Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
17 красавіка 2001 г. № Р-114/2001
Аб парадку фармiравання складу народных засядацеляў
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.І., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi зварот Мiнiстэрства юстыцыi Рэспублiкi Беларусь аб парадку фармiравання складу народных засядацеляў, устанавiў наступнае.
 
Згодна з артыкулам 113 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь справы ў судах разглядаюцца калегiяльна, а ў прадугледжаных законам выпадках — асабiста суддзямi. У адпаведнасцi з артыкулам 10 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (якi ўведзены ў дзеянне з 1 красавiка 1961 г. i дзейнiчаў да 1 студзеня 2001 г.) ва ўсiх судах справы аб злачынствах, за ўчыненне якiх прадугледжана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi на тэрмiн звыш дзесяцi гадоў або смяротная кара, разглядалiся па першай iнстанцыi калегiянальна ў складзе суддзi i двух народных засядацеляў.
 
Законам ад 13 студзеня 1995 г. “Аб судовым ладзе i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь” замест iнстытута народных засядацеляў быў уведзены iнстытут прысяжных засядацеляў. У адпаведнасцi з артыкулам 8 указанага Закона суд павiнен быў разглядаць справы па першай iнстанцыi ў складзе аднаго суддзi i калегii з сямi прысяжных засядацеляў аб злачынствах, за ўчыненне якiх прадугледжана пакаранне ў выглядзе смяротнай кары, калi абвiнавачваемы не прызнаваў сябе вiнаватым i патрабаваў назначэння суда прысяжных. У астатнiх выпадках крымiнальныя справы павiнны былi разглядацца асабiста суддзёй або калегiянальна ў складзе трох суддзяў. Палажэннi ўказанага Закона ў частцы разгляду крымiнальных спраў судом з удзелам прысяжных засядацеляў павiнны былi быць уведзены ў дзеянне з 1 студзеня 2000 года.
 
У сувязi з прыняццем Закона “Аб судовым ладзе i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь” трэба было ўнесцi змяненнi ў Крымiнальна-працэсуальны кодэкс, аднак змяненнi i дапаўненнi ў працэсуальнае заканадаўства па дадзенаму пытанню не ўносiлiся. У мэтах устаранення калiзii памiж Крымiнальна-працэсуальным кодэксам i названым законам Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 3 лютага 2000 г. № 4 “Аб калегiянальным разглядзе крымiнальных спраў у судах” устаноўлена, што калегiянальны разгляд крымiнальных спраў ва ўсiх судах па першай iнстанцыi ажыццяўляецца ў складзе суддзi i двух народных засядацеляў у адпаведнасцi з Крымiнальна-працэсуальным кодэксам. Дэкрэт уступiў у сiлу з 1 студзеня 2000 г.
 
Артыкулам 32 новага КПК, якi ўступiў у сiлу з 1 студзеня 2001 г., устаноўлены калегiяльны разгляд па першай iнстанцыi ў складзе суддзi i двух народных засядацеляў спраў аб злачынствах, за якiя крымiнальным законам прадугледжваюцца пакараннi звыш дзесяцi гадоў пазбаўлення волi або смяротная кара, а таксама аб злачынствах непаўналетнiх.
 
Такiм чынам, у судовай сiстэме Беларусi захаваны iнстытут народных засядацеляў. Разам з тым адпаведныя змяненнi i дапаўненнi ў Закон “Аб судовым ладзе i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь” да гэтага часу не ўнесены.
 
Парадак фармiравання складу народных засядацеляў вызначаецца ў цяперашнi час Часовым палажэннем аб парадку зацвярджэння спiсаў народных засядацеляў, зацверджаным Пастановай Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ад 7 чэрвеня 1996 г. (у далейшым — Часовае палажэнне).
 
У Часовым палажэннi, у прыватнасцi, прадугледжана, што народнымi засядацелямi могуць быць грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя дасягнулi ўзросту 25 гадоў, а народнымi засядацелямi ваенных судоў — грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, якiя знаходзяцца на абавязковай ваеннай службе. Пры ажыццяўленнi правасуддзя народныя засядацел
i карыстаюцца ўсiмi правамi суддзi i выконваюць абавязкi, прадугледжаныя КПК. Падбор кандыдатаў i складанне спiсаў народных засядацеляў ажыццяўляецца ўпраўленнямi юстыцыi абласных, Мiнскага гарадскога выканаўчых камiтэтаў тэрмiнам на пяць гадоў на падставе спiсаў выбаршчыкаў па выбарах у мясцовыя або вышэйшыя органы ўлады з лiку грамадзян, якiя пастаянна пражываюць на тэрыторыi раёна, горада, вобласцi. Спiсы народных засядацеляў раённых (гарадскiх), абласных, Мiнскага гарадскога судоў зацвярджаюцца адпаведнымi раённымi (гарадскiмi), абласнымi, Мiнскiм гарадскiм выканаўчымi камiтэтамi. Спiсы народных засядацеляў ваенных судоў складаюцца тэрмiнам на пяць гадоў i зацвярджаюцца камандзiрамi воiнскiх часцей. Спiсы народных засядацеляў Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь зацвярджаюцца Вярхоўным Саветам Рэспублiкi Беларусь па прадстаўленню Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь. Складанне i зацвярджэнне спiсаў народных засядацеляў замест выбыўшых ажыццяўляецца ў такiм жа парадку.
 
Прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, заканадаўчых актаў, што рэгулююць пытаннi ажыццяўлення правасуддзя, практыку ўдзелу
ў гэтым народных засядацеляў, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што суд, якому давяраецца разглядаць i вырашаць грамадзянскiя i крымiнальныя справы, здольны вяршыць сапраўднае правасуддзе, калi ён законны, кампетэнтны, незалежны i непрадузяты (артыкулы 60, 110, 111, 112 Канстытуцыi). Такое палажэнне асноўваецца i на мiжнародных дакументах. У адпаведнасцi з часткай першай артыкула 14 Мiжнароднага пакта аб грамадзянскiх i палiтычных правах кожны мае права пры разглядзе любога крымiнальнага абвiнавачвання, прад’яўленага яму, або пры вызначэннi яго правоў i абавязкаў у якiм-небудзь грамадзянскiм працэсе на справядлiвы i публiчны разбор справы кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом, створаным на падставе закона.
 
У адпаведнасцi з артыкуламi 59, 60 Закона “Аб судовым ладзе i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь” суддзямi з’яўляюцца асобы, надзеленыя ва ўстаноўленым законам парадку паўнамоцтвамi па ажыццяўленню правасуддзя. Суддзi ўсiх судоў у Рэспублiцы Беларусь валодаюць адзiным статусам. Асаблiвасцi статусу асобных катэгорый суддзяў могуць вызначацца заканадаўчымi актамi Рэспублiкi Беларусь. У пункце 46 артыкула 6 КПК да суддзяў адносяцца прафесiянальны суддзя любога суда i народны засядацель. Такiм чынам, КПК вылучае сярод суддзяў прафесiянальных суддзяў i народных засядацеляў, якiя не з’яўляюцца прафесiянальнымi суддзямi.
 
Прафесiянальны суддзя — гэта той суддзя, якi ажыццяўляе правасуддзе на пастаяннай аснове i ў гэтай сувязi можа назначацца на пасаду ў адпаведнасцi з пунктамi 9 i 10 артыкула 84 Канстытуцыi толькi Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь. Народныя засядацелi надзяляюцца правамi суддзi толькi тады, калi яны на вызначаны тэрмiн прыцягваюцца да разгляду канкрэтнай крымiнальнай справы. Удзел грамадзян Рэспублiкi Беларусь у якасцi народных засядацеляў пры ажыццяўленнi правасуддзя па крымiнальных справах з’яўляецца адной з форм рэалiзацыi ўлады народам (артыкул 3 Канстытуцыi), важнейшым элементам дэмакратычнай прававой дзяржавы, дадатковай гарантыяй абароны правоў i законных iнтарэсаў удзельнiкаў крымiнальнага працэсу.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што народныя засядацелi пры ажыццяўленнi правасуддзя карыстаюцца ўсiмi правамi i нясуць абавязкi суддзi (выконваць абавязкi суддзi, старшынстваваць па справе, мець асобную думку, удзельнiчаць ва ўсiх стадыях працэсу, складаць працэсуальныя дакументы i г.д.), таму для забеспячэння канстытуцыйных прынцыпаў правасуддзя пытанне аб прававой аснове фармiравання складу народных засядацеляў мае вызначальнае значэнне.
 
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што пытанне аб прававым становiшчы народных засядацеляў павiнна быць вызначана законам. Гэты вывад вынiкае з палажэнняў артыкулаў 109—112 Канстытуцыi, якiя прадугледжваюць, у прыватнасцi, што судовы лад у Рэспублiцы Беларусь вызначаецца законам; суддзi пры ажыццяўленнi правасуддзя незалежныя i падпарадкоўваюцца толькi закону; падставы для выбрання (назначэння) суддзяў на пасады i iх вызвалення прадугледжваюцца законам.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што, зыходзячы з дзеючага парадку зацвярджэння спiсаў народных засядацеляў i патрабаванняў Канстытуцыi, выкананне абавязкаў прафесiянальнага суддзi народнымi засядацелямi магчыма толькi пры захаваннi канстытуцыйных норм аб назначэннi суддзяў Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь.
 
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Адзначыць, што ў мэтах захавання канстытуцыйных прынцыпаў правасуддзя i рэалiзацыi артыкула 60, пунктаў 9 i 10 артыкула 84, артыкулаў 109—115 Канстытуцыi пытаннi фармiравання складу народных засядацеляў, замацавання iх прававога становiшча пры ажыццяўленнi правасуддзя павiнны вызначацца законам.
 
Дапушчэнне народнага засядацеля да выканання абавязкаў прафесiянальнага суддзi магчыма толькi па рашэнню Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь з улiкам патрабаванняў Канстытуцыi i законаў.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi змяненнi i дапаўненнi ў Закон “Аб судовым ладзе i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь” i iншыя нарматыўныя акты з мэтай належнага заканадаўчага рэгулявання парадку фармiравання складу народных засядацеляў i ўстаранення iснуючых калiзiй у дзеючым заканадаўстве.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
 
4. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                       Р.А. Васiлевiч