Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
23 сакавіка 2001 г. № Р-110/2001
23 сакавіка 2001 г. № Р-110/2001
Аб тэрмiнах абскарджання ў суд ваеннаслужачым дысцыплiнарнага спагнання
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I, Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот ваеннаслужачых аб тэрмiнах абскарджання ў суд дысцыплiнарнага спагнання аб панiжэннi ў пасадзе, устанавiў наступнае.
У адпаведнасцi з артыкулам 22 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь усе роўныя перад законам i маюць права без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў.
У артыкуле 8 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека прадугледжана, што кожны чалавек мае права на эфектыўнае аднаўленне ў правах кампетэнтнымi нацыянальнымi судамi ў выпадках парушэння яго асноўных правоў, прадастаўленых яму Канстытуцыяй або законам.
Грамадзянам Рэспублiкi Беларусь гарантуецца права на працу як найбольш годны спосаб самасцвярджэння чалавека, гэта значыць права на выбар прафесii, роду заняткаў i работы ў адпаведнасцi з прызваннем, здольнасцямi, адукацыяй, прафесiйнай падрыхтоўкай i з улiкам грамадскiх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя i бяспечныя ўмовы працы (артыкул 41 Канстытуцыi).
Ваеннаслужачыя рэалiзуюць права на працу шляхам праходжання iмi ваеннай службы.
Дзяржава гарантуе ваеннаслужачым захаванне iх правоў i свабод, устаноўленых заканадаўствам для грамадзян Рэспублiкi Беларусь, з абмежаваннямi ў iх выкарыстаннi, абумоўленымi асаблiвасцямi ваеннай службы (артыкул 1 Закона “Аб статусе ваеннаслужачых”).
На ваеннаслужачага, якi парушыў воiнскую дысцыплiну або грамадскi парадак, могуць накладацца дысцыплiнарныя спагнаннi, якiя прадугледжаны Часовым дысцыплiнарным статутам Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь, зацверджаным Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 4 чэрвеня 1997 г. № 318. Панiжэнне ў пасадзе афiцэраў — адзiн з вiдаў дысцыплiнарных спагнанняў (пункт 68 указанага Статута).
У адпаведнасцi з артыкулам 60 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь кожнаму гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным i непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрмiны.
Згодна з часткай чацвёртай артыкула 5 Закона “Аб статусе ваеннаслужачых” пры неабгрунтаваным абмежаваннi правоў i свабод ваеннаслужачыя маюць права на судовую абарону.
У пункце 10 артыкула 23 указанага Закона прадугледжана, што ваеннаслужачыя могуць абскардзiць у суды неправамерныя дзеяннi службовых асоб i органаў ваеннага кiравання, якiя ўшчамляюць iх правы i асабiстую годнасць, а таксама звярнуцца са скаргай у суд на неправамерныя дзеяннi органаў дзяржаўнага кiравання, грамадскiх аб’яднанняў i службовых асоб. Аналагiчная норма змяшчаецца i ў Часовым дысцыплiнарным статуце Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь (пункт 103).
Тэрмiн для звароту ваеннаслужачых у суд са скаргай аб зняццi дысцыплiнаргана спагнання, за выключэннем звальнення, нi ў Законе “Аб статусе ваеннаслужачых”, нi ў Часовым дысцыплiнарным статуце Узброеных Сiл Рэспублiкi Беларусь не ўстаноўлены.
У пункце 3 артыкула 9 Закона “Аб статусе ваеннаслужачых” прадугледжана, што пры нязгодзе ваеннаслужачых з падставамi iх звальнення з ваеннай службы яны маюць права на абскарджанне вышэйстаячаму камандаванню i ў судовым парадку на працягу трох месяцаў пасля выключэння са спiсаў воiнскай часцi. Такiм чынам, заканадаўствам устаноўлены трохмесячны тэрмiн для звароту ў суд са скаргай аб аспрэчваннi незаконнасцi толькi звальнення са службы.
У сiлу часткi пятай артыкула 11 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” пры праверцы нарматыўнага акта Канстытуцыйны Суд мае на ўвазе як лiтаральны яго сэнс, так i сэнс, якi надаецца яму практыкай прымянення.
Ацанiўшы палажэннi нарматыўных прававых актаў, якiя датычацца права ваеннаслужачых на зварот у суд са скаргай аб зняццi дысцыплiнарнага спагнання, а таксама вывучыўшы практыку разгляду ваеннымi судамi скарг, заяў на неправамерныя дзеяннi (рашэннi) службовых асоб i органаў ваеннага кiравання, што парушаюць правы i законныя iнтарэсы ваеннаслужачых, Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу на адсутнасць аднастайнай практыкi прымянення працэсуальных норм пры разглядзе скарг i заяў ваеннаслужачых. У прыватнасцi, скаргi (заявы) ваеннаслужачых аб аспрэчваннi звальнення разглядаюцца ў iскавым парадку, а скаргi аб зняццi дысцыплiнарных спагнанняў — па правiлах, якiя ўзнiкаюць з адмiнiстрацыйна-прававых адносiн, што прыводзiць да абмежавання працэсуальных правоў ваеннаслужачых, у тым лiку да прымянення норм, якiя ўстанаўлiваюць меншыя тэрмiны да звароту ў суд са скаргай.
У частцы трэцяй артыкула 353 ГПК прадугледжана, што ваеннаслужачыя маюць права абскарджваць у ваенны суд дзеяннi (бяздзеянне) службовых асоб i органаў ваеннага кiравання. У адпаведнасцi з артыкуламi 354, 355 ГПК скарга падаецца ў суд пасля абскарджання дзеяння службовай асобы, органа ваеннага кiравання вышэйстаячым ў парадку падпарадкаванасцi службовай асобе, органу ваеннага кiравання, якiя абавязаны разгледзець яе i аб вынiках паведамiць грамадзянiну ў месячны тэрмiн. Скарга можа быць пададзена ў суд у месячны тэрмiн, якi вылiчваецца з дня атрымання грамадзянiнам адмовы вышэйстаячай службовай асобы або арганiзацыi ў задавальненнi скаргi цi са дня заканчэння месячнага тэрмiну пасля падачы скаргi, калi заяўнiкам не быў атрыманы на яе адказ. Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ўказаныя нормы прымяняюцца, калi патрабаваннi ваеннаслужачых, у тым лiку маёмаснага характару, непасрэдна вынiкаюць з адмiнiстрацыйна-прававых адносiн, заснаваных на ўладных паўнамоцтвах аднаго боку ў дачыненнi да другога.
У тых выпадках, калi дзеяннi, якiя абскарджваюцца, учынены службовымi асобамi або органамi ваеннага кiравання не ў парадку ажыццяўлення адмiнiстрацыйна-уладных паўнамоцтваў, а ў працэсе iншай дзейнасцi, заснаванай на роўнасцi ўдзельнiкаў праваадносiн, справа падлягае разгляду ў парадку iскавага вядзення па справе.
Канстытуцыйны Суд пры гэтым таксама адзначае, што аналагiчныя скаргi аб зняццi дысцыплiнарных спагнанняў работнiкаў органаў унутраных спраў разглядаюцца судамi ў парадку iскавага вядзення па справе.
У Законе “Аб статусе ваеннаслужачых” прадугледжана права ваеннаслужачых на абскарджанне дысцыплiнарных спагнанняў, аднак у iм адсутнiчаюць палажэннi, якiя рэгулююць тэрмiны звароту са скаргай у суд, што з’яўляецца прабелам у законе i перашкаджае ваеннаслужачаму рэалiзаваць у поўнай меры канстытуцыйнае права на судовую абарону. Такi прабел можа быць дапоўнены шляхам унясення дапаўненняў i змяненняў у закон, а таксама шляхам прымянення аналогii закона, а пры немагчымасцi выкарыстання аналогii закона прымяняецца аналогiя права. Не дапускаецца прымяненне па аналогii норм, якiя абмяжоўваюць грамадзянскiя правы i ўстанаўлiваюць адказнасць (артыкул 5 Грамадзянскага кодэкса).
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што скаргi ваеннаслужачых аб зняццi дысцыплiнарнага спагнання i аб аспрэчваннi падстаў звальнення са службы павiнны разглядацца ў парадку iскавага вядзення па справе ў сiлу падобнасцi iх прававой прыроды, паколькi ў тым i другiм выпадку ўзнiкае спрэчка аб праве.
Акрамя таго, скаргi ваеннаслужачых аб зняццi дысцыплiнарных спагнанняў па сваёй прававой прыродзе найбольш блiзкiя да скарг i заяў работнiкаў, якiя аспрэчваюць абгрунтаванасць накладання дысцыплiнарных спагнанняў наймальнiкам. Справа аб заявах работнiкаў да наймальнiка аб зняццi дысцыплiнарнага спагнання разглядаюцца ў iскавым парадку. Артыкулам 242 Працоўнага кодэкса ўстаноўлена, што работнiкi па працоўных спрэчках (акрамя звальнення), у тым лiку i аб абскарджаннi дысцыплiнарнага спагнання, могуць звяртацца ў КПС i ў суд на працягу трох месяцаў з дня, калi яны даведалiся або павiнны былi даведацца аб парушэннi свайго права.
Прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, мiжнародных дакументаў, нарматыўных прававых актаў, а таксама судовую практыку, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ваеннаслужачыя маюць права звярнуцца ў суд з заявай аб аспрэчваннi дысцыплiнарнага спагнання на працягу трох месяцаў з дня, калi яны даведалiся або павiнны былi даведацца аб парушэннi свайго права, гэта значыць у той жа тэрмiн, якi ўстаноўлены для абскарджання падстаў звальнення са службы.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Лiчыць, што ваеннаслужачыя маюць права на зварот у суд па пытанню абскарджання дысцыплiнарнага спагнання ў трохмесячны тэрмiн з дня, калi яны даведалiся або павiнны былi даведацца аб парушэннi свайго права.
Разгляд такiх заяў павiнен ажыццяўляцца па правiлах iскавага судаводства.
2. Прапанаваць Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi змяненнi i дапаўненнi ў Закон “Аб статусе ваеннаслужачых” у мэтах яго далейшага ўдасканальвання.
3. Звярнуць увагу судовых органаў на неабходнасць выканання артыкула 112 Канстытуцыi i артыкула 4 Закона “Аб судаўладкаваннi i статусе суддзяў у Рэспублiцы Беларусь”, якiя прадугледжваюць у сiлу артыкула 59 Канстытуцыi iх абавязак ставiць пытаннi перад Канстытуцыйным Судом аб праверцы канстытуцыйнасцi нарматыўнага акта, калi пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да вываду аб неадпаведнасцi нарматыўнага акта, якi падлягае прымяненню, Канстытуцыi.
4. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
5. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч