Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
2 красавіка 2001 г. № Р-111/2001
2 красавіка 2001 г. № Р-111/2001
Аб праве асуджаных да пазбаўлення волi на судовае абскарджанне прымененых да iх мер спагнання
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., суддзяў Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот адносна магчымасцi судовага абскарджання мер спагнання, прымененых адмiнiстрацыяй папраўчай установы ў адносiнах да асуджаных да пазбаўлення волi, устанавiў наступнае.
Артыкулам 112 Крымiнальна-выканаўчага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым — КВК) прадугледжаны меры спагнання, якiя могуць быць прыменены да асуджаных за парушэнне iмi ўстаноўленага парадку адбывання пакарання ў выглядзе пазбаўлення волi. Парадак прымянення мер спагнання да асуджаных да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волi ўстаноўлены артыкулам 113 КВК. Згодна з часткай чацвёртай гэтага артыкула спагнаннi на асуджаных накладваюцца пастановамi службовых асоб папраўчых устаноў, якiя маюць права накладаць спагнаннi. Пры наяўнасцi падстаў спагнанне можа быць адменена або заменена службовай асобай, якая прымянiла яго, або вышэйстаячай асобай, якая мае на гэта права (частка адзiнаццатая артыкула 113 КВК).
У звароце, якi паступiў у Канстытуцыйны Суд, ставiцца пытанне аб магчымасцi судовага абскарджання неправамернага прымянення да асуджаных, якiя адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi, мер спагнання.
Вывучыўшы палажэннi Канстытуцыi, мiжнародна-прававых актаў, нормы крымiнальна-выканаўчага, крымiнальна-працэсуальнага i iншага заканадаўства, а таксама практыку iх выкарыстання, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да наступных вывадаў.
Канстытуцыяй устаноўлена, што кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны (артыкул 60).
У артыкуле 3 КВК прадугледжана, што крымiнальна-выканаўчае заканадаўства Рэспублiкi Беларусь грунтуецца на Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, агульнапрызнаных прынцыпах i нормах мiжнароднага права, мiжнародных дагаворах Рэспублiкi Беларусь, якiя адносяцца да выканання пакарання i абыходжання з асуджанымi.
Калi мiжнародным дагаворам Рэспублiкi Беларусь устаноўлены iншыя правiлы выканання пакарання i абыходжання з асуджанымi, чым тыя, якiя прадугледжаны крымiнальна-выканаўчым заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь, то прымяняюцца непасрэдна правiлы мiжнароднага дагавора, акрамя выпадкаў, калi з мiжнароднага дагавора вынiкае, што для прымянення такiх норм патрабуецца выданне ўнутрыдзяржаўнага акта.
Артыкулам 8 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека абвешчана права кожнага на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму Канстытуцыяй або законам.
Мiжнародным пактам аб грамадзянскiх i палiтычных правах замацаваны абавязак дзяржавы, якая ўдзельнiчае ў гэтым пакце, забяспечыць любой асобе, правы i свабоды якой парушаны, эфектыўны сродак прававой абароны, нават калi гэта парушэнне было здзейснена асобамi, якiя дзейнiчалi ў афiцыйнай якасцi, развiваючы пры гэтым магчымасцi судовай абароны (пункты “а”, “b” артыкула 3).
Канстытуцыйны Суд адзначае, што аналагiчныя падыходы змяшчаюцца i ў дакументах Савета Еўропы, якiя абавязковыя для яго членаў i могуць служыць арыенцiрам для дзяржаў, што праяўляюць iмкненне да ўступлення ў Савет Еўропы.
У рэзалюцыi (78) 8 Камiтэта мiнiстраў аб юрыдычнай дапамозе i кансультацыях, прынятай Камiтэтам мiнiстраў Савета Еўропы 2 сакавiка 1978 г., указваецца, што права на доступ да правасуддзя i справядлiвага разбору, гарантаванае артыкулам 6 Еўрапейскай канвенцыi аб абароне правоў чалавека i асноўных свабод, з’яўляецца адной з асноўных прымет любой дэмакратычнай дзяржавы.
Еўрапейскiмi пенiтэнцыярнымi правiламi, рэкамендаванымi Камiтэтам мiнiстраў 12 лютага 1987 г., прадугледжваецца, што абарона асабiстых правоў зняволеных i, у асаблiвасцi, законнасць прымянення дысцыплiнарных спагнанняў забяспечваюцца пры дапамозе кантролю, якi ажыццяўляецца, у адпаведнасцi з нацыяльнальным правам, прадстаўнiкамi судовых або iншых органаў, упаўнаважанымi наведваць зняволеных, якiя не належаць да пенiтэнцыярнай адмiнiстрацыi.
У Крымiнальна-выканаўчым кодэксе Рэспублiкi Беларусь замацавана права асуджаных звяртацца з прапановамi, заявамi i скаргамi ў адмiнiстрацыю органа або ўстановы, якiя выконваюць пакаранне i iншыя меры крымiнальнай адказнасцi, суд, пракуратуру i iншыя дзяржаўныя органы, грамадскiя аб’яднаннi па абароне правоў i свабод чалавека (частка чацвёртая артыкула 10).
Артыкулам 18 КВК вызначаны межы судовага кантролю за дзейнасцю органаў, якiя выконваюць пакаранне. У пералiку пытанняў, якiя з’яўляюцца прадметам судовага кантролю, прадугледжваюцца толькi два пытаннi, звязаныя з судовым кантролем за выкананнем пакарання ў выглядзе пазбаўлення волi:
1) умоўна-датэрмiновае вызваленне ад пакарання цi замена пакарання больш мяккiм;
2) змяненне вiду папраўчай установы асуджанаму, якi адбывае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi.
У частцы пятай артыкула 18 КВК устаноўлена, што скаргi на дзеяннi адмiнiстрацыi органаў i ўстаноў, якiя выконваюць пакаранне i iншыя меры крымiнальнай адказнасцi, суд разглядае ў выпадках i парадку, прадугледжаных заканадаўствам.
Аднак у Крымiнальна-выканаўчым кодэксе судовае абскарджанне прымененых да асуджанага мер спагнання не прадугледжваецца. Не замацаваны такi парадак i ў Крымiнальна-працэсуальным кодэксе, якi рэгулюе пытаннi выканання прыгавору (глава 41), а таксама ў iншым заканадаўстве.
У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд адзначае, што абмежаваннi права асуджаных на судовае абскарджанне прымененых да iх мер спагнання, якiя ёсць на практыцы, абумоўлены тым, што нормы крымiнальна-выканаўчага заканадаўства не прадугледжваюць выпадкi магчымага абскарджання ў суд дзеянняў адмiнiстрацыi папраўчых устаноў у частцы прымянення да асуджаных мер спагнання, што не ў поўнай меры адпавядае Канстытуцыi.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ўстанаўленне ў артыкуле 113 КВК парадку, згодна з якiм накладзенае на асуджанага спагнанне можа быць адменена або заменена службовай асобай, якая прымянiла яго, цi вышэйстаячай службовай асобай, якая валодае такiм правам, накiравана на забеспячэнне аператыўнага вырашэння пададзенай скаргi ў межах аднаго ведамства i ўстаранення дапушчаных адмiнiстрацыяй папраўчай установы парушэнняў. Аднак парадак, якi не прадугледжвае працэдуру далейшага абскарджання такiх дзеянняў у суд, успрымаецца на практыцы як парадак, выключаючы магчымасць судовай абароны законных правоў асуджаных, што супярэчыць артыкулу 60 Канстытуцыi.
Канстытуцыйны Суд у сваiх заключэннях i штогадовых пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасцi ў Рэспублiцы Беларусь неаднаразова звяртаў увагу на прамое дзеянне артыкула 60 Канстытуцыi ў сiлу патрабаванняў, замацаваных у артыкулах 137 i 142 Асноўнага Закона, адзначаючы пры гэтым, што права грамадзян на судовую абарону адносiцца да агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, прыярытэт якiх Рэспублiка Беларусь згодна з артыкулам 8 Канстытуцыi прызнае i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства. Прадугледжанае ў артыкуле 60 Канстытуцыi палажэнне з’яўляецца важнай гарантыяй абароны правоў i свабод грамадзян ад любых дзеянняў i рашэнняў, якiя парушаюць iх. Права на судовую абарону адносiцца да такiх правоў, якiя не могуць быць абмежаваны, у тым лiку i ў адносiнах да асоб, асуджаных да пазбаўлення волi за ўчыненне злачынства.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40 i часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Улiчваючы непасрэдны характар дзеяння норм Канстытуцыi, лiчыць, што да ўнясення змяненняў i дапаўненняў у дзеючае заканадаўства Рэспублiкi Беларусь асуджаныя да пазбаўлення волi, якiя абскардзiлi накладзенае на iх спагнанне i не згодны з прынятым у адносiнах да iх рашэннем, маюць права на падставе артыкулаў 60 i 137 Канстытуцыi звяртацца са скаргамi ў суд.
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi змяненнi i дапаўненнi ў дзеючае заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, замацаваўшы ў iм парадак судовага абскарджання прымянення да асуджаных адмiнiстрацыяй папраўчай установы мер спагнання.
3. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
4. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч