Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
13 чэрвеня 2001 г. № Р-119/2001
Аб парадку бясплатнага цi на льготных умовах водпуску лекавых сродкаў грамадзянам па рэцэптах урачоў лячэбна-прафілактычных устаноў ведамаснай прыналежнасці
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намесніка Старшыні Марыскіна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенік К.І., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Філіпчык Р.І., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. разгледзеў на падставе артыкулаў 40, 59, часткі першай артыкула 116 і часткі першай артыкула 125 Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь зварот Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь адносна пазіцыі Канстытуцыйнага Суда па пытаннях, якія датычацца водпуску лекавых сродкаў аптэчнымі ўстановамі і прадпрыемствамі сістэмы Міністэрства аховы здароўя па рэцэптах урачоў лячэбна-прафілактычных устаноў ведамаснай прыналежнасці.
 
У звароце ўказваецца, што ў сувязі з увядзеннем Міністэрствам аховы здароўя водпуску лекавых сродкаў па рэцэптах урачоў лячэбна-прафілактычных устаноў ведамаснай прыналежнасці дзяржаўнымі аптэчнымі ўстановамі і прадпрыемствамі сістэмы Міністэрства аховы здароўя на дагаворных пачатках маюць месца выпадкі адмовы ў водпуску лекавых сродкаў указанымi аптэчнымi ўстановамi i прадпрыемствамi ў выпадках, калi рэцэпты на бясплатнае або льготнае атрыманне лякарстваў выпісаны ўрачамі ведамасных паліклінік. У прыватнасці, з-за невыканання дагаворных абавязацельстваў ваенна-медыцынскай службай Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублiкi Беларусь па аплаце кошту лекавых сродкаў, адпушчаных па бясплатных і льготных рэцэптах паліклінікі КДБ, рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства “Белфармацыя” спыніла водпуск лекавых сродкаў грамадзянам да пагашэння запазычанасці.
 
Па меркаванню Генеральнага пракурора, такія дзеянні з’яўляюцца неправамернымі, паколькі ўшчамляюць правы інвалідаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, іншых асоб, прыраўнаваных да іх па льготах, якім бясплатнае атрыманне лекавых сродкаў па рэцэптах урачоў гарантавана дзеючым заканадаўствам.
 
У сваім адказе на скаргу інваліда Вялікай Айчыннай вайны па пытанню адмовы яму ў водпуску аптэчнымі ўстановамі сістэмы Міністэрства аховы здароўя лекавых сродкаў па рэцэптах паліклінікі КДБ Міністэрства аховы здароўя спаслалася на права аптэчных устан ажыццяўляць бясплатны водпуск лекавых сродкаў ваеннаслужачым, асобам, звольненым з ваеннай службы, членам іх сем’яў, інвалідам з ліку ваеннаслужачых органаў КДБ, у тым ліку інвалідам Вялікай Айчыннай вайны, на падставе дагавораў, заключаных медыцынскімі ўстановамі КДБ з аптэчнымі ўстановамі і прадпрыемствамі сістэмы Міністэрства аховы здароўя, па рэцэптах, выпісаных гэтымі ўстановамі, пры адсутнасці неабходных лекавых сродкаў у аптэках КДБ цi ў выпадках выдачы льготных рэцэптаў гэтай катэгорыі насельніцтва лячебна-прафілактычнымі ўстановамі сістэмы Міністэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь. Пры гэтым Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што, паколькі дагавор з РУП “Белфармацыя” на водпуск лекавых сродкаў бясплатна па рэцэптах паліклінікі КДБ ваенна-медыцынскай службай КДБ на 2001 г. не заключаны, гэта не дазваляе аднавіць водпуск лекавых сродкаў грамадзянам пералічанай вышэй катэгорыі аптэчнымі ўстановамі і прадпрыемствамі Міністэрства аховы здароўя. Міністэрства аховы здароўя лічыць, што ў дадзенай сітуацыі дзеяннямі работнікаў дзяржаўных аптэчных устаноў і прадпрыемстваў і кіраўніцтва РУП “Белфармацыя” правы ўказанай катэгорыі грамадзян не ўшчамляюцца, паколькі іх лекавае забеспячэнне і медыцынскае абслугоўванне парушаюцца медыцынскай службай КДБ, якая нясе за гэта адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
 
Прааналізаваўшы нормы Канстытуцыі, Закона “Аб ахове здароўя”, іншых нарматыўных актаў, якія рэгулююць пытанні забеспячэння грамадзян лекавымі сродкамі, а таксама практыку іх прымянення, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
 
Парадак медыцынскага забеспячэння ваеннаслужачых, асоб, звольненых з ваеннай службы, членаў іх сем’яў, iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны i iнвалiдаў з лiку ваеннаслужачых вызначаецца Палажэннем аб медыцынскiм i санаторна-курортным забеспячэннi ваеннаслужачых, асоб, звольненых з ваеннай службы, членаў iх сем¢яў, інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і інвалідаў з ліку ваеннаслужачых, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублiкi Беларусь ад 2 снежня 1993 г. № 814 “Аб медыцынскім і санаторна-курортным забеспячэнні ваеннаслужачых, асоб, звольненых з ваеннай службы, членаў іх сем’яў, інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і інвалідаў з ліку ваеннаслужачых”, з наступнымі змяненнямі і дапаўненнямі (далей — Палажэнне).
 
У адпаведнасці з пунктам 29 Палажэння асобы, указаныя ў пунктах 3 і 4 Палажэння, маюць права на бясплатнае атрыманне лекавых прэпаратаў за кошт сродкаў Міністэрства абароны, Міністэрства ўнутраных спраў, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнага камітэта пагранічных войск, Службы бяспекі Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь у парадку, устаноўленым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь.
 
Згодна з пунктам 30 Палажэння бясплатны водпуск лекавых сродкаў ажыццяўляецца з аптэк ваенна-медыцынскіх устаноў, а таксама з аптэк Міністэрства аховы здароўя з далейшым прадстаўленнем рахункаў на аплату кошту лякарстваў у ваенна-медыцынскія ўстановы, якія выпісалі рэцэпт. Рэцэпты на бясплатнае атрыманне лякарстваў выпісваюцца на спецыяльных бланках урачамi ваенна-медыцынскiх устаноў, а ў населеных пунктах, дзе няма ваенна-медыцынскiх устаноў, — урачамi цэнтральных раённых палiклiнiк.
 
Аплата кошту лякарстваў, выдадзеных аптэкамі Міністэрства аховы здароўя бясплатна, ажыццяўляецца медыцынскімі службамі дзяржаўных органаў, якія маюць воінскія фармiраваннi, што ўтвараюцца ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам (пункт 32 Палажэння).
 
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 2 снежня 1993 г. № 814 Камітэт дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства аховы здароўя сумесным загадам ад 29 верасня 1994 г. № 107/218 “Аб забеспячэнні лекавымі сродкамі ваеннаслужачых, асоб, звольненых з ваеннай службы, членаў іх сем’яў, інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і інвалідаў з ліку ваеннаслужачых органаў Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублiкi Беларусь” прадпісалі генеральным дырэктарам вытворчых аб’яднанняў “Фармацыя” забяспечыць водпуск лекавых сродкаў з аптэк Міністэрства аховы здароўя па бясплатных рэцэптах, выдадзеных лячэбна-прафілактычнымі ўстановамі КДБ і Міністерства аховы здароўя, пры іх адсутнасці ў аптэках КДБ; штомесячна прадстаўляць у ваенна-медыцынскую службу КДБ і ўпраўленні КДБ па абласцях, урачы ваенна-медыцынскіх служб якіх выпісалі рэцэпты на бясплатны водпуск лекавых сродкаў, рэестры для аплаты іх кошту. У тых выпадках, калі рэестры выпісаны ў лячэбна-прафілактычных установах Міністэрства аховы здароўя, рэестры для аплаты неабходна прадстаўляць у ваенна-медыцынскую службу КДБ і ўпраўленні КДБ па абласцях згодна з пералікам, выкладзеным у дадатку № 2 да дадзенага загаду. Начальніку фінансава-эканамічнага аддзела КДБ прадпісана прадугледзець выдзяленне ваенна-медыцынскай службе КДБ, ваенна-медыцынскім службам упраўленняў КДБ па абласцях грашовых сродкаў для аплаты кошту лекавых сродкаў, якія адпускаюцца па бясплатных рэцэптах (пункты 3 — 5 загаду).
 
Аналагічныя нормы змяшчаюцца таксама ў сумесным загадзе Міністра абароны і Міністра аховы здароўя ад 20 красавіка 1994 г. № 154/88 “Аб забеспячэнні лекавымі сродкамі ваеннаслужачых, асоб, звольненых з ваеннай службы, членаў іх сем’яў, інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны і інвалідаў з ліку ваеннаслужачых”.
 
Загадам Міністэрства аховы здароўя ад 1 лістапада 1994 г. № 238 генеральным дырэктарам вытворчых аб’яднанняў “Фармацыя” прадпісвалася забяспечыць бясплатны водпуск лекавых сродкаў інвалідам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, а таксама асобам, прыраўнаваным да іх па льготах, па рэцэптах урачоў пры амбулаторным лячэнні ў любой аптэцы незалежна ад таго, дзе выпісаны рэцэпт урачамі лячэбна-прафілактычных устаноў, размешчаных на тэрыторыі Рэспублiкi Беларусь (дадзены загад прызнаны страціўшым сілу пастановай Міністэрства аховы здароўя ад 6 снежня 2000 г. № 53).
 
Між тым на практыцы адносіны паміж лячэбна-прафілактычнымі ўстановамі ведамаснай прыналежнасці і аптэчнымі ўстановамі і прадпрыемствамі сістэмы Міністэрства аховы здароўя пачалі афармляцца адпаведнымі дагаворамі, у якіх вызначаліся канкрэтныя ўмовы разлікаў за адпускаемыя грамадзянам бясплатна або на льготных умовах лекавыя сродкі, што адрозніваюцца ад парадку, устаноўленага Урадам.
 
Так, у пункце 2 дагавора № 10/КДБ ад 1 студзеня 2000 г. на водпуск і аплату кошту лекавых сродкаў, адпушчаных насельніцтву на льготных умовах і бясплатна, заключанага ваенна-медыцынскай службай КДБ і БелРВП “Фармацыя” прадугледжвалася, што ваенна-медыцынская служба КДБ робіць авансавы плацеж 5 і 15 чысла аплачваемага месяца, а канчатковы разлік праводзіцца 25 чысла на падставе рэестра формы АП-9 (пункт 2.1). Кошт лекавых сродкаў, адпушчаных насельніцтву пасля 25 чысла, уключаецца ў зводную ведамасць месяца, наступнага за справаздачным (пункт 2.2). Зверка ўзаемаразлікаў праводзіцца штомесячна не пазней 5 чысла наступнага месяца (пункт 2.3). У пункце 4.1 дагавора прадугледжвалася, што ў выпадку, калi ваенна-медыцынская служба КДБ на працягу месяца не ажыццяўляе аплату згодна з пунктам 2.1 дагавора, БелРВП “Фармацыя” мае права спыніць водпуск тавару па бясплатных і льготных рэцэптах.
 
Такім чынам, права інвалідаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, іншых асоб, прыраўнаваных да іх па льготах, на бясплатнае атрыманне лекавых сродкаў у аптэчных установах і на прадпрыемствах Міністэрства аховы здароўя па рэцэптах урачоў ведамаснай паліклінікі было пастаўлена ў залежнасць ад фактычнай аплаты кошту лякарстваў.
 
Усталяваны парадак бясплатнага цi льготнага водпуску лекавых сродкаў аптэчнымі ўстановамі і прадпрыемствамі Міністэрства аховы здароўя па рэцэптах урачоў ведамасных лячэбна-прафілактычных устаноў працягвае дзейнічаць, аб чым сведчыць, у прыватнасці, пісьмо РУП “Белфармацыя” ад 21 лістапада 2000 г. № 12-03/2448 на адрас ваенна-медыцынскай службы КДБ, у якім паведамляецца, што РУП “Белфармацыя” пераходзіць з 1 студзеня 2001 г. на разлікі планавымі плацяжамі і што ў выпадку непагашэння наяўнай запазычанасці па льготных рэцэптах дагавор на 2001 г. заключацца не будзе і водпуск медыкаментаў па льготных рэцэптах паліклінікі КДБ будзе спынены. Па наяўных звестках, такі дагавор на 2001 г. не заключаны.
 
Канстытуцыйны Суд лічыць, што, замацаваўшы заканадаўча права інвалідаў, удзельнікаЉў Вялікай Айчыннай вайны, іншых асоб, прыраўнаваных да іх па льготах, на бясплатнае атрыманне лекавых сродкаў, дзяржава абавязана ў сілу патрабаванняў артыкулаў 21 і 59 Канстытуцыі забяспечыць магчымасць рэалізацыі гэтага права, дзейснасць абвешчанага Канстытуцыяй прынцыпу, што чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі з’яўляюцца найвышэйшай каштоўнасцю і мэтай грамадства і дзяржавы (артыкул 2). Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь з’яўляецца найвышэйшай мэтай дзяржавы. Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы.
 
Так, артыкулам 45 Канстытуцыі грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне ў дзяржаўных установах аховы здароўя. Дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання.
 
У сілу прадпісанняў артыкула 47 Канстытуцыі дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў.
 
Канвенцыяй СНД аб правах і асноўных свабодах чалавека ад 26 мая 1995 г. (уступіла ў сілу з 11 жніўня 1998 г. пасля здачы Рэспублiкай Беларусь паведамлення, якое пацвярджае выкананне ёю неабходных унутрыдзяржаўных працэдур) прадугледжана, што ў мэтах забеспячэння эфектыўнага ажыццяўлення права на ахову здароўя Дагаворныя Бакi абавязваюцца, непасрэдна або ў супрацоўніцтве з дзяржаўнымі цi прыватнымі арганізацыямі, прадпрымаць адпаведныя меры, накіраваныя, у прыватнасці, на ўстараненне ў максімальна магчымай ступені прычын пагаршэння здароўя (пункт “а” артыкула 15).
 
Вызначаючы асаблівасці рэалізацыі і абароны якіх-небудзь правоў і свабод грамадзян, дзяржаўныя органы, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, у сілу патрабаванняў артыкула 59 Канстытуцыі павінны зыходзіць з ацэнкі значнасці таго або іншага права ў агульнай сістэме правоў і свабод, прытрымліваючыся такога збалансаванага падыходу, каб меры, што прымаюцца гэтымі органамі, службовымі асобамі, былi накіраваны на максімальна поўнае ажыццяўленне правоў грамадзян, гарантаваных дзяржавай, асабліва тых, якім надаецца прыярытэтнае значэнне.
 
З улікам выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што ўстаноўлены Палажэннем парадак забеспячэння лекавымі сродкамі ваеннаслужачых, асоб, звольненых з ваеннай службы, членаў іх сем’яў, інвалідаў Вялiкай Айчыннай вайны, інвалідаў з ліку ваеннаслужачых, пры якім бясплатны водпуск лекавых сродкаў з аптэчных устаноў і прадпрыемстваў Міністэрства аховы здароўя павінен ажыццяўляцца з далейшым прадстаўленнем рахункаў на аплату кошту лекавых сродкаў у ваенна-медыцынскія ўстановы, што выпісалі рэцэпт, адпавядае палажэнням Канстытуцыі, яе прынцыпам і нормам як накіраваны на прыярытэтную абарону найбольш важных ахоўваемых Канстытуцыяй і законамі Рэспублiкi Беларусь каштоўнасцей, у ліку якіх жыццё і здароўе чалавека займаюць прыярытэтнае значэнне.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, ва ўмовах рыначнай эканомікі дагаворы з’яўляюцца асноўнай прававой формай, якая вызначае адносіны бакоў па ўстанаўленню, змяненню цi спыненню грамадзянскіх правоў і абавязкаў. Яны дазваляюць максімальным чынам забяспечыць належнае выкананне ўзятых на сябе бакамі абавязацельстваў, абараніць свае правы і законныя інтарэсы пры парушэнні ўмоў дагавора. Аднак вызначэнне гэтых умоў, вынікі іх невыканання не павінны парушаць патрабаванняў дзеючага заканадаўства, гарантаваных дзяржавай правоў адпаведных катэгорый грамадзян на бясплатнае цi льготнае атрыманне лекавых сродкаў.
 
У адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 2 Грамадзянскага кодэкса ўдзельнікі грамадзянскіх праваадносін набываюць і ажыццяўляюць свае грамадзянскія правы сваёй воляй і ў сваіх інтарэсах. Яны свабодныя ва ўстанаўленні сваiх правоў і абавязкаў на аснове дагавора і ў вызначэнні любых умоў дагавора, якія не супярэчаць заканадаўству. Разам з тым у сілу прадпісанняў пункта 1 артыкула 392 Грамадзянскага кодэкса дагавор павінен адпавядаць абавязковым для бакоў правілам, устаноўленым заканадаўствам.
 
Артыкул 3 Грамадзянскага кодэкса ўключае ў грамадзянскае заканадаўства акты міністэрстваў, якія змяшчаюць нормы грамадзянскага права, пры ўмове, што яны выдадзены ў выпадках і межах, прадугледжаных заканадаўчымі актамі, распараджэннямі Прэзідэнта Рэспублiкi Беларусь і пастановамі Урада Рэспублiкi Беларусь. У выпадку калізіі (разыходжання) актаў грамадзянскага заканадаўства прымяняюцца правілы, прадугледжаныя дадзеным артыкулам, а таксама ўстаноўленыя Законам “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь”. Артыкулам 10 указанага Закона прадугледжана, у прыватнасцi, што пастановы Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь маюць большую юрыдычную сiлу, чым нарматыўныя прававыя акты мiнiстэрстваў.
 
У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ўсталяваны парадак бясплатнага цi льготнага водпуску лекавых сродкаў аптэчнымi ўстановамi i прадпрыемствамi Мiнiстэрства аховы здароўя па рэцэптах урачоў ведамасных лячэбна-прафiлактычных устаноў не адпавядае пунктам 29 — 32 Палажэння, паколькi iм парушаюцца правы грамадзян, прадугледжаныя заканадаўствам, перш за ўсё правы iнвалiдаў, удзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны, iншых катэгорый грамадзян, прадастаўленыя iм законамi “Аб ветэранах”, “Аб сацыяльнай абароне iнвалiдаў у Рэспублiцы Беларусь”, “Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпеўшых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС” i iншымi, i таму ў сiлу артыкулаў 21 i 59 Канстытуцыi гарантаваныя дзяржавай.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае таксама ўвагу на пастанову Мiнiстэрства аховы здароўя ад 5 верасня 2000 г. № 39 “Аб паляпшэннi арганiзацыi медыцынскага, лекавага i санаторна-курортнага забеспячэння iнвалiдаў i ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны i асоб, прыраўнаваных да iх па льготах”, што зацвердзiла Палажэнне аб парадку водпуску лекавых сродкаў для амбулаторнага лячэння iнвалiдаў i ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны i асоб, прыраўнаваных да iх па льготах, пунктам 4 якога прадугледжана, што водпуск лекавых сродкаў i вырабаў медыцынскага прызначэння дадзенай катэгорыi грамадзян ажыццяўляецца ў колькасцi, не перавышаючай указаную ў рэцэпце, пры прад’яўленнi дакумента, якi пацвярджае права на бясплатнае атрыманне, у любой дзяржаўнай аптэцы незалежна ад месца знаходжання лячэбна-прафiлактычнай установы сiстэмы Мiнiстэрства аховы здароўя Рэспублiкi Беларусь, што выпiсала рэцэпт. Такiм чынам, водпуск лякарстваў па рэцэптах урачоў ведамасных лячэбна-прафiлактычных устаноў дадзеным Палажэннем не прадугледжаны, хаця ўказаны прабел у пэўнай ступенi дапоўнены пунктам 7 Правiл водпуску лекавых сродкаў з аптэчных устаноў i прадпрыемстваў, зацверджаных пастановай Мiнiстэрства аховы здароўя ад 6 снежня 2000 г. № 53.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, паколькi Палажэнне аб парадку водпуску лекавых сродкаў для амбулаторнага лячэння iнвалiдаў i ўдзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны i асоб, прыраўнаваных да iх па льготах, носiць комплексны характар i датычыцца водпуску лекавых сродкаў указаным катэгорыям грамадзян не толькi лячэбна-прафiлактычнымi ўстановамi сiстэмы Мiнiстэрства аховы здароўя, парадак iх забеспячэння лекавымi сродкамi па рэцэптах урачоў ведамасных лячэбна-прафiлактычных устаноў таксама павiнен быць прадугледжаны ва ўказаным Палажэннi.
 
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкуламi 40, 59, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі, артыкуламі 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць, што зацверджанае пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 2 снежня 1993 г. № 814 Палажэнне аб медыцынскiм i санаторна-курортным забеспячэннi ваеннаслужачых, асоб, звольненых з ваеннай службы, членаў iх сем’яў, iнвалiдаў Вялiкай Айчыннай вайны i iнвалiдаў з лiку ваеннаслужачых, якое прадугледжвае бясплатны водпуск лекавых сродкаў указаным катэгорыям грамадзян з аптэк Мiнiстэрства аховы здароўя з далейшым прадстаўленнем рахункаў на аплату кошту лекавых сродкаў у ваенна-медыцынскiя ўстановы, што выпiсалi рэцэпт, адпавядае Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь як накiраванае на забеспячэнне правоў грамадзян Рэспублiкi Беларусь, якiя маюць прыярытэтнае значэнне i з’яўляюцца найвышэйшай мэтай дзяржавы.
 
У гэтай сувязi адзначыць, што ўсталяваны на практыцы парадак, пры якiм забеспячэнне iнвалiдаў, удзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны, iншых асоб, прыраўнаваных да iх па льготах, лекавымi сродкамi бясплатна або на льготных умовах па рэцэптах урачоў лячэбна-прафiлактычных устаноў ведамаснай прыналежнасцi ставiцца ў залежнасць ад заключэння дагавораў з аптэчнымi ўстановамi i прадпрыемствамi сiстэмы Мiнiстэрства аховы здароўя i выканання дагаворных абавязацельстваў ведамаснымi ваенна-медыцынскiмi службамi, не адпавядае прадпiсанням пункта 30 указанага Палажэння.
 
2. Прапанаваць Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняць меры, накiраваныя на ўдасканальванне ўсталяванага парадку выдачы лекавых сродкаў iнвалiдам, удзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны, iншым асобам, прыраўнаваным да iх па льготах, маючы на ўвазе як забеспячэнне гарантаваных дзяржавай правоў гэтых грамадзян, так i абарону законных iнтарэсаў аптэчных устаноў i прадпрыемстваў сiстэмы Мiнiстэрства аховы здароўя, якiя ажыццяўляюць водпуск лекавых сродкаў iнвалiдам, удзельнiкам Вялiкай Айчыннай вайны, iншым прыраўнаваным да iх па льготах асобам па бясплатных або льготных рэцэптах урачоў лячэбна-прафiлактычных устаноў ведамаснай прыналежнасцi (пры iх адсутнасцi ў ведамасных аптэчных установах).
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
 
4. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                                                             Р.А. Васілевіч