Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
22 верасня 2000 г. № Р-102/2000
22 верасня 2000 г. № Р-102/2000
Аб парадку прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшыні Канстытуцыйнага Суда Васілевіча Р.А., намеснiка Старшынi Суда Марыскiна А.У., суддзяў Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркісавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цікавенкі А.Г., Шабайлава В.І., Шукліна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь шматлiкiя звароты грамадзян i арганiзацый аб парадку прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў, прааналiзаваўшы Канстытуцыю i заканадаўства аб працы, устанавiў наступнае.
1. У адпаведнасцi з артыкулам 43 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь працоўныя маюць права на адпачынак. Для працуючых па найму гэта права забяспечваецца, у прыватнасцi, прадастаўленнем штогадовых аплачваемых водпускаў.
У Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь не ўстанаўлiваюцца мiнiмальная i максiмальная працягласць штогадовага водпуску. Дэтальная рэгламентацыя парадку, працягласцi i ўмоў прадастаўлення водпускаў ажыццяўляецца заканадаўствам аб працы. У адпаведнасцi з Канвенцыяй Мiжнароднай арганiзацыi працы № 132 “Аб аплачваемых водпусках” водпуск нi ў якiм выпадку не можа складаць менш трох рабочых тыдняў за адзiн год работы.
Працоўным кодэксам Рэспублiкi Беларусь прадугледжана два вiды асноўных працоўных водпускаў:
асноўны мiнiмальны водпуск працягласцю не менш 21 каляндарнага дня (артыкул 155);
асноўны падоўжаны водпуск для асобных катэгорый работнiкаў у залежнасцi ад узросту, стану здароўя, характару i спецыфiкi работы, працоўных функцый i iншых акалiчнасцей дыферэнцыравана ад 28 да 56 каляндарных дзён (артыкул 156).
У Працоўным кодэксе ўстаноўлена таксама чатыры вiды дадатковых водпускаў:
за работу са шкоднымi ўмовамi працы ад 7 да 41 каляндарнага дня (артыкул 157);
за ненармiраваны рабочы дзень да 14 каляндарных дзён (артыкул 158);
за працяглы стаж работы да 4 каляндарных дзён (артыкул 159);
заахвочваючыя водпускi (артыкул 160).
2. Згодна з артыкулам 162 Працоўнага кодэкса дадатковыя водпускi далучаюцца да асноўнага мiнiмальнага водпуску, калi iншае не прадугледжана актамi заканадаўства або калектыўным дагаворам, пагадненнем. У адпаведнасцi з Законам “Аб нарматыўных прававых актах Рэспублiкi Беларусь” да актаў заканадаўства адносяцца не толькi законы, дэкрэты, указы, але i пастановы Урада (артыкул 2). Такiм чынам, Урад Рэспублiкi Беларусь зыходзячы са сваёй кампетэнцыi мае права прымаць нарматыўны акт, якiм вызначаецца парадак сумiравання водпускаў. У гэтым выпадку не могуць парушацца палажэннi актаў заканадаўства, якiя валодаюць больш высокай юрыдычнай сiлай.
Згодна з пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 лiпеня 2000 г. № 1154, якой зацверджаны Парадак прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў (у далейшым — Парадак), дадатковыя водпускi далучаюцца да асноўнага мiнiмальнага водпуску. Пры гэтым працягласць працоўнага водпуску не можа перавышаць 35 каляндарных дзён. Дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы прадастаўляецца поўнасцю. Калi дадатковы водпуск роўны або перавышае 14 каляндарных дзён, то да асноўнага мiнiмальнага водпуску далучаецца водпуск большай працягласцi, а iншыя паглынаюцца iм (пункт 8 Парадку). Канстытуцыйны Суд пры гэтым адзначае супярэчлiвасць норм пункта 8 Парадку.
3. Асобныя катэгорыi работнiкаў маюць права на дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы больш за 14 каляндарных дзён.
Зыходзячы з аналiзу норм Працоўнага кодэкса (артыкулы 327, 329 i 330) можна зрабiць вывад, што асноўны працоўны водпуск i дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы можа быць у суме i больш 35 дзён. Такая пазiцыя Канстытуцыйнага Суда абумоўлена тым, што сярод усiх вiдаў дадатковых водпускаў водпуск за работу ў шкодных умовах працы займае асобае месца. Яго прадастаўленне накiравана на рэалiзацыю канстытуцыўнага права грамадзян не толькi на адпачынак (артыкул 43 Канстытуцыi), але i на ахову здароўя (артыкул 45 Канстытуцыi).
4. У адпаведнасцi з часткай другой артыкула 158 Працоўнага кодэкса пералiкi работнiкаў з ненармiраваным рабочым днём зацвярджаюцца Урадам Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважаным iм органам. У недзяржаўных арганiзацыях канкрэтная працягласць такога водпуску для работнiкаў устанаўлiваецца калектыўным або працоўным дагаворам, наймальнiкам.
Пункт 6 Парадку змяшчае нормы, згодна з якiмi ненармiраваны рабочы дзень не ўстанаўлiваецца i адпаведна дадатковы водпуск за ненармiраваны рабочы дзень не прадастаўляецца, у прыватнасцi, работнiкам, занятым на рабоце няпоўны рабочы час i работнiкам пры зменным рэжыме работы. Устанаўленне ў Парадку забароны на прадастаўленне водпуску за ненармiраваны рабочы дзень асобным работнiкам не адпавядае ў поўнай меры, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прынцыпу сацыяльнай справядлiвасцi, нормам працоўнага заканадаўства.
Згодна з артыкулам 291 Працоўнага кодэкса работа на ўмовах няпоўнага рабочага часу не цягне для работнiкаў якiх-небудзь абмежаванняў працягласцi працоўных водпускаў, вылiчэння працоўнага стажу i iншых працоўных правоў. Канстытуцыйны Суд лiчыць, што калi работнiку ўстаноўлены няпоўны рабочы тыдзень, але з поўным рабочым днём, то пры наяўнасцi неабходных падстаў (пасада ўключана ў пералiк работнiкаў з ненармiраваным рабочым днём i работа на гэтай пасадзе выклiкае неабходнасць выканання яе зверх устаноўленай нормы рабочага часу) такому работнiку можа ўстанаўлiвацца ненармiраваны рабочы дзень i адпаведна прадастаўляцца дадатковы водпуск за ненармiраваны рабочы дзень. Заканадаўства i практыка апошнiх гадоў iшлi па гэтаму шляху. Канстытуцыйны Суд у гэтай сувязi лiчыць магчымым прадастаўленне водпуску за ненармiраваны рабочы дзень асобам, якiя працуюць на ўмовах няпоўнага рабочага часу (няпоўнага рабочага тыдня) прапарцыянальна адпрацаванаму часу.
Вывучыўшы пытанне аб забароне ўстанаўлення ненармiраванага рабочага дня работнiкам пры зменным рэжыме работы, Канстытуцыйны Суд адзначае наступнае.
У Пералiк работнiкаў з ненармiраваным рабочым днём аб’яднанняў, падпарадкаваных Ураду Рэспублiкi Беларусь, зацверджаны пастановай Мiнiстэрства працы Рэспублiкi Беларусь ад 14 красавiка 2000 г. № 58, уключаны пасады, у прыватнасцi, начальнiка змены, майстра (усiх найменняў), iнжынераў (усiх найменняў i катэгорый). Зыходзячы з умоў бесперапыннага тэхналагiчнага працэсу многiя арганiзацыi працуюць ва ўмовах зменнага рэжыму, дзе заняты ўказаныя катэгорыi работнiкаў, аб чым сведчаць шматлiкiя звароты.
Неабходна мець на ўвазе, што ненармiраваны рабочы дзень i адпаведны рэжым работы ўстанаўлiваюцца тым работнiкам, якiя ў сiлу спецыфiкi ўмоў працы (службовых абавязкаў) i вытворчасцi вымушаны ў асобных выпадках выконваць работу звыш нармальнай працягласцi рабочага часу. Таму ўстанаўленне ненармiраванага рабочага дня не заўсёды можа знаходзiцца ў залежнасцi ад зменнага рэжыму работы. Аднак, як ужо адзначалася, Урад згодна з артыкулам 158 Працоўнага кодэкса мае права зацвярджаць пералiкi работнiкаў з ненармiраваным рабочым днём. Устанаўленне забароны на ўвядзенне ненармiраванага рабочага дня работнiкам пры зменным рэжыме работы можа цягнуць, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, iншую форму кампенсацыi за работу звыш нармальнай працягласцi рабочага часу (калi гэта мае месца), напрыклад, аплату за звышурочную работу, што поўнасцю адпавядала б палажэнням артыкула 43 Канстытуцыi.
5. У адпаведнасцi з часткай другой артыкула 159 Працоўнага кодэкса Урадам Рэспублiкi Беларусь або ўпаўнаважаным iм органам зацвярджаюцца не толькi пералiк галiн, вытворчасцей, работ, прафесiй i пасад, але i ўмовы прадастаўлення i працягласць водпуску за працяглы стаж работы. У гэтай сувязi Урад мае права вызначаць асаблiвасцi прадастаўлення дадатковага водпуску за працяглы стаж работы. Аднак гэта не выключае права на дадатковы водпуск за працяглы стаж работы, устаноўлены iншымi актамi, якiя валодаюць больш высокай юрыдычнай сiлай. Згодна з Законам “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце” служачым дзяржаўнага апарату гарантуецца штогадовы аплачваемы водпуск працягласцю 30 каляндарных дзён, пры гэтым пасля 15 гадоў работы ён павялiчваецца на 6 каляндарных дзён. Аналагiчны падыход замацаваны i ў Дэкрэце Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 9 верасня 1997 г. № 16 “Аб некаторых мерах па ўпарадкаванню матэрыяльнага i сацыяльнага забеспячэння служачых дзяржаўнага апарату i прыраўнаваных да iх асоб”. Такiм чынам, гэта катэгорыя работнiкаў пры стажы работы ў якасцi дзяржаўных служачых больш 15 гадоў мае права на водпуск 36 каляндарных дзён.
6. Прааналiзаваўшы нормы заканадаўства аб дадатковых заахвочваючых водпусках, Канстытуцыйны Суд адзначае, што Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь от 26 лiпеня 1999 г. № 29 “Аб дадатковых мерах па ўдасканаленню працоўных адносiн, ўмацаванню працоўнай i выканаўчай дысцыплiны” у якасцi адной з дадатковых мер стымулявання працы работнiкаў, з якiмi заключаны кантракты, прадугледжана прадастаўленне дадатковага водпуску з захаваннем заработнай платы да 5 каляндарных дзён. Права на дадзены водпуск i яго працягласць, устаноўленыя Дэкрэтам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь, не могуць быць абмежаваны актам Урада, паколькi гэта пытанне знаходзiцца ў кампетэнцыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкуламi 7, 36, 38, 40, 401 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Адзначыць, што палажэннi пункта 8 Парадку прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў, зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 лiпеня 2000 г. № 1154, не адпавядаюць Закону “Аб асновах службы ў дзяржаўным апараце”, Дэкрэту Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 9 верасня 1997 г. № 16 i Дэкрэту Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiпеня 1999 г. № 29 i не могуць у гэтай сувязi абмяжоўваць сумарную працягласць асноўнага водпуску i дадатковых водпускаў, якiя прадугледжаны названымi Законам i дэкрэтамi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь.
У сiлу патрабаванняў артыкулаў 83, 85, 108 i 137 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь адпаведныя палажэннi названых Закона i дэкрэтаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь валодаюць верхавенствам i дзейнiчаюць непасрэдна.
2. Зыходзiць з таго, што дадатковы водпуск за работу ў шкодных умовах працы ўстаноўленай заканадаўствам працягласцi прадастаўляецца поўнасцю. Пры сумiраваннi такога водпуску з асноўным водпускам iх агульная працягласць у выпадках, прадугледжаных заканадаўчымi i iншымi нарматыўнымi актамi, можа складаць i больш 35 дзён.
3. Прапанаваць Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь разгледзець пытанне аб дапаўненнi пункта 6 Парадку прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў, зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 лiпеня 2000 г. № 1154, з тым каб работнiкi, занятыя на рабоце няпоўны рабочы тыдзень, але поўны рабочы дзень i вымушаныя ў некаторых выпадках выконваць работу звыш нармальнай працягласцi рабочага часу, мелi права на дадатковы водпуск за ненармiраваны рабочы дзень прапарцыянальна адпрацаванаму часу.
4. Выключэнне пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 лiпеня 2000 г. № 1154 работнiкаў пры зменным рэжыме работы з кола асоб, якiя карыстаюцца правам на дадатковы водпуск за ненармiраваны рабочы дзень, не азначае пазбаўленне iх права на атрыманне iншых вiдаў кампенсацыi, прадугледжаных працоўным заканадаўствам. У гэтай сувязi Канстытуцыйны Суд не знаходзiць прававых падстаў для прызнання Парадку прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў, зацверджаным вышэйуказанай пастановай, у гэтай частцы не адпавядаючым заканадаўчым актам.
5. Адзначыць супярэчлiвасць i неадназначнасць некаторых палажэнняў Парадку прадастаўлення i сумiравання працоўных водпускаў, зацверджанага пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 27 лiпеня 2000 г. № 1154 (пункты 8, 10, 13 i iнш.), што выклiкае спрэчкi i скаргi грамадзян.
6. Прапанаваць Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь прывесцi пастанову ад 27 лiпеня 2000 г. № 1154 у адпаведнасць з актамi, якiя валодаюць больш высокай юрыдычнай сiлай, i гэтым рашэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь. У выпадку неабходнасцi ўнесцi ва ўстаноўленым парадку на разгляд Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Рэспублiкi Беларусь законапраект, якi прадугледжвае ўдасканаленне дзеючага парадку прадастаўлення i сумiравання водпускаў.
7. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
8. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч