Акты Канстытуцыйнага Суда
ЗАКЛЮЧЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
18 лютага 2000 г. № З-93/2000
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь пункта 2 Указа Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 "Аб тлумачэннi Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52"
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе Старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Суда Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б.
 
з удзелам:
 
прадстаўнікоў Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь — Ягорава А.П., намеснiка Старшынi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь; Турмовiча С.П., суддзi Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублiкi Беларусь;
 
прадстаўнiка Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь — Салiкава А.С., намеснiка Старшынi Камiтэта дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь
 
разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні справу "Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублiкi Беларусь пункта 2 Указа Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 "Аб тлумачэннi Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52".
 
У судовым пасяджэнні прынялі ўдзел: Мiранiчэнка I.А. — намеснiк Старшынi Вярхоўнага Суда Рэспублiкi Беларусь; Iваноўскi А.У. — намеснiк Генеральнага пракурора Рэспублiкi Беларусь; Сяргеева В.Г. — намеснiк Мiнiстра юстыцыi Рэспублiкi Беларусь.
 
Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом па прапанове Вышэйшага Гаспадарчага Суда Рэспублікі Беларусь на падставе артыкула 116 Канстытуцыі, артыкулаў 5 і 6 Закона "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь" і артыкула 43 Рэгламенту Канстытуцыйнага Суда.
 
Праверцы падлягаў пункт 2 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 “Аб тлумачэннi Указа Прэзiдэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52” (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублiкi Беларусь, 1999 г., № 7, 1/38). Гэтым Указам дадзена тлумачэнне асобных палажэнняў Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52 “Аб устанаўленнi парадку рэгулявання экспартна-iмпартных i валютных аперацый i аб павышэннi адказнасцi за парушэнне заканадаўства ў галiне знешнеэканамiчнай дзейнасцi”, якiя датычацца парадку разлiкаў пры ажыццяўленнi знешнеэканамiчных здзелак. Пунктам 2 Указа ад 18 студзеня 1999 г. № 30 прадугледжвалася, што ён уступае ў сiлу з моманту ўступлення ў сiлу адпаведных норм Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52.
 
Па меркаванню Вышэйшага Гаспадарчага Суда, зыходзячы з лiтаральнага сэнсу абзаца чацвёртага часткi другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52, пастаўка тавару па iмпарту згодна з бартэрным кантрактам павiнна праводзiцца не пазней 60 дзён з даты выканання ўсёй экспартнай часткi кантракта. Вышэйшы Гаспадарчы Суд лiчыць, што Указам ад 18 студзеня 1999 г. № 30 абзац чацвёрты часткi другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52 па сутнасцi не растлумачаны, а фактычна дапоўнены. Акрамя таго, ва Указе ад 8 лютага 1995 г. № 52 няма ўпамiнання аб асобных таварасуправаджальных дакументах. Наданне Указу ад 18 студзеня 1999 г. № 30 зваротнай сiлы цягне распаўсюджванне такога тлумачэння на раней учыненыя здзелкi i можа закранаць iнтарэсы суб’ектаў гаспадарання, якiя ажыццяўляюць знешнеэканамiчную дзейнасць.
 
Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 4 студзеня 2000 г. № 7 “Аб удасканальваннi парадку правядзення i кантролю знешнегандлёвых аперацый” прызнаны страцiўшымi сiлу Указы Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52 i ад 18 студзеня 1999 г. № 30. Аднак у сувязi з прымяненнем на практыцы на працягу доўгага часу норм Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52, якi тлумачыўся, а таксама адсутнасцю хадайнiцтваў бакоў аб спыненнi вядзення па гэтай справе Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь лiчыць неабходным разгледзець прапанову Вышэйшага Гаспадарчага Суда аб праверцы канстытуцыйнасцi пункта 2 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30.
 
Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Вараб'я Г.А., прадстаўнiкоў бакоў, прааналiзаваўшы адпаведныя палажэннi Канстытуцыi, актаў грамадзянскага заканадаўства i iншых нарматыўных актаў Рэспублiкi Беларусь, якiя вызначаюць парадак экспартна-iмпартных аперацый i разлiкаў пры ажыццяўленнi знешнеэканамiчных здзелак, правапрымяняльную практыку, iншыя матэрыялы справы, Канстытуцыйны Суд устанавiў наступнае.
 
Абзацам чацвёртым часткi другой пункта 1 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52 было прадугледжана, што суб’ект гаспадарання павiнен забяспечыць паступленне тавару па iмпарту згодна з бартэрным кантрактам не пазней 60 каляндарных дзён з даты выканання экспартнай часткi гэтага кантракта.
 
Матэрыялы справы сведчаць, што на практыцы змест абзаца чацвёртага часткi другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52 пры адсутнасцi ў заканадаўстве, якое дзейнiчала, вызначэння паняцця “экспартная частка бартэрнага кантракта” некаторымi дзяржаўнымi органамi i суб’ектамi гаспадарання разумелася неадназначна.
 
Камiтэт дзяржаўнага кантролю Рэспублiкi Беларусь прыцягваў суб’ектаў гаспадарання да адказнасцi за парушэнне тэрмiнаў атрымання тавараў пры кожнай экспартнай адгрузцы прадукцыi, аформленай асобнымi таварасуправаджальнымi дакументамi. Прымяняемыя iм эканамiчныя санкцыi суб’ектамi гаспадарання, як правiла, не аспрэчвалiся.
 
Практыка дзейнасцi Мiнiстэрства знешнiх эканамiчных сувязей Рэспублiкi Беларусь (у цяперашнi час — Мiнiстэрства замежных спраў Рэспублiкi Беларусь) сведчыць, што суб’екты гаспадарання ў адпаведнасцi з Палажэннем аб парадку кантролю за ажыццяўленнем суб’ектамi гаспадарання ўсiх форм уласнасцi знешнеэканамiчнай дзейнасцi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь, зацверджаным Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52, звярталiся за прадаўжэннем тэрмiнаў атрымання тавараў па iмпарту згодна з бартэрным кантрактам пры кожнай экспартнай адгрузцы прадукцыi, аформленай асобным таварасуправаджальным дакументам, калi з акалiчнасцей выканання бартэрнага кантракта вынiкала, што ўстаноўлены гэтым Указам тэрмiн паступлення тавару (60 дзён) мог быць парушаны.
 
Вышэйшы Гаспадарчы Суд пры вырашэннi спрэчкi прыйшоў да вываду, што вылiчэнне тэрмiнаў паступлення тавараў па iмпарту згодна з бартэрным кантрактам неабходна праводзiць з моманту выканання экспартнай часткi кантракта ў цэлым i толькi пасля заканачэння апошняга тэрмiну (60 дзён) можна прыцягваць суб’ектаў гаспадарання да эканамiчнай адказнасцi.
 
Неадназначнае на практыцы разуменне абзаца чацвёртага часткi другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52 у пэўнай меры было абумоўлена недакладнасцю яго тэрмiнаў i фармулёвак, нявызначанасцю паняцця “экспартная частка бартэрнага кантракта”, што i выклiкала неабходнасць афiцыйнага тлумачэння дадзенага Указа.
 
Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 было растлумачана, што пад экспартнай часткай бартэрнага кантракта, аб якой iдзе гаворка ў абзацы чацвёртым часткi другой пункта 1 Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52, разумеецца кожная экспартная адгрузка прадукцыi, аформленая асобным таварасуправаджальным дакументам (мытная дэкларацыя, накладная i г.д.), або кожны этап выканання работ (аказання паслуг), аформлены асобным актам аб прыёмцы-здачы выкананых работ (аказаных паслуг). Пунктам 2 Указа аб тлумачэннi было ўстаноўлена, што гэты Указ уступае ў сiлу з моманту ўступлення ў сiлу адпаведных норм Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52.
 
Агульнапрызнана, што афiцыйным нарматыўным тлумачэннем ратлумачваюцца нормы акта, якi тлумачыцца, безадносна да канкрэтных выпадкаў iх рэалiзацыi, i яно распаўсюджваецца на ўсе выпадкi, прадугледжаныя нормай, якая тлумачыцца, у мэтах забеспячэння аднастайнага i правiльнага прымянення на практыцы яе прадпiсанняў, удакладнення i канкрэтызацыi палажэнняў, сфармуляваных у нарматыўным акце. Акты нарматыўнага тлумачэння не маюць самастойнага значэння, з'яўляюцца неад'емнай, састаўной часткай норм, якiя тлумачацца, звычайна ўводзяцца з моманту ўступлення ў сiлу актаў, якiя тлумачацца, i захоўваюць сваю сiлу на час iх дзеяння.
 
Артыкулам 70 Закона Рэспублiкi Беларусь “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь” устаноўлена, што ў выпадку выяўлення няяснасцей i адрозненняў у змесце нарматыўнага прававога акта, а таксама супярэчнасцей у практыцы яго прымянення нарматворчы орган (службовая асоба), якi прыняў (выдаў) гэты акт, або, калi iншае не прадугледжана Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, упаўнаважаны iм орган ажыццяўляюць афiцыйнае тлумачэнне гэтых норм шляхам выдання спецыяльнага акта. Пры тлумачэннi нарматыўнага прававога акта растлумачваецца або ўдакладняецца змест яго прававых норм, вызначаецца iх месца ў заканадаўстве, а таксама ўстанаўлiваюцца функцыянальныя i iншыя сувязi з iншымi нормамi, якiя рэгулююць розныя аспекты аднаго i таго ж вiду грамадскiх адносiн. Такая ж пазiцыя змяшчаецца i ў рэкамендацыйным заканадаўчым акце “Аб нарматыўных прававых актах дзяржаў—удзельнiц СНД”, адобраным Пастановай Мiжпарламенцкай Асамблеi дзяржаў—удзельнiц Садружнасцi Незалежных Дзяржаў ад 13 мая 1995 г. У iм, у прыватнасцi, устаноўлена, што орган, якi прыняў адпаведны нарматыўны акт, дае неабходнае тлумачэнне (растлумачэнне) яго норм, што афармляецца ў спецыяльным акце, у выпадку выяўлення няяснасцей i рознага разумення нарматыўнага прававога акта, супярэчлiвай практыкi яго прымянення (артыкул 48).
 
У адпаведнасцi з Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь дзяржава, усе яе органы i службовыя асобы дзейнiчаюць у межах Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёй актаў заканадаўства (артыкул 7). Пры ажыццяўленнi сваiх канстытуцыйных паўнамоцтваў Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь мае права выдаваць нарматыўныя прававыя акты i даваць iх афiцыйнае тлумачэнне.
 
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, пры тлумачэннi свайго Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52 меў права ў рамках акта тлумачэння растлумачыць не толькi змест норм, якiя тлумачылiся, але i парадак, i ўмовы iх прымянення да адносiн, што склалiся.
 
Ва Указе ад 4 студзеня 2000 г. № 7 “Аб удасканальваннi парадку правядзення i кантролю знешнегандлёвых аперацый” таксама вызначана, што паступленне тавараў, выкананне работ, аказанне паслуг пры неграшовай форме спынення абавязацельстваў па двухбаковаму знешнегандлёваму дагавору, якi прадугледжвае эквiвалентны абмен таварамi, павiнна быць забяспечана не пазней 60 каляндарных дзён з даты iх кожнай экспартнай адгрузкi (пункт 2.6), гэта значыць захавалася пазiцыя Указа ад 18 студзеня 1999 г. № 30, растлумачваючага палажэннi Указа ад 8 лютага 1995 г. № 52.
 
У той жа час Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што пунктам 2.14 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 4 студзеня 2000 г. № 7 прадугледжана, што акты заканадаўства, якiя рэгулююць парадак ажыццяўлення знешнегандлёвай дзейнасцi i змякчаюць (адмяняюць) эканамiчную адказнасць, распаўсюджваюцца i на правапарушэннi, учыненыя да ўступлення гэтых актаў у законную сiлу, за якiя не былi прыменены эканамiчныя санкцыi. Пры гэтым акты заканадаўства, якiя ўстанаўлiваюць або ўзмацняюць адказнасць за эканамiчныя правапарушэннi ў сферы знешнегандлёвай дзейнасцi, зваротнай сiлы не маюць. Неабходна мець на ўвазе, што гэтым Указам знiжаны памер эканамiчных санкцый з 5 да 2 працэнтаў вартасцi не атрыманага ва ўстаноўленыя тэрмiны тавару за кожны дзень пратэрмiноўкi. Такi падыход поўнасцю базiруецца на замацаваным у артыкуле 104 Канстытуцыi прынцыпе непрыдання новым нарматыўным актам зваротнай сiлы, за выключэннем выпадкаў, калi iмi змякчаецца або адмяняецца адказнасць грамадзян. Такiм чынам, Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь мае права ўстанавiць больш iльготны парадак прымянення заканадаўства да праваадносiн, якiя ўзнiклi да ўступлення ў сiлу Указа ад 4 студзеня 2000 г. № 7.
 
У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд адзначае, што Прэзiдэнт Рэспублiкi Беларусь, зыходзячы з iнтарэсаў дадатковай абароны суб’ектаў гаспадарання, мае права таксама вырашыць пытанне аб распаўсюджваннi дзеяння норм заканадаўства, якое змякчае эканамiчную адказнасць, i на выпадкi, калi ўжо адбылася судовая пастанова i яна ўступiла ў законную сiлу, або прыняць рашэнне, у адпаведнасцi з якiм не падлягалi б перагляду судовыя пастановы, што грунтуюцца на такiм разуменнi выканання экспартнай часткi бартэрнага кантракта (прымяняльна да адносiн, якiя рэгулявалiся Указам ад 8 лютага 1995 г. № 52), як выкананне кантракта ў цэлым.
 
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 116 Канстытуцыi, артыкуламi 5, 9, 34, 38, 40 i 43 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прызнаць пункт 2 Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 “Аб тлумачэннi Указа Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 8 лютага 1995 г. № 52” адпавядаючым Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь як выдадзены ў межах кампетэнцыi Прэзiдэнта, якая прадугледжвае яго права на афiцыйнае нарматыўнае тлумачэнне прынятых iм нарматыўных прававых актаў у мэтах растлумачэння не толькi зместу норм, якiя тлумачацца, але i парадку, i ўмоў iх прымянення да адносiн, што склалiся.
 
Такi вывад не выключае права Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, зыходзячы з iнтарэсаў дадатковай абароны суб'ектаў гаспадарання, вырашыць пытанне аб распаўсюджваннi дзеяння норм заканадаўства, змякчаючага эканамiчную адказнасць, таксама на выпадкi, калi ўжо адбылася судовая пастанова i яна ўступiла ў законную сiлу, або прыняць такое рашэнне, у адпаведнасцi з якiм не падлягалi б перагляду судовыя пастановы, што грунтуюцца на такiм разуменнi выканання экспартнай часткi бартэрнага кантракта (прымяняльна да адносiн, якiя рэгулявалiся Указам ад 8 лютага 1995 г. № 52), як выкананне кантракта ў цэлым.
 
2. Апублiкаваць гэта Заключэнне ў тэрмiн, вызначаны заканадаўствам, у “Народнай газеце”, “Звяздзе”, а таксама ў тых выданнях, дзе быў апублiкаваны Указ Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 18 студзеня 1999 г. № 30 .
 
3. Гэта Заключэнне ўступае ў сiлу з дня абвяшчэння, з'яўляецца канчатковым, абскарджанню i апратэставанню не падлягае.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                        Р.А. Васiлевiч