Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
25 красавіка 2001 г. № Р-115/2001
25 красавіка 2001 г. № Р-115/2001
Аб адпаведнасці Канстытуцыі артыкула 37 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і практыкі яго прымянення
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б. на падставе артыкула 40, часткi першай артыкула 116, артыкула 125 Канстытуцыi, артыкулаў 7 і 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкула 35 Закона “Аб Пракуратуры Рэспублiкi Беларусь” разгледзеў зварот Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь аб неадпаведнасці Канстытуцыі судовай практыкі па прымяненню артыкула 37 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей — КаАП) пры разглядзе спраў аб мытных правапарушэннях.
У звароце Генеральнага пракурора ўказваецца, што ў Пракуратуру Рэспублікі Беларусь пастаянна паступаюць прадстаўленні пракурораў абласцей і начальнікаў мытняў аб прынясенні пратэстаў у парадку нагляду на судовыя пастановы па справах аб адміністрацыйных мытных правапарушэннях у сувязі са спыненнем судамі вядзення па іх. У многіх выпадках устанаўліваецца, што ўказаныя пастановы судоў вынесены з парушэннем патрабаванняў заканадаўства і таму яны павінны быць адменены. Аднак пратэсты пракурораў на такія пастановы судамі часта не задавальняюцца са спасылкай на заканчэнне тэрмінаў, прадугледжаных часткай першай артыкула 37 КаАП. Па меркаванню Генеральнага пракурора, склалася памылковая судовая практыка, якая выключае магчымасць адмены і перагляду судовых пастаноў аб спыненні вядзення па справах аб адміністрацыйных мытных правапарушэннях насуперак патрабаванням часткі трэцяй артыкула 37 КаАП.
Згодна з артыкулам 1 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” Канстытуцыйны Суд заснаваны для забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі, яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі рэспублікі, зацвярджэння законнасці ў праватворчасці і правапрымяненні. У сілу патрабаванняў часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных актаў ажыццяўляецца Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь.
Пры праверцы норм КаАП Канстытуцыйны Суд у адпаведнасці з артыкулам 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь” меў на ўвазе як літаральны іх сэнс, так і сэнс, што надаецца ім практыкай прымянення.
Прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі, КаАП, вывучыўшы наяўныя матэрыялы, у тым ліку аб судовай практыцы па справах аб адміністрацыйных мытных правапарушэннях, Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
У артыкуле 37 КаАП вызначаюцца тэрміны накладання адміністрацыйнага спагнання.
Адміністрацыйнае спагнанне можа быць накладзена не пазней двух месяцаў з дня ўчынення правапарушэння, а пры працяглым правапарушэнні — двух месяцаў з дня яго выяўлення.
У выпадку адмовы ў завядзенні крымінальнай справы або спынення крымінальнай справы, але пры наяўнасці ў дзеяннях парушальніка прымет адміністрацыйнага правапарушэння адміністрацыйнае спагнанне можа быць накладзена не пазней месяца з дня прыняцця рашэння аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы або аб яе спыненні.
Указаныя ў дадзеным артыкуле тэрміны не распаўсюджваюцца на выпадкі канфіскацыі рэчаў, якія зґяўляюцца непасрэднымі абґектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення. Канфіскацыя такіх рэчаў і прадметаў праводзіцца незалежна ад часу ўчынення або выяўлення адміністрацыйнага правапарушэння.
Аналiз паступiўшых матэрыялаў паказвае, што практыка судоў па справах аб адмiнiстрацыйных мытных правапарушэннях у частцы захавання ўстаноўленых у артыкуле 37 КаАП тэрмiнаў i прымянення мер адмiнiстрацыйнага спагнання не зґяўляецца аднастайнай.
Згодна з пунктам 111 пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 20 верасня 1990 г. № 7 “Аб практыцы разгляду судамi Рэспублiкi Беларусь скарг на дзеяннi органаў i службовых асоб у сувязi з накладаннем адмiнiстрацыйных спагнанняў” (з далейшымi змяненнямi i дапаўненнямi), “калi пры накладаннi адмiнiстрацыйнага спагнання былi захаваны тэрмiны, устаноўленыя артыкулам 37 КаАП, то гэтыя тэрмiны не прымяняюцца пры новым разглядзе адмiнiстрацыйнай справы пасля адмены пастановы, за выключэннем адмены пастановы i накiравання справы на новы разгляд у сувязi з тым, што пастанова вынесена органам (службовай асобай), неправамоцным вырашаць дадзеную справу (пункт 4 часткi першай артыкула 273 КаАП)”.
