Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
3 красавіка 2001 г. № Р-112/2001
Аб праве грамадзян на зварот у суд па пытаннях, якiя ўзнiкаюць у сувязi з ажыццяўленнем крымiнальна-працэсуальных адносiн
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот па пытанню ажыццяўлення права на судовую абарону, устанавiў наступнае.
 
У адпаведнасцi з часткай першай артыкула 139 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса (у далейшым — КПК) скаргi на дзеяннi i рашэннi органа дазнання, дазнавальнiка i следчага падаюцца пракурору, якi ажыццяўляе нагляд за выкананнем законаў пры вядзеннi папярэдняга расследавання. Скаргi на дзеяннi i рашэннi пракурора падаюцца вышэйстаячаму пракурору, а на дзеяннi i рашэннi суда — у вышэйстаячы суд.
 
Згодна з часткай другой указанага артыкула скаргi на рашэннi органа крымiнальнага праследавання аб спыненнi папярэдняга расследавання справы, крымiнальнага праследавання падаюцца адпаведнаму пракурору або ў суд па месцы расследавання крымiнальнай справы. У дадзенай норме ўзноўлена рэдакцыя часткi шостай артыкула 209 КПК, што дзейнiчаў да 1 студзеня 2001 г., якая была прыведзена ў адпаведнасць з Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 г., прызнаўшым права грамадзянiна на судовае абскарджанне пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы.
 
Артыкулам 143 дзеючага КПК прадугледжаны таксама парадак абскарджання ў суд затрымання, узяцця пад варту, дамашняга арышту або падаўжэння тэрмiну ўтрымання пад вартай, дамашняга арышту.
 
Такiм чынам, КПК дапускае магчымасць абскарджання ў суд дзеянняў асобы, якая праводзiць дазнанне, або следчага толькi ў выпадках спынення папярэдняга расследавання справы, крымiнальнага праследавання цi прымянення мер стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, дамашняга арышту або падаўжэння тэрмiнаў прымянення такiх мер.
 
Ва ўсiх iншых выпадках КПК прадугледжвае абскарджанне дзеянняў i рашэнняў органа дазнання, дазнавальнiка i следчага толькi пракурору.
 
Аналагiчны падыход прадугледжваўся i ў КПК, што дзейнiчаў да 1 студзеня 2001 г., у адпаведнасцi з якiм складалася i правапрымяняльная практыка.
 
Зварот, якi паступiў у Канстытуцыйны Суд, а таксама аналiз iснуючай практыкi прымянення норм крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства, у тым лiку i раней дзеючага, што прадугледжваюць парадак абскарджання дзеянняў асобы, якая праводзiць дазнанне, i следчага, сведчаць аб тым, што асобныя грамадзяне не маюць рэальнай магчымасцi рэалiзаваць сваё права на судовую абарону па пытаннях, якiя ўзнiкаюць у сувязi з ажыццяўленнем крымiнальна-працэсуальных адносiн, але не датычацца спынення папярэдняга расследавання справы або прымянення меры стрымання.
 
На практыцы ў адных выпадках суды адмаўляюць у разглядзе скарг на дзеяннi асобы, якая праводзiць дазнанне, або следчага па той прычыне, што крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам прадугледжана абскарджанне такiх дзеянняў толькi пракурору, у iншых выпадках яны матывуюць свае адмовы незахаваннем працэдуры прынясення скарг у суд, прадугледжанай артыкулам 354 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса (у далейшым — ГПК).
 
Такiм чынам, адсутнiчае адзiная судовая практыка па дадзенаму пытанню.
 
Вывучыўшы палажэннi Канстытуцыi, мiжнародна-прававых актаў, нормы крымiнальна-працэсуальнага i грамадзянска-працэсуальнага заканадаўства, а таксама практыку iх прымянення, Канстытуцыйны Суд прыходзiць да наступных вывадаў.
 
Канстытуцыяй прадугледжана, што кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны (артыкул 60).
 
Артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека абвешчана права кожнага на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму канстытуцыяй або законам.
 
Мiжнародным пактам аб грамадзянскiх i палiтычных правах замацаваны абавязак дзяржавы, што ўдзельнiчае ў гэтым Пакце, забяспечыць любой асобе, правы i свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калi гэта парушэнне было ўчынена асобамi, якiя дзейнiчалi ў афiцыйнай якасцi, развiваючы пры гэтым магчымасцi судовай абароны (пункты “а”, “b” артыкула 3).
 
У рэзалюцыi (78) 8 Камiтэта мiнiстраў аб юрыдычнай дапамозе i кансультацыях, прынятай Камiтэтам мiнiстраў Савета Еўропы 2 сакавiка 1978 г., указваецца, што права на доступ да правасуддзя i справядлiвага разбору, гарантаванае артыкулам 6 Еўрапейскай канвенцыi па правах чалавека, з‘яўляецца адной з асноўных прымет любой дэмакратычнай дзяржавы.
 
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь, звяртаючы ўвагу ў сваiх заключэннях на замацаванае ў артыкуле 137 Канстытуцыi вяршэнства Асноўнага Закона, неаднаразова падкрэслiваў, што права грамадзян на судовую абарону адносiцца да агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, прыярытэт якiх Рэспублiка Беларусь згодна з артыкулам 8 Канстытуцыi прызнае i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства. Прадугледжанае ў артыкуле 60 Канстытуцыi палажэнне з‘яўляецца важнай гарантыяй абароны правоў i свабод грамадзян ад любых дзеянняў i рашэнняў, якiя iх парушаюць. Права на судовую абарону адносiцца да такiх правоў, якiя не могуць быць абмежаваны.
 
Як вiдаць са звароту, якi паступiў у Канстытуцыйны Суд, следчым пракуратуры было адмоўлена ў просьбе асобы аб допуску да ўдзелу ў крымiнальнай справе ў якасцi абаронцы яго блiзкага роднага. Асобе, якая звярнулася са скаргай па гэтаму пытанню, было адмоўлена ў разглядзе справы на той падставе, што не была захавана працэдура абскарджання дзеянняў службовай асобы, прадугледжаная артыкулам 354 ГПК.
 
Мiнiстэрствам юстыцыi па дадзенаму пытанню зроблены вывад, што ў такiх выпадках дзеяннi следчага павiнны абскарджвацца пракурору i ў выпадку адмовы ў задавальненнi скаргi неабходна звярнуцца да вышэйстаячага пракурора.
 
У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд лiчыць, што неадназначныя падыходы да вырашэння пытання аб рэалiзацыi ў крымiнальным працэсе права грамадзян на судовую абарону абумоўлены тым, што ў нормах крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства мае месца прабел, паколькi iмi, насуперак Канстытуцыi, не замацоўваецца права на абскарджанне ў суд дзеянняў i рашэнняў органа дазнання, дазнавальнiка i следчага.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што на практыцы пры прымяненнi ўказаных норм КПК не прымаецца да ўвагi прынцып вяршэнства Канстытуцыi, замацаваны ў артыкуле 137 Асноўнага Закона, i не ўлiчваецца прававая пазiцыя Канстытуцыйнага Суда аб непасрэдным характары дзеяння артыкула 60 Канстытуцыi, якая была адлюстравана ў раней прынятых заключэннях (ад 27 чэрвеня 1998 г., ад 13 мая 1999 г. i iншых).
 
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ўстанаўленне ў КПК парадку, згодна з якiм дзеяннi i рашэннi органа, якi вядзе крымiнальны працэс, можна абскардзiць пракурору, мае падставы, паколькi iм забяспечваецца найбольш хуткае (аператыўнае) вырашэнне прынесенай скаргi ў межах аднаго ведамства i ўстараненне дапушчаных парушэнняў правоў грамадзян, якiя звярнулiся са скаргай. Гэта абумоўлена таксама кампетэнцыяй органаў пракуратуры, у абавязкi якiх згодна з Канстытуцыяй (артыкул 125) i Законам “Аб Пракуратуры Рэспублiкi Беларусь” (артыкул 2) уваходзiць ажыццяўленне нагляду за органамi дазнання i папярэдняга следства. Аднак такi парадак не павiнен успрымацца як парадак, што выключае магчымасць шляхам звароту за судовай абаронай аднавiць парушаныя асноўныя правы грамадзян, прадастаўленыя iм Канстытуцыяй i законамi. Таму заканадаўства павiнна быць узгоднена такiм чынам, каб не выключалася права грамадзян на судовую абарону.
 
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40 i часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Улiчваючы непасрэдны характар дзеяння норм Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, лiчыць, што, нягледзячы на iснуючы прабел у Крымiнальна-працэсуальным кодэксе Рэспублiкi Беларусь, грамадзяне маюць права на падставе артыкулаў 60 i 137 Канстытуцыi ў сiлу яе вяршэнства звяртацца са скаргамi на дзеяннi i рашэннi органа дазнання, дазнавальнiка або следчага не толькi да пракурора, але i ў суд у мэтах абароны iх асноўных правоў i свабод, гарантаваных Канстытуцыяй.
 
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi змяненнi i дапаўненнi ў крымiнальна-працэсуальнае заканадаўства, замацаваўшы ў iм права на абскарджанне дзеянняў i рашэнняў органа дазнання, дазнавальнiка або следчага не толькi пракурору, але i ў суд, а таксама вызначыўшы ў такiх выпадках працэдуру звароту грамадзян за судовай абаронай.
 
3. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
 
4. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                                                               Р.А. Васiлевiч