Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
17 красавіка 2000 г. № 3-96/2000
17 красавіка 2000 г. № 3-96/2000
Аб тлумачэннi Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 13 мая 1999 года “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам часткi шостай артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь”
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.
з удзелам прадстаўнiкоў:
Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь: Лукашова А.I. — начальнiка аддзялення заканадаўства па пытаннях нацыянальнай бяспекi, праваахоўных i судовых органаў Нацыянальнага цэнтра законапраектнай дзейнасцi пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь;
Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь: Арлова Л.К. — загадчыка аддзела крымiнальнага i адмiнiстрацыйнага заканадаўства Упраўлення экспертызы законапраектаў Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь;
Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь: Сянюты Л.Я. — галоўнага спецыялiста экспертна-прававога ўпраўлення Сакратарыята Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб тлумачэннi Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 13 мая 1999 года “Абадпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам часткi шостай артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь”.
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел: Пташнiк У.М. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваненка П.I. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.
Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 г. частка шостая артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь прызнана не адпавядаючай Канстытуцыi i Мiжнароднаму пакту аб грамадзянскiх i палiтычных правах у той меры, у якой яна не прадугледжвала права на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы.
У Заключэннi было ўказана, што да ўнясення змяненняў i дапаўненняў у Крымiнальна-працэсуальны кодэкс па пытаннях судовага абскарджання пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы павiнна непасрэдна прымяняцца норма артыкула 60 Канстытуцыi, якая замацоўвае права кожнага на судовую абарону яго правоў i свабод. Канстытуцыйны Суд прапанаваў Нацыянальнаму сходу Рэспублiкi Беларусь унесцi ў Крымiнальна-працэсуальны кодэкс Рэспублiкi Беларусь змяненнi i дапаўненнi, якiя забяспечваюць рэалiзацыю канстытуцыйнага права грамадзян на абскарджанне пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы ў суд.
Законам ад 25 кастрычнiка 1999 г. частка шостая артыкула 209 КПК дапоўнена ўказаннем аб магчымасцi абскарджання пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы ў суд. Крымiнальна-працэсуальны кодэкс дапоўнены таксама артыкулам 2204, у якiм устаноўлены парадак разгляду судом скаргi на пастанову аб спыненнi крымiнальнай справы.
У сувязi з тым, што сталi ўзнiкаць пытаннi аб праве абскарджання ў суд пастаноў аб спыненнi вядзення па крымiнальных справах, якiя былi вынесены да прыняцця 13 мая 1999 г. Канстытуцыйным Судом указанага Заключэння, аб чым сведчаць матэрыялы судовай практыкi, звароты грамадзян, Рэспублiканскай калегii адвакатаў, Канстытуцыйны Суд 16 сакавiка 2000 г. узбудзiў вядзенне па справе “Аб тлумачэннi Заключэння Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 13 мая 1999 года “Абадпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам часткi шостай артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь”.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Кенiк К.I., прадстаўнiкоў Прэзiдэнта i палат Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь, а таксама Старшыню Рэспублiканскай калегii адвакатаў Андрэйчык Н.I., прааналiзаваўшы нормы Канстытуцыi i законаў Рэспублiкi Беларусь, даследаваўшы матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
У Заключэннi Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 г., у прыватнасцi, было ўказана, што ў адпаведнасцi з палажэннямi крымiнальнага i крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства крымiнальная справа можа быць спынена як пры наяўнасцi падстаў, рэабiлiтуючых грамадзянiна (адсутнасць падзеi злачынства, адсутнасць у дзеяннi саставу злачынства i iншыя падставы, якiя апраўдваюць грамадзянiна), так i ў выпадках, калi па меркаванню органаў папярэдняга следства ў дзеяннях падазронага або абвiнавачванага змяшчаюцца прызнакi саставу злачынства, аднак маюцца прадугледжаныя законам падставы вызвалення яго ад крымiнальнай адказнасцi (сканчэнне тэрмiнаў даўнасцi, акт амнiстыi i iншыя).
Канстытуцыйны Суд адзначыў, што адсутнасць у частцы шостай артыкула 209 КПК нормы аб праве на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы iстотна абмяжоўвала як правы падазронага або абвiнавачванага, якому не забяспечвалася права на праверку ў судовым парадку фактаў, пакладзеных у аснову пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы па нерэабiлiтуючых падставах, так i правы пацярпеўшых ад злачынстваў i iншых удзельнiкаў працэсу, чые правы i законныя iнтарэсы былi парушаны спыненнем справы ў стадыi папярэдняга расследавання.