Нягледзячы на гэта, у адных выпадках, пры прыцягненнi асоб да адказнасцi за адмiнiстрацыйнае мытнае правапарушэнне, суды кiруюцца выключна часткай першай артыкула 37 КаАП, гэта значыць зыходзяць з таго, што адмiнiстрацыйнае спагнанне можа быць накладзена не пазней двух месяцаў з дня ўчынення правапарушэння, а пры працяглым правапарушэннi — двух месяцаў з дня яго выяўлення.
У другiх выпадках, пры спыненнi вядзення па справе ў межах двухмесячнага тэрмiну (у тым лiку i ў апошнiя днi гэтага тэрмiну), пратэсты пракурораў, прынесеныя пасля заканчэння двухмесячнага тэрмiну, судамi не задавальняюцца са спасылкай на частку першую артыкула 37 i пункт 7 артыкула 227 КаАП нават пры наяўнасцi важкiх аргументаў з боку пракурора аб яўнай незаконнасцi вынесенай пастановы. Пры гэтым, насуперак патрабаванням часткi трэцяй артыкула 37 КаАП, судамi не разглядаецца i пытанне аб магчымасцi канфiскацыi рэчаў i прадметаў.
Ёсць таксама выпадкi, калi суды, кiруючыся часткай трэцяй артыкула 37 КаАП, разглядаюць справы аб адмiнiстрацыйных мытных правапарушэннях i пры ўстанаўленнi факта правапарушэння прымяняюць канфiскацыю пасля заканчэння двухмесячнага тэрмiну, прадугледжанага часткай першай артыкула 37 КаАП.
Паказальнымi ў гэтых адносiнах зґяўляюцца наступныя справы.
Так, грамадзянiн Л., прыцягнуты да адмiнiстрацыйнай адказнасцi пастановай суддзi суда г. Пiнска ад 17 кастрычнiка 1997 г. на падставе часткi першай артыкула 193-2 КаАП, быў падвергнуты штрафу з канфiскацыяй рэчаў за тое, што ён 18 жнiўня 1997 г. на ППМА “Невель” Пiнскай мытнi ўтаiў ад мытнага афармлення шляхам непаведамлення ў мытнай дэкларацыi аб перамяшчаемых рэчах тавары турэцкай вытворчасцi, пералiчаныя ў вопiсе. Папярэдняя ацэнка кошту перамяшчаемых рэчаў у колькасцi 117 баулаў склала 4 088 680 000 рублёў, або каля 150 тысяч долараў ЗША па афiцыйнаму курсу Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь (на дату канфiскацыi рэчаў).
Старшынёй Брэсцкага абласнога суда 4 снежня 1997 г. скарга грамадзянiна Л. была пакiнута без задавальнення.
У далейшым указаныя пастановы судоў былi адменены Вярхоўным Судом i справа разглядалася на працягу доўгага часу рознымi судовымi iнстанцыямi. Па справе было вынесена 11 пастаноў як аб прызнаннi законнасцi прыцягнення да адказнасцi, так i аб вызваленнi ад яе.
4 сакавiка 1999 г. пастановай Старшынi Вярхоўнага Суда пратэст намеснiка Генеральнага пракурора па адмiнiстрацыйнай справе грамадзянiна Л. быў пакiнуты без задавальнення са спасылкай на заканчэнне ўстаноўленага артыкулам 37 КаАП двухмесячнага тэрмiну. Канфiскаваны тавар быў вернуты ўладальнiку.
Пастановай суддзi суда г. Мазыра на падставе артыкула 193-6 КаАП грамадзянiн Ц. быў падвергнуты штрафу з канфiскацыяй аўтамабiля за перамяшчэнне 7 красавiка 1999 г. транспартнага сродку праз гранiцу без мытнага афармлення. Старшынёй Вярхоўнага Суда 20 лiпеня 2000 г. указаная пастанова была адменена i справа спынена ў адпаведнасцi з часткай першай артыкула 37 КаАП у сувязi з заканчэннем двухмесячнага тэрмiну з дня ўчынення правапарушэння (Судовы веснiк. 2001. № 1).
