Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
4 ліпеня 2000 г. № Р-100/2000
Аб некаторых пытаннях, звязаных з аказаннем юрыдычнай дапамогi асуджаным
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi зварот па пытанню аказання юрыдычнай дапамогi асуджаным, устанавiў наступнае.
 
Асноўным Законам Рэспублiкi Беларусь устаноўлена, што дзяржава гарантуе правы i свабоды грамадзян Беларусi, замацаваныя ў Канстытуцыi, законах i прадугледжаныя мiжнароднымi абавязацельствамi дзяржавы (артыкул 21).
 
Канстытуцыя прадугледжвае роўнасць усiх перад законам i права кожнага без усякай дыскрымiнацыi на роўную абарону правоў i законных iнтарэсаў (артыкул 22).
 
У адпаведнасцi з артыкулам 62 Канстытуцыi кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод, у тым лiку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў i iншых сваiх прадстаўнiкоў у судзе, iншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кiравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганiзацыях, грамадскiх аб’яднаннях i ў адносiнах са службовымi асобамi i грамадзянамi. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў. Процiдзеянне аказанню прававой дапамогi ў Рэспублiцы Беларусь забараняецца.
 
Аналiз прыведзеных норм паказвае, што дзяржава гарантуе кожнаму права на атрыманне юрыдычнай дапамогi. Асаблiвую значнасць юрыдычная дапамога мае ў крымiнальным судаводстве.
 
У артыкуле 49 Крымiнальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым — КПК) прадугледжана, што ў якасцi абаронцаў у справе могуць удзельнiчаць члены калегii адвакатаў, блiзкiя сваякi i законныя прадстаўнiкi абвiнавачванага, iншыя асобы, якiя маюць права займацца адвакацкай дзейнасцю.
 
Абаронцам у крымiнальным працэсе з’яўляецца асоба, якая на падставах i ў парадку, прадугледжаным крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам, ажыццяўляе абарону правоў i законных iнтарэсаў падазронага або абвiнавачванага i аказвае iм юрыдычную дапамогу. Абаронца мае права, у прыватнасцi, удзельнiчаць у судовым пасяджэннi суда першай iнстанцыi, у тым лiку ў даследаваннi доказаў, а таксама ў пасяджэннi судоў касацыйнай, нагляднай iнстанцый i пры вядзеннi крымiнальнай справы па iзноў адкрытых акалiчнасцях.
 
Парадак удзелу абаронцы ў крымiнальным судаводстве рэгулюецца артыкуламi 49—531 КПК, у адпаведнасцi з якiмi абаронца абавязаны выкарыстаць усе ўказаныя ў законе сродкi i спосабы абароны ў мэтах выяўлення акалiчнасцей, якiя апраўдваюць падазронага, абвiнавачванага або падсуднага, змякчаюць iх адказнасць, i аказваць iм неабходную дапамогу. З моманту дапушчэння да ўдзелу ў справе абаронца мае права, у прыватнасцi, мець з абвiнавачваным, падсудным спатканнi сам-насам без абмежавання iх колькасцi i працягласцi, прыносiць скаргi на дзеяннi i рашэннi асобы, якая праводзiць дазнанне, следчага, пракурора, суда, што ўключае i права абаронцы на аказанне юрыдычнай дапамогi свайму падабароннаму па дадзенай канкрэтнай справе i пасля ўступлення судовай пастановы ў законную сiлу.
 
Парадак i ўмовы адбывання пакарання асуджанымi, а таксама iх прававое становiшча рэгулююцца папраўча-працоўным заканадаўствам. У артыкуле 27 Папраўча-працоўнага кодэкса Рэспублiкi Беларусь (у далейшым — ППК) прадугледжана, што для аказання юрыдычнай дапамогi асуджаным, якiя адбываюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волi, па пiсьмовай заяве самiх асуджаных або iх сваякоў цi прадстаўнiкоў грамадскасцi адвакатам прадастаўляецца магчымасць наведвання асуджаных.
 
У адпаведнасцi з Правiламi ўнутранага распарадку папраўча-працоўных устаноў (у далейшым — Правiлы ППУ) сустрэчы асуджаных з адвакатамi ў лiк спатканняў, устаноўленых папраўча-працоўным заканадаўствам, не залiчваюцца, iх колькасць i працягласць не абмяжоўваюцца, аднак яны праводзяцца ў нерабочы для асуджанага час i толькi ў гадзiны ад пад’ёму да адбою. Па жаданню асуджанага або адваката iх сустрэча праводзiцца сам-насам. Сустрэчы прадастаўляюцца пры прад’яўленнi адвакатамi ордэраў юркансультацыi i дакументаў, якiя засведчваюць iх асобы (§ 36).
 
У артыкуле 27 ППК i ў Правiлах ППУ не прадугледжана, што юрыдычную дапамогу могуць аказваць i iншыя асобы, якiя ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам былi дапушчаны судом у якасцi абаронцы, у прыватнасцi, блiзкiя сваякi, законныя прадстаўнiкi абвiнавачванага, iншыя асобы, якiя маюць права займацца адвакацкай дзейнасцю, тады як крымiнальна-працэсуальным заканадаўствам устаноўлена, што аказваць юрыдычную дапамогу могуць не толькi адвакаты, але i iншыя асобы, у тым лiку блiзкiя сваякi затрыманага, падазронага, абвiнавачванага, падсуднага (артыкул 49 КПК).
 
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што калi блiзкi сваяк падсуднага дапушчаны судом у якасцi абаронцы падсуднага, то на яго распаўсюджваюцца ўсе нормы КПК, якiя датычацца правоў i абавязкаў абаронцы, у тым лiку права: знаёмiцца з матэрыяламi справы, пратаколам судовага пасяджэння; прыносiць заўвагi на пратакол судовага пасяджэння, скаргi на судовыя пастановы; прымаць удзел у судзе першай, касацыйнай i нагляднай iнстанцыi.
 
Аналiз крымiнальна-працэсуальных норм сведчыць, што асоба, якая ажыццяўляе абарону падсуднага ў судзе, мае права працягваць аказваць яму юрыдычную дапамогу па гэтай справе, з яго згоды, i ў месцах пазбаўлення волi, у тым лiку мець для гэтага спатканнi з асуджаным з выкананнем Правiл ППУ, што рэгулююць пытаннi аказання юрыдычнай дапамогi адвакатамi.
 
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што артыкул 27 ППК, якi прадугледжвае аказанне асуджанаму юрыдычнай дапамогi толькi адвакатамi, не ў поўнай меры адпавядае артыкулу 62 Канстытуцыi i не ўзгадняецца з нормамi крымiнальна-працэсуальнага заканадаўства, паколькi ў iм адсутнiчае ўказанне на тое, што асуджанаму могуць аказваць юрыдычную дапамогу, акрамя адвакатаў, таксама iншыя асобы, калi яны былi дапушчаны судом у якасцi абаронцы.
 
У артыкуле 137 Асноўнага Закона абвешчана, што Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сiлай. У адпаведнасцi з артыкулам 142 Канстытуцыi законы, указы i iншыя акты, што дзейнiчалi на тэрыторыi Беларусi да ўвядзенне ў дзеянне гэтай Канстытуцыi, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
 
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40 i часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 7, 36 i 38 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. У адпаведнасцi з Канстытуцыяй i Крымiнальна-працэсуальным кодэксам зыходзiць з таго, што асобы, якiя адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волi, маюць права на атрыманне юрыдычнай дапамогi не толькi ад адвакатаў, але i ад iншых асоб, калi яны былi дапушчаны судом у якасцi iх абаронцаў. Пры гэтым аказанне юрыдычнай дапамогi гэтымi асобамi павiнна ажыццяўляцца ў такiм жа парадку, як прадугледжана Правiламi ўнутранага распарадку папраўча-працоўных устаноў, што рэгулююць правядзенне сустрэч асуджаных з адвакатамi.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
 
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                       Р.А. Васiлевiч