Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
16 сакавіка 2000 г. № З-95/2000
16 сакавіка 2000 г. № З-95/2000
Аб адпаведнасцi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь абзацаў чацвёртага, пятага, шостага, сёмага, восьмага, дзевятага i дзесятага пункта 8 Метадычных указанняў “Аб парадку вылiчэння падатку на дабаўленую вартасць”, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 26 красавiка 1999 г. № 87, са змяненнямi i дапаўненнямi, зацверджанымi загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 20 лiпеня 1999 г. № 173
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Суда — Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б.
з удзелам:
прадстаўнiка Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь — Турмовiча С.П., суддзi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь;
прадстаўнiкоў Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь — Кандратавай Л.А., намеснiка Старшынi Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь; Герштэйна Я.Ф., начальнiка ўпраўлення метадалогii падаткаабкладання юрыдычных асоб Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэннi справу “Аб адпаведнасцi Канстытуцыi i законам Рэспублiкi Беларусь абзацаў чацвёртага, пятага, шостага, сёмага, восьмага, дзевятага i дзесятага пункта 8 Метадычных указанняў “Аб парадку вылiчэння падатку на дабаўленую вартасць”, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 26 красавiка 1999 г. № 87, са змяненнямi i дапаўненнямi, зацверджанымi загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 20 лiпеня 1999 г. № 173”.
У судовым пасяджэннi прынялi ўдзел: Царэнка Я.М. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом 25 студзеня 2000 г. па прапанове Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыi, артыкулаў 5 i 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” i артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.
Праверцы падлягалi абзацы чацвёрты, пяты, шосты, сёмы, восьмы, дзевяты i дзесяты (у далейшым — абзацы чацвёрты—дзесяты) пункта 8 Метадычных указанняў “Аб парадку вылiчэння падатку на дабаўленую вартасць”, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 26 красавiка 1999 г. № 87, са змяненнямi i дапаўненнямi, зацверджанымi загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 20 лiпеня 1999 г. № 173 (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 51, 8/439; № 63, 8/711), якiя прадугледжвалi абкладанне падаткам на дабаўленую вартасць страт ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты.
У сваёй прапанове Вышэйшы Гаспадарчы Суд указаў, што ў падлягаючых праверцы Метадычных указаннях “Аб парадку вылiчэння падатку на дабаўленую вартасць” замежная валюта была прыроўнена да пакупных тавараў (прадукцыi), а курс замежнай валюты — да цаны пакупнога тавару (прадукцыi). Тым самым мела месца змяненне аб'екта падаткаабкладання i падаткаабкладаемага абароту, якiя маглi быць вызначаны толькi шляхам прыняцця адпаведнага закона Рэспублiкi Беларусь. Па меркаванню Вышэйшага Гаспадарчага Суда, замежная валюта, будучы грашовым сродкам, не з'яўляецца таварам; такiя катэгорыi, як “замежная валюта” i “тавар”, маюць розныя эканамiчныя асновы. У сувязi з гэтым распаўсюджванне палажэнняў часткi чацвёртай артыкула 3 Закона ад 19 снежня 1991 г. “Аб падатку на дабаўленую вартасць” на праваадносiны, звязаныя з купляй-продажам замежнай валюты, з'яўляецца неправамерным.
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь адзначае, што Метадычныя ўказаннi “Аб парадку вылiчэння падатку на дабаўленую вартасць”, зацверджаныя загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 26 красавiка 1999 г. № 87, з наступнымi змяненнямi i дапаўненнямi (у далейшым — Метадычныя ўказаннi), на момант разгляду справы Канстытуцыйным Судом страцiлi сiлу. Аднак у сувязi з тым, што ў перыяд дзеяння Метадычных указанняў былi закрануты канстытуцыйныя правы i абавязкi падаткаплацельшчыкаў i для асобных з iх прымяненне падлягаючых праверцы норм пацягнула наступленне пэўных прававых вынiкаў, Канстытуцыйны Суд лiчыць неабходным разгледзець дадзеную справу па сутнасцi.