Пастановай старшынi Гродзенскага абласнога суда ад 16 лютага 2001 г. па пратэсту намеснiка пракурора Гродзенскай вобласцi адменена пастанова суддзi Ашмянскага раёна ад 9 лiстапада 2000 г., якой было спынена вядзенне па адмiнiстрацыйнай справе ў адносiнах да грамадзянiна Л., якi прыцягваўся да адмiнiстрацыйнай адказнасцi па частцы першай артыкула 193-9 КаАП за недакладнае дэклараванне перамяшчаемай валюты. У сваёй пастанове старшыня Гродзенскага абласнога суда адзначыў, што заканчэнне двухмесячнага тэрмiну з дня ўчынення злачынства не зґяўляецца перашкодай для адмены дадзенай пастановы суддзi, паколькi санкцыя ўказанага артыкула прадугледжвае магчымасць канфіскацыі рэчаў, якія зґяўляюцца непасрэднымі абґектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, i ў сiлу часткi трэцяй артыкула 37 КаАП гэта не выключае магчымасць далейшага вядзення па справе i пасля заканчэння ўказанага двухмесячнага тэрмiну з дня ўчынення правапарушэння.
У сувязi з выкладзеным Канстытуцыйны Суд лiчыць, што практыка судоў па разгляду спраў аб адмiнiстрацыйных мытных правапарушэннях зґяўляецца супярэчлiвай i не адпавядае Канстытуцыi i законам у сувязi з незахаваннем патрабаванняў, прадугледжаных часткай трэцяй артыкула 37 КаАП, згодна з якой указаныя ў дадзеным артыкуле тэрмiны не распаўсюджваюцца на выпадкi канфiскацыi рэчаў, якiя зґяўляюцца непасрэднымi абґектамi адмiнiстрацыйных мытных правапарушэнняў, i прадметаў са спецыяльна вырабленымi тайнiкамi, скарыстанымi для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення. Канфiскацыя такiх рэчаў i прадметаў праводзiцца незалежна ад часу ўчынення або выяўлення адмiнiстрацыйнага правапарушэння.
Артыкул 23 КаАП сярод відаў адміністрацыйных спагнанняў прадугледжвае канфіскацыю прадмета, які зґявіўся сродкам учынення або непасрэдным абґектам адміністрацыйнага правапарушэння. Канфіскацыя можа прымяняцца ў якасці як асноўнага, так і дадатковага спагнання. З улікам пазіцыі заканадаўца дапушчальна прыцягненне асобы да адміністрацыйнай адказнасці за мытнае правапарушэнне ў выглядзе канфіскацыі такіх рэчаў і прадметаў і пасля заканчэння двухмесячнага тэрміну.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што такі падыход заканадаўца абумоўлены шэрагам акалічнасцей, у тым ліку асобай складанасцю спраў дадзенай катэгорыі. Для вынясення законнай пастановы ў шэрагу выпадкаў у адпаведнасці з мытным і іншым заканадаўствам неабходна праводзіць экспертызу, апытанне многіх асоб, выпатрабаванне дакументаў, рэвізію, праверку, інвентарызацыю і іншыя дзеянні.
Акрамя таго, увёўшы ўказаную норму, заканадавец ставіў мэтай перашкодзіць абарачэнню на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь маёмасці, перамяшчаемай праз мытную граніцу, свабоднае абарачэнне якой магчыма ў адпаведнасці з артыкуламі 19 — 29 і іншымі артыкуламі Мытнага кодэкса Рэспублікі Беларусь толькі пасля завяршэння мытнага афармлення і кантролю. Згодна з Асновамі мытных заканадаўстваў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў ніхто не мае права карыстацца і распараджацца таварамі і транспартнымі сродкамі, у дачыненні да якіх мытнае афармленне не завершана (артыкул 135).
Непрымяненне часткі трэцяй артыкула 37 КаАП стварае рэальную пагрозу эканамічнай і фінансавай сістэме краіны, яе эканамічнай бяспецы, здароўю і нават жыццю грамадзян (напрыклад, пры ўвозе тавараў нізкай якасці), перашкаджае дасягненню іншых грамадска значных мэт прававой дзяржавы, устаноўленых Канстытуцыяй. Незаконны ўвоз тавараў прычыняе ўрон эканамічным інтарэсам не толькі краіны, у якую ўвозяцца тавары, але часта таксама эканамічным інтарэсам той краіны, адкуль яны вывозяцца. У сувязі з гэтым у эфектыўнай барацьбе з мытнымі правапарушэннямі зацікаўлены практычна ўсе дзяржавы, і звычайна за мытныя правапарушэнні прадугледжваецца больш строгая адказнасць.
Адным з прынцыпаў прававой дзяржавы з’яўляецца не толькі прававая абароненасць, але і справядлівасць, якая выражаецца ў непазбежнасці адказнасці і суразмернасці пакарання ўчыненаму правапарушэнню. За мытныя правапарушэнні заканадавец устанавіў, па сутнасці адэкватнае ўчыненаму, дадатковае спагнанне — канфіскацыю прадмета, які з’явіўся сродкам учынення або непасрэдным аб’ектам правапарушэння.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што прымяненне такой меры, як канфіскацыя, дапушчальна пры ўстанаўленні судом факта адміністрацыйнага мытнага правапарушэння. З улікам патрабаванняў часткі першай артыкула 37 КаАП пасля заканчэння двухмесячнага тэрміну суд не мае права прымяняць да вінаватага іншыя меры адміністрацыйнай адказнасці, прадугледжаныя адпаведнымі артыкуламі КаАП, акрамя канфіскацыі рэчаў, якія з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення. Аднак суд пры ўстанаўленні факта ўчынення адміністрацыйнага мытнага правапарушэння абавязаны, кіруючыся часткай трэцяй артыкула 37 КаАП, разгледзець пытанне аб канфіскацыі рэчаў і прадметаў нават пасля заканчэння тэрмінаў, прадугледжаных часткамі першай і другой гэтага артыкула.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што калі вядзенне па адміністрацыйнай справе было спынена ў рамках двухмесячнага тэрміну, то пасля адмены пастановы пры новым разглядзе справы за межамі гэтага тэрміну суд у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 37 КаАП таксама мае права прымяніць канфіскацыю рэчаў, якія з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення.
Асноўны Закон ускладае нагляд за адпаведнасцю закону судовых рашэнняў па справах аб адміністрацыйных правапарушэннях на органы пракуратуры (артыкул 125). Згодна з артыкулам 128 Канстытуцыі кампетэнцыя органаў пракуратуры вызначаецца заканадаўствам. Закон “Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь” прадугледжвае права прынясення пракурорам пратэсту па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў выпадку выяўлення парушэнняў заканадаўства. Такім чынам, Канстытуцыя, Закон “Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь” і іншыя нарматыўныя акты не прадугледжваюць абмежаванняў правоў пракурора пры ажыццяўленні ім нагляду за законнасцю разгляду адміністрацыйных спраў.
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прынясенне пратэсту пракурорам па справах аб адміністрацыйных мытных правапарушэннях можа быць абмежавана разумнымі тэрмінамі, як гэта прадугледжана, напрыклад, грамадзянскім працэсуальным і іншым заканадаўствам.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што ў КаАП не ўстаноўлены гранічныя тэрміны, на працягу якіх дапушчальны перагляд пастаноў па справах аб адміністрацыйных мытных правапарушэннях з прымяненнем такога віду адміністрацыйнага спагнання, як канфіскацыя рэчаў, якія з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення, гэта значыць заканадавец дапускае, па сутнасці, бестэрміновы характар такой адказнасці.
Канстытуцыйны Суд лічыць, што такі падыход не адпавядае агульным прынцыпам юрыдычнай адказнасці, для якой характэрна ўстанаўленне гранічных тэрмінаў даўнасці пры прыцягненні асобы да адміністрацыйнай адказнасці. У мэтах забеспячэння правоў грамадзян заканадавец мог бы ўстанавіць максімальны тэрмін, у межах якога павінна вырашацца гэта пытанне. Аналіз крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага, грамадзянскага працэсуальнага, працоўнага заканадаўства паказвае, што заканадаўцам устанаўліваюцца тэрміны, у межах якіх вінаватая асоба не можа быць прыцягнута да адказнасці.
У артыкулах 197 і 198 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжана, што агульны тэрмін іскавай даўнасці ўстанаўліваецца ў тры гады, а для асобных відаў патрабаванняў заканадаўчымі актамі могуць устанаўлівацца спецыяльныя тэрміны іскавай даўнасці (скарочаныя або больш працяглыя ў параўнанні з агульным тэрмінам). Артыкул 83 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прадугледжвае вызваленне асобы ад крымінальнай адказнасці, калі з дня ўчынення злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі, закончыліся два гады. У адпаведнасці з артыкулам 406 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь перагляд у парадку нагляду абвінаваўчага прыгавору, вызначэння, пастановы суда ў сувязі з неабходнасцю прымянення закона аб больш цяжкім злачынстве, за мяккасцю пакарання або па іншых падставах, якія цягнуць за сабой пагаршэнне становішча асуджанага, а таксама перагляд апраўдальнага прыгавору ці вызначэння, пастановы суда аб спыненні вядзення па крымінальнай справе дапускаюцца на працягу аднаго года пасля ўступлення іх у законную сілу.
Зыходзячы з прынцыпаў суразмернасці адміністрацыйнага правапарушэння з іншымі відамі правапарушэнняў, Канстытуцыйны Суд лічыць, што на перыяд да запаўнення ў КаАП існуючага прабелу правамерна, з пункту гледжання агульных прынцыпаў і падыходаў да прымянення норм аб юрыдычнай адказнасці, арыентацыя на трохгадовы тэрмін, устаноўлены артыкулам 197 Грамадзянскага кодэкса. Разам з тым заканадавец мае права ўстанавіць і іншыя спецыяльныя тэрміны (скарочаныя або больш працяглыя).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што эканамічная бяспека дзяржавы, а таксама правы і законныя інтарэсы грамадзян былі б абаронены належным чынам, калі б агульныя суды, якія пастаянна разглядаюць справы аб адміністрацыйных мытных правапарушэннях, на падставе артыкула 112 Канстытуцыі, артыкула 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкула 4 Закона “Аб судовым ладзе і статусе суддзяў у Рэспубліцы Беларусь” своечасова паставілі перад Канстытуцыйным Судом пытанне аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 37 і іншых артыкулаў Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.
На падставе выкладзенага і кіруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116, артыкулам 125 Канстытуцыі, артыкуламі 1, 7, 11, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь”, артыкулам 35 Закона “Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць, што артыкул 37 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у частцы дапушчальнасці прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе канфіскацыі рэчаў, якія з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення, пасля заканчэння ўстаноўленых у частках першай і другой гэтага артыкула тэрмінаў адпавядае Канстытуцыі і законам Рэспублікі Беларусь.
На перыяд да вырашэння заканадаўцам пытання аб устанаўленні гранічных тэрмінаў для прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе канфіскацыі рэчаў і прадметаў за ўказаныя правапарушэнні лічыць дапушчальным прымяненне агульнага трохгадовага тэрміну.
2. Адзначыць неканстытуцыйнасць судовай практыкі па справах аб адміністрацыйных мытных правапарушэннях у частцы непрымянення канфіскацыі са спасылкай на заканчэнне двухмесячнага тэрміну насуперак патрабаванням часткі трэцяй артыкула 37 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая дазваляе накладаць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе канфіскацыі рэчаў, што з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення, незалежна ад часу ўчынення або выяўлення адміністрацыйнага правапарушэння.
3. Прапанаваць Вярхоўнаму Суду Рэспублікі Беларусь забяспечыць аднастайнасць судовай практыкі па справах аб адміністрацыйных мытных правапарушэннях у адпаведнасці з часткай трэцяй артыкула 37 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, якая дапускае прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе канфіскацыі рэчаў, што з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення, і пасля заканчэння ўстаноўленых у частках першай і другой указанага артыкула тэрмінаў.
4. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь разгледзець пытанне аб устанаўленні гранічных тэрмінаў, на працягу якіх да асобы, якая ўчыніла адміністрацыйнае мытнае правапарушэнне, можа быць прыменена канфіскацыя рэчаў, што з’яўляюцца непасрэднымі аб’ектамі адміністрацыйных мытных правапарушэнняў, і прадметаў са спецыяльна вырабленымі тайнікамі, скарыстанымі для ўтойвання рэчаў ад мытнага афармлення.
5. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.
6. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь Р.А. Васілевіч