Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
5 ліпеня 2001 г. № Р-122/2001
Аб прававым рэгуляваннi рэжыму ўтрымання адміністрацыйна затрыманых і адміністрацыйна арыштаваных асоб
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.I., Цiкавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40, часткі першай артыкула 116 і часткі чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь калектыўны зварот грамадзян адносна канстытуцыйнасці прававога рэгулявання пытанняў утрымання асоб у спецыяльных прыёмніках пры органах унутраных спраў, устанавіў наступнае.
 
1. Арганізацыя і парадак дзейнасці спецыяльных прыёмнікаў рэгламентуюцца Палажэннем аб спецыяльных прыёмніках пры органах унутраных спраў (у далейшым — Палажэнне), зацверджаным загадам Мiнiстэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь ад 18 кастрычніка 1999 г. № 206 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2000 г., № 16, 8/1561).
 
Спецыяльныя прыёмнікі пры органах унутраных спраў (у далейшым — спецпрыёмнікі) згодна з пунктам 1 Палажэння з’яўляюцца ўстановамi, прызначанымi, у прыватнасцi, для ўтрымання асоб, адміністрацыйна затрыманых за ўчыненне правапарушэнняў, за якія судом можа быць прыменена спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, а таксама асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту. Пры немагчымасці стварэння спецпрыёмніка пералічаныя асобы могуць утрымлівацца ў ізалятарах часовага ўтрымання органаў унутраных спраў у спецыяльна выдзеленых для іх камерах з распаўсюджваннем на іх умоў рэжыму ўтрымання, прадугледжаных для спецпрыёмнікаў (пункт 5 Палажэння).
 
У адпаведнасці з пунктам 15 Палажэння “з асоб, адміністрацыйна затрыманых за ўчыненне правапарушэнняў, за якія судом можа быць прыменена пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, а таксама з асоб, якія падвергнуты судом адміністрацыйнаму арышту і ўтрымліваюцца ў спецыяльным прыёмніку, у даход адпаведнага бюджэту ва ўстаноўленым парадку спаганяецца кошт утрымання і харчавання за кожныя суткі знаходжання гэтых асоб у спецпрыёмніку ў памеры, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі, устаноўленым органамі, што прынялі рашэнне аб стварэнні спецыяльнага прыёмніка. Прымусовае спагнанне ўказанай сумы ажыццяўляецца па рахунках спецыяльнага прыёмніка (дадатак 1) у тэрміны, якія не перавышаюць iскавую даўнасць, устаноўленыя грамадзянскiм заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь”.
 
Пунктам 1.6 Правіл утрымання асоб, якія змяшчаюцца ў спецыяльныя прыёмнікі пры органах унутраных спраў (дадатак 5 да Палажэння), прадугледжана, што з адміністрацыйна арыштаваных (затрыманых) за кожныя суткі знаходжання ў спецыяльным прыёмніку спаганяецца ў бясспрэчным парадку кошт утрымання і харчавання ў памеры, устаноўленым мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі. У выпадку наяўнасці пры іх грашовых сродкаў неабходная сума або частка яе спаганяецца ў спецыяльным прыёмніку з адпаведным афармленнем.
 
Вядзенне ўліку асоб, якім пасля вызвалення са спецпрыёмніка выпісваюцца рахункі на выплату сум за ўтрыманне і харчаванне, згодна з пунктам 57 Палажэння ўскладзена на бухгалтара (сакратара-бухгалтара) спецпрыёмніка. Спісанне не спагнаных за ўтрыманне і харчаванне сум з неплацежаздольных даўжнікоў ажыццяўляецца адзін раз у квартал па заключэнню начальніка спецпрыёмніка, узгодненаму з адпаведным фінансавым органам мясцовага выканаўчага камітэта, на падставе акта судовага выканаўцы аб немагчымасці спагнання запазычанасці (абзац другі пункта 15 Палажэння).
 
Згодна з абзацам першым пункта 9.4 Пераліку дакументаў, па якіх спагнанне запазычанасці праводзіцца ў бясспрэчным парадку на падставе выканаўчых надпісаў органаў, якія ўчыняюць натарыяльныя дзеянні, зацверджанага пастановай Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 лістапада 1995 г. № 646 (у рэдакцыі пастаноў Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2000 г. № 86 і ад 11 кастрычніка 2000 г. № 1557), спагнанне запазычанасці па патрабаваннях органаў унутраных спраў праводзіцца на падставе дакументаў, якія ўстанаўліваюць запазычанасць па аплаце за ўтрыманне і харчаванне ў спецыяльным прыёмніку і ізалятары часовага ўтрымання (у адносінах да асоб, абавязаных да такой аплаты). Для атрымання выканаўчага надпісу прадстаўляецца копія рахунку на суму, якая належыць да аплаты даўжніком, з яго распіскай у атрыманні першага экзэмпляра гэтага рахунку.
 
Кошт утрымання і харчавання за кожныя суткі знаходжання асоб у спецпрыёмніку, паколькі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі, у цяперашні час устаноўлены, зыходзячы з прадпісанняў пунктаў 1 і 15 Палажэння, Мінскім гарадскім і адпаведнымі абласнымі выканаўчымі камітэтамі як органамі, правамоцнымі ва ўстаноўленым парадку ствараць, рэарганізоўваць і ліквідоўваць спецпрыёмнікі. У прыватнасці, памер спагнання грашовых сродкаў за суткі ўтрымання і харчавання ў аб’яднаным спецыяльным прыёмніку-размеркавальніку УУС Мінгарвыканкома з асоб, арыштаваных у адміністрацыйным парадку, устаноўлены рашэннем Мінгарвыканкома ад 7 верасня 1995 г. № 553. На практыцы ўстаноўлены памер прымяняецца і да асоб, адміністрацыйна затрыманых. Памеры платы, устаноўленыя аблвыканкомамі для спецпрыёмнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыях адпаведных абласцей, адрозніваюцца.
 
2. Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі, міжнародна-прававых актаў, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, крымінальна-выканаўчага і іншага заканадаўства, а таксама практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да наступных вывадаў.
 
Артыкулам 22 Асноўнага Закона прадугледжана роўнасць усіх перад законам і права ўсіх без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў. Канстытуцыяй дапускаецца абмежаванне правоў і свабод асобы, але толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, калі гэтага патрабуюць інтарэсы нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб (артыкул 23).
 
Дзяржава ў сілу патрабаванняў Канстытуцыі забяспечвае свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам (частка першая артыкула 25 Канстытуцыі). Пунктам 1 артыкула 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах прадугледжана, што ніхто не павінен быць пазбаўлены свабоды інакш, як на такіх падставах і ў адпаведнасці з такой працэдурай, якія ўстаноўлены законам.
 
У Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (у далейшым — КаАП) змяшчаюцца нормы, якія вызначаюць меры забеспячэння вядзення па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях, уключаючы адміністрацыйнае затрыманне (артыкулы 239—242), меры адміністрацыйнага спагнання, што могуць быць прыменены да асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае правапарушэнне, у тым ліку адміністрацыйны арышт (артыкулы 23, 31), а таксама вядзенне па выкананню пастановы аб адміністрацыйным арышце (артыкулы 304—306). Аднак у частцы ўрэгулявання канкрэтных пытанняў, што датычацца ўмоў утрымання затрыманых асоб, а таксама асоб, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, КаАП змяшчае адсылачныя нормы да іншых актаў заканадаўства.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў адпаведнасці з артыкулам 102 Крымінальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь, які ўведзены ў дзеянне з 1 студзеня 2001 г., з заработнай платы і іншых даходаў асуджаных да пазбаўлення волі, за выключэннем асуджаных, указаных у частцы шостай артыкула 94 дадзенага Кодэкса, робяцца вылічэнні для пакрыцця кошту харчавання, адзення і камунальна-бытавых паслуг, акрамя кошту спецыяльнага харчавання і спецыяльнага адзення. З асуджаных, якія ўхіляюцца ад работы, указаныя расходы вылічваюцца са сродкаў, якія маюцца на іх асабовых рахунках. Кошт харчавання, адзення і камунальна-бытавых паслуг пакрываецца штомесячна ў межах фактычных затрат, зробленых у дадзеным месяцы. Пры гэтым пакрыццё асуджанымі расходаў па іх утрыманню павінна ажыццяўляцца пасля вылічэння аліментаў, падаходнага падатку, адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва пры Міністэрстве сацыяльнай абароны і пры ўмове, што незалежна ад усіх вылічэнняў на асабовы рахунак асуджаных будзе залічвацца агавораная законам сума налічанай заработнай платы або іншых даходаў (адпаведна не менш як 25 і не больш як 50 працэнтаў у залежнасці ад катэгорый асуджаных і віду папраўчай установы). Аналагічны парадак змяшчаўся і ў раней дзеючым Папраўча-працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь (артыкул 42).
 
Такім чынам, калі ў адносінах да асуджаных за ўчыненне злачынстваў як грамадска небяспечных дзеянняў усе пытанні, што датычацца вылічэнняў, падстаў вызвалення ад вылічэнняў, гранічных сум, якія павінны заставацца на асабістых рахунках асуджаных (незалежна ад відаў і памераў вылічэнняў), урэгуляваны на ўзроўні закона, то ў адносінах да адмiнiстрацыйна затрыманых за ўчыненне правапарушэнняў, за якiя судом можа быць прыменена пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту (арыштаваных), пытанні вылічэнняў за ўтрыманне і харчаванне, заліку сум, заробленых арыштаванымі пры іх працавыкарыстанні, прымусовага спагнання кошту харчавання і ўтрымання вырашаюцца толькі падзаконнымі актамі, што не адпавядае палажэнням артыкулаў 22, 25, 26 і іншых Канстытуцыі, патрабаванням міжнародных стандартаў у адносінах да асоб, падвергнутых абмежаванню свабоды, і рэжыму іх утрымання, а таксама падыходам, устаноўленым у адносінах да асоб, якія ўчынілі злачынствы.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што заканадаўчаму ўрэгуляванню павінны падлягаць пытанні, што датычацца не толькі падстаў прымянення пазбаўлення або абмежавання волі, уключаючы адміністрацыйнае затрыманне і адміністрацыйны арышт, але і вызначэння асноўных умоў утрымання (рэжыму ўтрымання) асоб, якія падвергнуты дадзеным мерам.
 
3. Пунктам 15 Палажэння прадугледжана спагнанне кошту сродкаў на ўтрыманне і харчаванне як з асоб, падвергнутых судом адміністрацыйнаму арышту, так і з асоб, адміністрацыйна затрыманых за ўчыненне правапарушэнняў, за якія судом можа быць назначана спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, гэта значыць асоб, віна якіх яшчэ не ўстаноўлена пастановай суда, што ўступіла ў законную сілу. Таму на іх павінна распаўсюджвацца прэзумпцыя невінаватасці, з прычыны чаго рэжым утрымання павінен адпавядаць іх статусу неасуджаных асоб. Такі вывад Канстытуцыйны Суд робіць, грунтуючыся на артыкуле 26 Канстытуцыі, а таксама на нормах міжнародных актаў. Так, Збор прынцыпаў абароны ўсіх асоб, якія падвяргаюцца затрыманню або заключэнню ў якой бы там ні было форме, прыняты рэзалюцыяй 43/173 Генеральнай Асамблеі ААН ад 9 снежня 1988 г. выразна размяжоўвае паняцці “арышт”, “затрыманая асоба”, “зняволеная асоба”, “затрыманне”, “зняволенне”. Прынцыпам 8 указанага дакумента прадугледжана, што да затрыманых асоб прымяняецца рэжым, які адпавядае іх статусу неасуджаных асоб.
 
У адпаведнасці з артыкулам 11 дзеючага ў цяперашні час Палажэння аб парадку кароткачасовага затрымання асоб, якія падазраюцца ва ўчыненні злачынства, зацвержданага Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 13 ліпеня 1976 г., асобам, затрыманым па падазрэнню ва ўчыненні злачынства, прадастаўляюцца бясплатна па ўстаноўленых нормах харчаванне, спальнае месца і іншыя віды матэрыяльна-бытавога забеспячэння, а ў неабходных выпадках — адзенне і абутак па сезону. Згодна з артыкулам 11 Палажэння аб папярэднім узяцці пад варту ў Беларускай ССР, зацверджанага Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 9 красавіка 1970 г., асобам, узятым пад варту, прадастаўляюцца бясплатна па ўстаноўленых нормах харчаванне, iндывiдуальнае спальнае месца і іншыя віды матэрыяльна-бытавога забеспячэння. У неабходных выпадках ім выдаюцца адзенне і абутак устаноўленага ўзору.
 
У гэтай сувязі Канстытуцыйны Суд лічыць, што пункт 15 Палажэння ў частцы вылічэння кошту ўтрымання і харчавання з асоб, затрыманых па факту ўчынення  імі адміністрацыйнага правапарушэння, віна якіх судом яшчэ не ўстаноўлена, не адпавядае абзацу першаму пункта 9.4 Пераліку дакументаў, па якіх спагнанне запазычанасці праводзіцца ў бясспрэчным парадку на падставе выканаўчых надпісаў органаў, што ўчыняюць натарыяльныя дзеянні (у рэдакцыі пастаноў Савета Міністраў ад 27 студзеня 2000 г. № 86 і ад 11 кастрычніка 2000 г. № 1557). У адпаведнасці з указанай пастановай такое вылічэнне праводзіцца толькі ў адносінах да асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту. Такім чынам, з’яўляецца неправамерным вылічэнне кошту харчавання і ўтрымання з асоб, адміністрацыйна затрыманых, у тым ліку тых, у адносінах да якіх прыменены іншыя меры адмiнiстрацыйных спагнанняў (штраф, папраўчыя работы i iнш.).
 
4. Аналіз норм Палажэння, якія рэгулююць прыцягненне адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных да працы і парадак яе аплаты, а таксама існуючая практыка прымянення Палажэння ў гэтай частцы сведчаць аб неабходнасці ўпарадкавання прававога рэгулявання адносін у гэтай галіне.
 
Так, у адпаведнасці з артыкулам 306 КаАП асобы, падвергнутыя адміністрацыйнаму арышту за правапарушэнні, пералічаныя ва ўказаным артыкуле, выкарыстоўваюцца на фізічных работах. Згодна з пунктамі 36 і 37 Палажэння прыцягненне адміністрацыйна арыштаваных да працы ажыццяўляецца з іх згоды адміністрацыяй спецустановы праз мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, якія вызначаюць пералік прадпрыемстваў, арганізацый, дзе арыштаваныя могуць быць працавыкарыстаны па заяўках іх кіраўнікоў. Аплата працы асоб, якія выкарыстоўваюцца на работах з прыцягненнем да фізічнай працы, праводзіцца згодна з дагаворам, заключаным з гаспадарчымі арганізацыямі, за фактычна выкананы аб’ём работы па нормах і расцэнках, што дзейнічаюць у адпаведных галінах гаспадаркі, або па пачасовых, пагадзінных тарыфных стаўках у адпаведнасці з заканада˜ўствам. Канстытуцыйны Суд адзначае, у прыватнасці, што ў Палажэнні не ўрэгуляваны пытанні, звязаныя з выкарыстаннем адміністрацыйна арыштаваных на бясплатных работах, хаця на практыцы гэта мае месца.
 
5. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ў цяперашні час у адпаведнасці з артыкулам 305 КаАП тэрмін адміністрацыйнага затрымання залічваецца толькі ў тэрмін адміністрацыйнага арышту. У той жа час закон не выключае магчымасці прымянення да адміністрацыйна затрыманай асобы іншых мер адміністрацыйнага спагнання — напрыклад, папраўчых работ, штрафу. Больш таго, санкцыі асобных артыкулаў КаАП, якія дапускаюць згодна з часткай трэцяй артыкула 242 КаАП адміністрацыйнае затрыманне фактычна на тэрмін да разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні (у прыватнасці, артыкул 148 КаАП “Гандаль у неўстаноўленых месцах”), не прадугледжваюць адміністрацыйны арышт у якасці меры адміністрацыйнага спагнання за ўчыненае правапарушэнне.
 
Крымінальным заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь прадугледжваюцца правілы заліку часу папярэдняга заключэння ў тэрмін пакарання (артыкул 75 Крымінальнага кодэкса).
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, падобныя падыходы маглі б мець месца і пры рэгуляванні пытанняў назначэння адміністрацыйных спагнанняў.
 
6. Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на неабходнасць выкарыстання больш карэктных назваў устаноў, прызначаных для ўтрымання адміністрацыйна затрыманых і адмiнiстрацыйна арыштаваных. Выкарыстанне тэрмiна “спецпрыёмнiк” Канстытуцыйны Суд лічыць непрымальным.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, часткай чацвёртай артыкула 122 Канстытуцыі, артыкуламі 1, 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць дапушчальным спагнанне з асоб, што ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні, да якіх прыменена мера адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, сродкаў на іх утрыманне і харчаванне.
 
2. Адзначыць, што прадугледжанае пунктам 15 Палажэння аб спецыяльных прыёмніках пры органах унутраных спраў, зацверджанага загадам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублiкi Беларусь ад 18 кастрычніка 1999 г. № 206, вылічэнне кошту ўтрымання і харчавання як з асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту, так і з асоб, затрыманых за ўчыненне правапарушэнняў, за якія судом можа быць прыменена спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, не адпавядае пастанове Кабінета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 лістапада 1995 г. № 646 (у рэдакцыі пастаноў Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 студзеня 2000 г. № 86 і ад 11 кастрычніка 2000 г. № 1557), што дапускае прымусовае вылічэнне кошту ўтрымання і харчавання толькі з асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту.
 
Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублiкi Беларусь у тэрмін да 1 студзеня 2002 г. устараніць існуючыя супярэчнасці паміж названымі актамі Міністэрства ўнутраных спраў і Урада, а таксама разгледзець пытанне аб перайменаванні спецустаноў (спецпрыёмнікаў) пры органах унутраных спраў у мэтах выкарыстання больш карэктнай назвы, якая адпаведае сучаснаму ўзроўню прававой культуры і правасвядомасці.
 
3. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь прыняць меры па далейшаму ўдасканальванню заканадаўчага рэгулявання адносiн, звязаных з адміністрацыйным затрыманнем, рэжымам утрымання асоб у спецыяльных прыёмніках пры органах унутраных спраў (ізалятарах часовага ўтрымання). Пры гэтым не выключаецца магчымасць пры вызначэнні прававога становiшча ўказаных асоб выкарыстання падыходаў, замацаваных у крымінальна-выканаўчым заканадаўстве.
 
4. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
5. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                Р.А. Васiлевiч