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Бойка Т.С., прадстаўнiкоў бакоў, вывучыўшы матэрыялы справы, прааналiзаваўшы палажэннi Канстытуцыi, законаў i iншых нарматыўных актаў Рэспублiкi Беларусь, а таксама правапрымяняльную практыку, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
У абзацах чацвёртым — дзесятым пункта 8 Метадычных указанняў вызначана, што:
пры наяўнасцi страт ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты абкладаемы падаткам абарот павялiчваецца на суму гэтых страт (у банках — рахунак 9241 “Страты ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты”);
пры вылiчэннi падатку на дабаўленую вартасць абкладаемы абарот павялiчваецца толькi на памер страт, атрыманых у вынiку рэалiзацыi раней набытай валюты нiжэй цаны яе набыцця;
сумай страт ад рэалiзацыi замежнай валюты ў банках з'яўляюцца адлюстроўваемыя па даных першаснага ўлiку ў саставе рахунку 9241 ”Страты ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты” толькi сумы страт ад аперацый продажу замежнай валюты нiжэй цаны яе набыцця, за выключэннем канверсii аднаго вiду замежнай валюты ў iншы вiд замежнай валюты, абавязковага продажу перавышэння даходаў над расходамi ў замежнай валюце, аперацый рэгулявання валютнай пазiцыi памiж фiлiяламi банка, фармiравання рэзерваў па няпэўнай запазычанасцi па валютных крэдытах, пагашэння асноўнага доўгу i працэнтаў па валюце беларускiмi рублямi, здзелак СВОП, накiравання валюты на канвертацыю фондаў банка, адлюстравання ва ўлiку банкаўскiх даходаў i расходаў у валюце, якiя праводзяцца ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам i ўказаннямi Нацыянальнага банка Рэспублiкi Беларусь;
пры гэтым наяўнасць купленай замежнай валюты вызначаецца па адпаведных рахунках 6901 “Валютная пазiцыя” (крэдытавы астатак) па кожнаму вiду валют на пачатак разлiковага перыяду, вызначанага банкам пры разлiку рэалiзаванага фiнансавага рэзультату ад валютна-абменных аперацый, у адпаведнасцi з Парадкам улiку аперацый у замежнай валюце ў камерцыйных банках;
цана набыцця купленай валюты вызначаецца дзяленнем сумы дэбетавага астатку на пачатак разлiковага перыяду па рахунку 6911 “Рублёвы эквiвалент валютнай пазiцыi” на суму крэдытавага астатку на пачатак разлiковага перыяду па рахунку 6901 “Валютная пазiцыя” адпаведнага вiду валюты;
цана рэалiзацыi купленай замежнай валюты вызначаецца курсам, якi ўстанаўлiваецца кожным дагаворам (здзелкай) продажу гэтай валюты;
памер страты, на якi павялiчваецца абкладаемы падаткам на дабаўленую вартасць абарот, вызначаецца памнажэннем колькасцi прададзенай (перааформленай) валютнай запазычанасцi нiжэй цаны набыцця замежнай валюты на абсалютнае адхiленне цаны рэалiзацыi ад цаны набыцця. Пры перавышэннi ўказанай страты памеру страты па рахунку 9241 “Страты ад куплi-продажу замежнай валюты” абкладаемы падаткам абарот павялiчваецца на памер страты па гэтаму рахунку.
Падатак на дабаўленую вартасць устаноўлены Законам ад 19 снежня 1991 г. “Аб падатку на дабаўленую вартасць”, якi ўведзены ў дзеянне з 1 студзеня 1992 г. Указаны нарматыўны акт выкладзены ў новай рэдакцыi Законам ад 16 лiстапада 1999 г. “Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у Закон Рэспублiкi Беларусь “Аб падатку на дабаўленую вартасць”.
Згодна з Законам ад 19 снежня 1991 г. “Ад падатку на дабаўленую вартасць” у перыяд яго дзеяння з 1 студзеня 1992 г. па 31 снежня 1999 г. (у далейшым — Закон ад 19 снежня 1991 г.) аб'ектам падаткаабкладання з'яўлялася вартасць, якую прадпрыемства (як у сферы вытворчасцi, так i абароту) дабаўляла да вартасцi сыравiны, матэрыялаў або тавараў пры вытворчасцi i рэалiзацыi прадукцыi, тавараў, выкананнi работ i аказаннi паслуг, а таксама вартасць тавараў, якiя ўвозяцца на тэрыторыю Рэспублiкi Беларусь. Падаткам на дабаўленую вартасць абкладалася дабаўленая вартасць пры продажы ўсiх тавараў, вырабленых, набытых або нарыхтаваных, аднымi юрыдычнымi асобамi цi прадпрымальнiкамi, якiя ажыццяўляюць сваю дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы, iншым юрыдычным цi фiзiчным асобам. Таварам лiчыўся прадмет, выраб, маёмасць, прадукцыя (артыкул 2).
Гэтым жа Законам таксама прадугледжвалася, што абкладаемая падаткам дабаўленая вартасць вылiчвалася зыходзячы з сумы, атрыманай за тавары, выкананыя работы i аказаныя паслугi, за вылiкам матэрыяльных затрат на вытворчасць гэтай прадукцыi (работ, паслуг), а таксама рознiцы памiж даходамi i расходамi па пазарэалiзацыйных аперацыях (частка першая артыкула 3).
У першапачатковай рэдакцыi Закона ад 19 снежня 1991 г. аперацыi (уключаючы перадачу), што датычацца валюты, грошай i банкнотаў, якiя з'яўляюцца сродкамi плацяжу, за выключэннем калекцыйных манет, падаткам на дабаўленую вартасць не абкладалiся (пункт 8 часткi першай артыкула 5). Законам ад 10 снежня 1993 г. “Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублiкi Беларусь па пытаннях падаткаабкладання” пункт 8 з часткi першай артыкула 5 Закона ад 19 снежня 1991 г. быў выключаны.
Норма часткi чацвёртай артыкула 3 Закона ад 19 снежня 1991 г., згодна з якой пры рэалiзацыi пакупных тавараў (прадукцыi) па цэнах нiжэй цаны набыцця абкладаемы абарот вылiчваўся зыходзячы з цаны набыцця рэалiзаваных тавараў, была ўведзена Законам ад 22 снежня 1992 г. “Аб унясеннi змяненняў i дапаўненняў у заканадаўчыя акты Рэспублiкi Беларусь па пытаннях падаткаабкладання”, уступiўшым у сiлу з 1 студзеня 1993 г. Канстытуцыйны Суд адзначае, што дапаўненне Закона ад 19 снежня 1991 г. указанай нормай мела месца ў перыяд дзеяння льготы ў адносiнах да аперацый (уключаючы перадачу), што датычацца валюты, грошай i банкнотаў, якiя з'яўлялiся сродкамi плацяжу, гэта значыць заканадавец не прадугледжваў выплату падатку на дабаўленую вартасць пры рэалiзацыi замежнай валюты нiжэй цаны яе набыцця. Са зместу Закона ад 19 снежня 1991 г. вынiкала, што грашовыя сродкi (замежная валюта) выступаюць таварам (прадукцыяй) толькi тады, калi яны з'яўляюцца рэзультатам дзейнасцi прадпрыемства па iх вырабу або калi грошы (валюта) набываюцца для нумiзматычных мэт.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што пасля выключэння з Закона ад 19 снежня 1991 г. iльготы ў адносiнах да аперацый (уключаючы перадачу), што датычацца валюты, грошай i банкнотаў, якiя з'яўлялiся сродкамi плацяжу, палажэннi часткi чацвёртай артыкула 3 указанага Закона, вызначаўшай, што пры рэалiзацыi пакупных тавараў (прадукцыi) па цэнах нiжэй цаны набыцця абкладаемы абарот вылiчваўся зыходзячы з цаны набыцця рэалiзаваных тавараў, не маглi аўтаматычна распаўсюдзiцца на аперацыi з замежнай валютай. Пашыранае тлумачэнне паняцця “пакупны тавар (прадукцыя)”, з улiкам палажэнняў часткi чацвёртай артыкула 3 Закона ад 19 снежня 1991 г. i далейшых змяненняў i дапаўненняў норм Закона “Аб падатку на дабаўленую вартасць” у частцы вызначэння аб'екта падаткаабкладання i абкладаемага абароту, недапушчальна ў адносiнах да валютных аперацый, таму што воля заканадаўца ў момант увядзення нормы, якая прадугледжвала выплату падатку на дабаўленую вартасць пры рэалiзацыi пакупных тавараў (прадукцыi) па цэнах нiжэй цаны набыцця, не распаўсюджвалася на аперацыi з валютай. Па агульнаму правiлу аб’ектам падаткаабкладання ў адпаведнасцi з Законам ад 19 снежня 1991 г. з’яўлялася дабаўленая вартасць (артыкул 2), таму пэўныя выключэннi з гэтага агульнага правiла маглi быць устаноўлены толькi самiм заканадаўцам.