Права на судовую абарону адносiцца да агульнапрызнаных прынцыпаў мiжнароднага права, прыярытэт якiх, згодна з артыкулам 8 Канстытуцыi, Рэспублiка Беларусь прызнае i забяспечвае адпаведнасць iм заканадаўства. Гэта права ў мiжнароднай практыцы разглядаецца як дзяржаўная гарантыя права на недатыкальнасць асобы. Яно адносiцца да такiх правоў, якiя не могуць быць абмежаваны.
У Заключэннi ад 13 мая 1999 г. Канстытуцыйны Суд адназначна ўказаў на тое, што кожнаму згодна з артыкулам 60 Канстытуцыi гарантуецца абарона яго правоў i свабод кампетэнтным, незалежным, непрадузятым судом.
У артыкуле 137 Канстытуцыi замацавана яе вяршэнства ў сiстэме прававых актаў Рэспублiкi Беларусь. Канстытуцыя валодае вышэйшай юрыдычнай сiлай. У выпадку разыходжання Канстытуцыi i iншых актаў прыярытэт мае Канстытуцыя. Iменна такi вывад вынiкае з аналiзу не толькi артыкула 137, але i артыкула 142 i iншых артыкулаў Асноўнага Закона.
Канстытуцыйны Суд у сваiх заключэннях, пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасцi, прапановах праватворчым i правапрымяняльным органам неаднаразова адзначаў непасрэдны характар дзеяння норм, якiя змяшчаюцца ў артыкуле 60 Канстытуцыi.
У сувязi з выкладзеным Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што частка шостая артыкула 209 КПК Рэспублiкi Беларусь, у якой не было прадугледжана права грамадзянiна на судовае абскарджанне пастановы аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе, перашкаджае рэалiзацыi права кожнага на гарантаваную Канстытуцыяй i мiжнародна-прававымi актамi судовую абарону яго правоў i свабод.
Пасля ўступлення з 30 марта 1994 г. Канстытуцыi ў сiлу артыкул 209 не быў прыведзены ў адпаведнасць з яе патрабаваннямi, i на практыцы нормы КПК прымянялiся без улiку патрабаванняў артыкула 60 (раней — артыкула 61) Канстытуцыi. Гэта было пацверджана i ў ходзе разгляду Канстытуцыйным Судом справы “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь i мiжнародна-прававым актам часткi шостай артыкула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь”.
Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 13 мая 1999 г. правяраемая норма артыкула 209 КПК прызнана неканстытуцыйнай у частцы адсутнасцi ў ёй права на абскарджанне ў суд пастановы аб спыненнi крымiнальнай справы. Зыходзячы з гэтага, Канстытуцыйны Суд у Заключэннi ад 13 мая 1999 г. не вызначаў момант, з якога гэтая норма страчвае сiлу, маючы на ўвазе непасрэдны характар дзеяння артыкула 60 (раней — артыкула 61) Канстытуцыi.
У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд лiчыць неабходным растлумачыць, што ў суд могуць быць абскарджаны пастановы аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе, вынесеныя пасля ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, гэта значыць пасля 30 сакавiка 1994 г., а не толькi пасля 13 мая 1999 г.
Такi вывад абумоўлены неабходнасцю забеспячэння вяршэнства Канстытуцыi i непасрэднага дзеяння яе норм, а таксама тым, што ў перыяд, якi папярэднiчаў прыняццю Канстытуцыйным Судом 13 мая 1999 г. Заключэння, грамадзяне не змаглi на практыцы скарыстаць права на абскарджанне ў суд пастаноў аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе.
Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з аналiзу крымiнальнага i крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства, не знаходзiць прававых падстаў для абмежавання тэрмiнаў абскарджання ў суд пастаноў аб спыненнi крымiнальных спраў якiмi-небудзь тэрмiнамi, у тым лiку тэрмiнамi даўнасцi прыцягнення да крымiнальнай адказнасцi.
Дадзеная пазiцыя Канстытуцыйнага Суда не выключае права заканадаўца пры ўстанаўленнi ў будучым тэрмiнаў абскарджання грамадзянамi такiх пастаноў прадугледзець рэалiзацыю права на зварот у суд i тымi грамадзянамi, у адносiнах да якiх вядзенне па крымiнальнах справах было спынена пасля ўступлення ў сiлу Канстытуцыi.
У сувязi з прызнаннем Канстытуцыйным Судом часткi шостай арыткула 209 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь не адпавядаючай Канстытуцыi i мiжнародна-прававым актам i кiруючыся артыкулам 41 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкулам 77 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда, Канстытуцыйны Суд
РАСТЛУМАЧВАЕ:
1. У суд могуць быць абскарджаны пастановы аб спыненнi вядзення па крымiнальнай справе, калi яны былi вынесены пасля ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, гэта значыць з 30 сакавiка 1994 г., паколькi артыкул 60 (раней — артыкул 61) Канстытуцыi мае непасрэдны характар дзеяння.
2. Гэта Заключэнне падлягае апублiкаванню ў тэрмiн, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь.
3. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч