецца прадаўжэнне знаходжання на дзяржаўнай службе дзяржаўных служачых, якія займаюць вышэйшыя, галоўныя і вядучыя дзяржаўныя пасады дзяржаўнай службы і дасягнулі гранічнага для дзяржаўнай службы ўзросту, рашэннем кіраўніка адпаведнага дзяржаўнага органа. Прадаўжэнне знаходжання на дзяржаўнай службе дзяржаўнага служачага, які дасягнуў узросту 65 гадоў, не дапускаецца.

З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што заканадавец, устанаўліваючы ў Законе “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” дадатковыя ў параўнанні з працоўным заканадаўствам падставы спынення службы ў дзяржаўным апараце, у тым ліку і ў сувязі з дасягненнем пенсіённага ўзросту і наяўнасцю ў служачага дзяржаўнага апарату права на поўную пенсію па ўзросту, зыходзіў з прынцыпу забеспячэння высокай эфектыўнасці дзейнасці дзяржаўных органаў, аховы дзяржаўнай бяспекі, абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян і юрыдычных асоб. Пры гэтым з сэнсу палажэнняў артыкула 21 Закона вынікае, што дадзеная падстава звальнення з’яўляецца правам, а не абавязкам дзяржаўнага органа спыніць працоўныя адносіны са служачым дзяржаўнага апарату. Дзяржаўны орган, кіраўніку якога прадастаўлена права вызначаць здольнасць дзяржаўнага служачага выконваць свае функцыянальныя абавязкі, прымаць рашэнне ў кожным канкрэтным выпадку аб захаванні або спыненні працоўных адносін са служачым дзяржаўнага апарату, які дасягнуў пенсіённага ўзросту і мае права на поўную пенсію, мае права захаваць з ім працоўныя адносіны.

Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на тое, што ў Заключэнні Канстытуцыйнага Суда ад 23 верасня 1994 г. “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь норм Кодэкса законаў аб працы, якія прадугледжваюць магчымасць скасавання працоўнага дагавора ў сувязі з дасягненнем работнікам пенсіённага ўзросту” гаворка ішла аб недапушчальнасці па агульнаму правілу скасавання працоўнага дагавора ў сувязі з дасягненнем работнікам пенсіённага ўзросту і наяўнасцю права на поўную пенсію па ўзросту.

Што датычыцца норм спецыяльнага закона, які рэгулюе адносіны, што ўзнікаюць у сувязі з дзяржаўнай службай, то ў дадзеным выпадку могуць мець месца асаблівасці і абмежаванні.

Канстытуцыйны Суд адзначае, што ўстаноўленыя ў Законе абмежаванні кампенсуюцца прадастаўленнем дзяржаўнаму служачаму пэўных ільгот і пераваг у параўнанні з рэгуляваннем правоў іншых работнікаў, якія датычацца працягласці водпуску, выплаты выхадной дапамогі пры звальненні ў павышаных памерах, ільготнага парадку вылічэння памеру пенсій і інш.

Такім чынам, палажэнне часткі першай артыкула 21 Закона “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”, што прадугледжвае ў якасці падставы спынення службы ў дзяржаўным апараце дасягненне служачым дзяржаўнага апарату пенсіённага ўзросту і наяўнасць права на поўную пенсію па ўзросту, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, не супярэчыць Канстытуцыі, законам Рэспублікі Беларусь, міжнародна-прававым актам.

На гэтых жа падставах не змяшчае супярэчнасцей Канстытуцыі і пункт 12 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства аб працы”.

Канстытуыйны Суд адзначае, што ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам з усімі служачымі дзяржаўнага апарату заключаецца кантракт на тэрмін ад 1 да 15 гадоў. У сувязі з падрыхтоўкай праекта закона аб дзяржаўнай службе ў новым законе неабходна прадугледзець большы ўзровень гарантый для служачых дзяржаўнага апарату пры спыненні службы ў дзяржаўным апараце ў сувязі з дасягненнем пенсіённага ўзросту, у прыватнасці, улічваць адносіны да працы, здольнасць дзяржаўнага служачага да выканання службовых абавязкаў, а таксама час, які прайшоў пасля заключэння кантракта.

На падставе выкладзенага, кіруючыся артыкуламі 40, 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 7, 36, 38, 40, 401  Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд 

ВЫРАШЫЎ: 

1. Адзначыць адпаведнасць Канстытуцыі і міжнародна-прававым актам палажэння артыкула 21 Закона “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”, якое рэгулюе асаблівасці спынення службы ў дзяржаўным апараце ў сувязі з дасягненнем служачым дзяржаўнага апарату пенсіённага ўзросту і наяўнасцю ў яго права на поўную пенсію па ўзросту, калі дзяржаўны орган не захаваў з ім працоўных адносін, а таксама растлумачэння, дадзенага на падставе названага Закона, якое змяшчаецца ў пункце 12 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 29 сакавіка 2001 г. № 2 “Аб некаторых пытаннях прымянення судамі заканадаўства аб працы”.

2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь пры падрыхтоўцы і прыняцці новага закона аб дзяржаўнай службе прадугледзець больш высокі ўзровень гарантый для служачых дзяржаўнага апарату пры спыненні службы ў дзяржаўным апараце ў сувязі з дасягненнем пенсіённага ўзросту.

3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. 

Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                       Р.А. Васiлевiч