Акрамя таго Канстытуцыйны Суд лiчыць, што палажэннi часткi чацвёртай артыкула 3 Закона ад 19 снежня 1991 г. не падлягалi распаўсюджванню на валютныя аперацыi i ў сiлу таго, што банкаўскiя паслугi куплi-продажу замежнай валюты па сваёй прававой прыродзе з’яўляюцца валютна-абменнымi аперацыямi, пры якiх замежная валюта абменьваецца на нацыянальную грашовую адзiнку Рэспублiкi Беларусь (цi наадварот) па пэўнаму валютнаму курсу. Валютны курс уяўляе сабой цану грашовай адзiнкi краiны, выражаную ў грашовай адзiнцы iншай краiны. Згодна з Законам “Аб Нацыянальным банку Рэспублiкi Беларусь” Нацыянальны банк устанаўлiвае афiцыяльныя курсы нацыянальнай грашовай адзiнкi ў адносiнах да iншых валют i рэгулюе яе рыначны курс (артыкул 21).
У адпаведнасцi з часткай трынаццатай артыкула 3 Закона ад 19 снежня 1991 г. сума падатку на дабаўленую вартасць уключаецца ў адпускную цану тавару (работ, паслуг). У артыкуле 12 Закона “Аб цэнаўтварэннi” прадугледжваецца, што юрыдычная асоба, прадпрымальнiк маюць права самастойна або па ўзгадненню з пакупнiком устанавiць цану (тарыф) на тавар (работу, паслугу), калi ў адносiнах да iх у адпаведнасцi з заканадаўствам аб цэнаўтварэннi не прымяняецца дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне. Такiм чынам, адпускныя цэны на тавары (работы, паслугi) фармiруюцца суб’ектамi гаспадарання, якiя вырабляюць i рэалiзуюць гэтыя тавары (работы, паслугi), самастойна або ўстанаўлiваюцца органамi дзяржаўнага кiравання, уключаюць у сябе расходы на яго вытворчасць i рэалiзацыю i нiчога агульнага з валютным курсам, якi ўстанаўлiваецца Нацыянальным банкам, не маюць.
Канстытуцыйны Суд таксама звяртае ўвагу на тое, што ў рэдакцыях усiх Метадычных указанняў аб парадку вылiчэння падатку на дабаўленую вартасць, што дзейнiчалi да прыняцця правяраемых Метадычных указанняў, адсутнiчалi палажэннi, якiя прадугледжвалi абкладанне падаткам на дабаўленую вартасць страт ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты. Да прыняцця гэтых Метадычных указанняў частка чацвёртая артыкула 3 Закона ад 19 снежня 1991 г., у якой прадугледжвалася, што пры рэалiзацыi пакупных тавараў (прадукцыi) па цэнах нiжэй цаны набыцця абкладаемы абарот вылiчваўся зыходзячы з цаны набыцця рэалiзаваных тавараў, выкладалася Дзяржаўным падатковым камiтэтам у дакладнай адпаведнасцi з Законам ад 19 снежня 1991 г. Нормы, якiя прадугледжваюць абкладанне падаткам на дабаўленую вартасць страт ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты, з’явiлiся толькi ў Метадычных указаннях “Аб парадку вылiчэння падатку на дабаўленую вартасць”, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта ад 26 красавiка 1999 г. № 87, з дапаўненнямi ад 20 лiпеня 1999 г. № 173.
З аналiзу зместу правяраемых абзацаў пункта 8 Метадычных указанняў вынiкае, што ў iх па сутнасцi мела месца: устанаўленне (пашырэнне) аб’екта абкладання па падатку на дабаўленую вартасць за кошт павелiчэння абкладаемага абароту на суму страт ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты (абзац чацвёрты), вызначэнне (павелiчэнне) абкладаемага абароту шляхам уключэння ў яго толькi страт, атрыманых у вынiку рэалiзацыi раней набытай валюты нiжэй цаны яе набыцця (абзац пяты); выключэнне з абкладаемага абароту страт ад асобных вiдаў аперацый з замежнай валютай (канверсii аднаго вiду замежнай валюты ў iншы вiд замежнай валюты, абавязковага продажу перавышэння даходаў над расходамi ў замежнай валюце i iнш.) (абзац шосты), што па сваёй сутнасцi з’яўляецца прадастаўленнем iльгот па падатку на дабаўленую вартасць.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што аб’ект падатку, падаткаабкладаемая база (абкладаемы абарот) з’яўляюцца асноўнымi элементамi падатку, таму iх вызначэнне адносiцца да паўнамоцтваў дзяржаўных органаў, якiя валодаюць правам на ўстанаўленне падаткаў. Згодна з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь устанаўленне рэспублiканскiх падаткаў адносiцца да кампетэнцыi Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь (пункт 2 часткi першай артыкула 97, пункт 1 часткi першай артыкула 98).
Пытаннi прадастаўлення льгот па падатках i зборах рэгулююцца Законам “Аб падатках i зборах, якiя бяруцца ў бюджэт Рэспублiкi Беларусь”, згодна з якiм iльготы па падатках i зборах устанаўлiваюцца Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь i законамi Рэспублiкi Беларусь (частка першая артыкула 4).
Канстытуцыйны Суд таксама адзначае, што Законам ад 19 снежня 1991 г. не толькi не прадугледжвалася падаткаабкладанне страт ад аперацый па куплi-продажу замежнай валюты, але i не прадастаўлялася Дзяржаўнаму падатковаму камiтэту права вызначаць аб’екты абкладання падаткам на дабаўленую вартасць, павялiчваць абкладаемы абарот i тым больш устанаўлiваць iльготы па дадзенаму падатку.
У Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь устаноўлены прынцып вяршэнства права. Дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёю актаў заканадаўства (артыкул 7). Згодна з пунктам 2 Палажэння аб Дзяржаўным падатковым камiтэце Рэспублiкi Беларусь, зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 11 красавiка 1997 г. № 333, Дзяржаўны падатковы камiтэт у сваёй дзейнасцi кiруецца Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, дзеючым заканадаўствам i ўказаным Палажэннем.
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што рэгуляванне пытанняў, якiя змяшчалiся ў абзацах чацвёртым—дзесятым пункта 8 Метадычных указанняў, не грунтавалася на палажэннях Закона ад 19 снежня 1991 г. i не ўваходзiла ў кампетэнцыю Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь. Згодна з падпунктам 4.3 Палажэння аб Дзяржаўным падатковым камiтэце Рэспублiкi Беларусь да кампетэнцыi Дзяржаўнага падатковага камiтэта адносiцца, у прыватнасцi, распрацоўка прапаноў па ўдасканальванню падатковага заканадаўства i выданне метадычных указанняў i растлумачэнняў аб парадку вылiчэння, улiку i спагнання падаткаў i iншых плацяжоў у бюджэт.
Адначасова Канстытуцыйны Суд адзначае, што Закон “Аб падатку на дабаўленую вартасць”, якi ўступiў у дзеянне ў новай рэдакцыi з 1 студзеня 2000 г., прадугледзеў вызваленне ад абкладання падаткам на дабаўленую вартасць абаротаў па рэалiзацыi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь банкамi i небанкаўскiмi фiнансавымi арганiзацыямi аперацый па абарачэнню валюты Рэспублiкi Беларусь або замежнай валюты, калi такiя аперацыi не ажыццяўляюцца ў мэтах нумiзматыкi, не звязаны з рэалiзацыяй валюты Нацыянальнаму банку Рэспублiкi Беларусь або банку iншай дзяржавы прадпрыемствам, якое яе вырабiла, i не з’яўляюцца прадметам паслуг па захоўванню, перавозцы або iнкасацыi валюты (падпункт 2.22.3 пункта 2 артыкула 3). Пры гэтым Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што ў Метадычных указаннях “Аб парадку вылiчэння i выплаты падатку на дабаўленую вартасць”, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 13 снежня 1999 г. № 310, вызначана, што для мэт падаткаабкладання таварам лiчыцца, у прыватнасцi, прадукцыя (прадмет, выраб), будынкi, збудаваннi i iншыя вiды нерухомай i рухомай маёмасцi, за выключэннем грашовых сродкаў (пункт 5).
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 6, 9, 34, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Прызнаць не адпавядаючымi Канстытуцыi i законам Рэспрублiкi Беларусь абзацы чацвёрты, пяты, шосты, сёмы, восьмы, дзевяты i дзесяты пункта 8 Метадычных указанняў “Аб парадку вылiчэння падатку на дабаўленую вартасць”, зацверджаных загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 26 красавiка 1999 г. № 87, са змяненнямi i дапаўненнямi, зацверджанымi загадам Дзяржаўнага падатковага камiтэта Рэспублiкi Беларусь ад 20 лiпеня 1999 г. № 173. Лiчыць iх не маючымi юрыдычнай сiлы з дня прыняцця названых Метадычных указанняў.
2. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў тэрмiн, устаноўлены заканадаўствам, у “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублiкi Беларусь.
3. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з’яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч