Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
15 чэрвеня 2000 г. № Р-99/2000
Аб некаторых пытаннях, звязаных з прававым становiшчам прыватных натарыусаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., суддзяў Бойка Т.С., Вараб'я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шабайлава В.I. на падставе артыкула 40 Канстытуцыi разгледзеў зварот Мiнiстэрства юстыцыi Рэспублiкi Беларусь адносна меркавання Канстытуцыйнага Суда аб прававым становiшчы прыватных натарыусаў.
 
Канстытуцыйным Судом устаноўлена, што прыватныя натарыусы зарэгiстраваны ў якасцi прадпрымальнiкаў, якiя ажыццяўляюць сваю дзейнасць без утварэння юрыдычнай асобы. Заключэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублiкi Беларусь ад 23 студзеня 1998 г. прадугледжана, што аднясенне прыватнай натарыяльнай дзейнасцi ў пытаннях падаткаабкладання да прадпрымальнiцкай дзейнасцi не заснавана на пастановах Вярхоўнага Савета Рэспублiкi Беларусь ад 26 лiстапада 1992 г. i 18 студзеня 1994 г., iншых заканадаўчых актах. Аднак i пасля прыняцця Канстытуцыйным Судом указанага Заключэння прыватная натарыяльная дзейнасць, якая ажыццяўляецца прыватнымi натарыусамi, працягвае прыраўноўвацца да прадпрымальнiцкай.
 
Мiнiстэрства фiнансаў i Дзяржаўны падатковы камiтэт мяркуюць, што прыватная натарыяльная дзейнасць адносiцца да прадпрымальнiцкай дзейнасцi, паколькi яна ажыццяўляецца на падставе лiцэнзii i накiравана на сiстэматычнае атрыманне прыбытку.
 
У сувязi з гэтым Мiнiстэрства юстыцыi просiць Канстытуцыйны Суд выказаць сваё меркаванне адносна прававога становiшча прыватных натарыусаў.
 
Прааналiзаваўшы нормы Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, законаў Рэспублiкi Беларусь “Аб дзяржаўным натарыяце”, “Аб прадпрымальнiцтве ў Рэспублiцы Беларусь”, “Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб” i iншых нарматыўных прававых актаў, Канстытуцыйны Суд прыходзiць да наступнага вываду.
 
Згодна з часткай другой пункта 1 артыкула 1 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, прадпрымальнiцкая дзейнасць — гэта самастойная дзейнасць юрыдычных i фiзiчных асоб, якая ажыццяўляецца iмi ў грамадзянскiм абароце ад свайго iмя, на сваю рызыку i пад сваю маёмасную адказнасць i накiраваная на сiстэматычнае атрыманне прыбытку ад карыстання маёмасцю, продажу рэчаў, вырабленых, перапрацаваных або набытых указанымi асобамi для продажу, а таксама ад выканання работ або аказання паслуг, калi гэтыя работы або паслугi прызначаюцца для рэалiзацыi iншым асобам i не выкарыстоўваюцца для ўласнага спажывання.
 
У адпаведнасцi з Палажэннем аб натарыяце i натарыяльнай дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь, зацверджаным Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 2 лютага 2000 г. № 38, натарыят Рэспублiкi Беларусь — гэта сiстэма, якая ўключае дзяржаўныя органы i службовых асоб, якiя забяспечваюць абарону дзяржаўных iнтарэсаў, правоў i законных iнтарэсаў грамадзян i юрыдычных асоб шляхам ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасцi. Пад натарыяльнай дзейнасцю разумееца ўчыненне ад iмя Рэспублiкi Беларусь натарыяльных дзеянняў, прадугледжаных актамi заканадаўства.
 
Натарыяльную дзейнасць у Рэспублiцы Беларусь ажыццяўляюць натарыусы i iншыя асобы, якiм заканадаўствам прадастаўлена такое права. Пры гэтым да натарыусаў адносяцца дзяржаўныя натарыусы i натарыусы, якiя займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю. Натарыус мае пячаць з вiдарысам Дзяржаўнага герба Рэспублiкi Беларусь, а дзяржаўны натарыус — i з назвай дзяржаўнай натарыяльнай канторы, указаннем парадкавага нумара, а таксама штампы засведчвальных надпiсаў i адпаведныя бланкi.
 
У сваёй дзейнасцi натарыусы кiруюцца Канстытуцыяй Рэспублiкi Беларусь, законамi, Палажэннем аб натарыяце i натарыяльнай дзейнасцi, iншымi актамi заканадаўства.
 
Аналiз дзеючага заканадаўства па дадзенаму пытанню сведчыць, што заканадаўца прадаставiў натарыусам пры ўчыненнi натарыяльных дзеянняў роўныя правы i аднолькавыя абавязкi незалежна ад таго, цi працуюць яны ў дзяржаўнай натарыяльнай канторы або займаюцца прыватнай натарыяльнай практыкай.
 
Актамi заканадаўства могуць прадугледжвацца асаблiвасцi ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасцi натарыусамi, якiя займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, што не мяняе яе прыроды.
 
Прыватны натарыус, аказваючы паслугi прававога i тэхнiчнага характару, не ўступае ў грамадзянскiя праваадносiны з асобамi, якiя звярнулiся за ўчыненнем натарыяльных дзеянняў. Пры ажыццяўленнi натарыяльнай дзейнасцi ён не мае права займацца iншай дзейнасцю, акрамя вызначанай пунктам 22 Палажэння аб натарыяце i натарыяльнай дзейнасцi. Прыватны натарыус дзейнiчае ад iмя дзяржавы, у той час як прыватны прадпрымальнiк дзейнiчае ад свайго iмя.
 
Такiм чынам, аналiз прыведзеных норм сведчыць аб тым, што натарыяльная дзейнасць, якая ажыццяўляецца прыватнымi натарыусамi, з’яўляецца публiчна-прававой, асноўная мэта якой — абарона дзяржаўных iнтарэсаў, правоў i законных iнтарэсаў грамадзян i юрыдычных асоб, а не атрыманне прыбытку ад выканання работ або паслуг, як гэта мае месца пры прадпрымальнiцтве. Натарыяльныя дзеяннi, учыненыя дзяржаўнымi i прыватнымi натарыусамi, маюць аднолькавую юрыдычную сiлу i выклiкаюць аднолькавыя прававыя вынiкi, гарантуюцца i абараняюцца дзяржавай.
 
Унясенне грашовых сродкаў за ўчыненне натарыяльных дзеянняў (за выключэннем дзяржаўнай пошлiны) з’яўляецца аплатай працы прыватных натарыусаў, а не атрыманне iмi прыбытку.
 
Закон “Аб падаходным падатку з фiзiчных асоб” у рэдакцыi Закона ад 9 сакавiка 1999 г. адрознiвае фiзiчных асоб, якiя займаюцца прадпрымальнiцкай дзейнасцю без утварэння юрыдычнай асобы, i асоб, якiя ажыццяўляюць прыватную натарыяльную дзейнасць, як суб’ектаў падаткаабкладання.
 
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што лiцэнзаванне прыватнай натарыяльнай дзейнасцi не з’яўляецца прававой падставай для аднясення прыватных натарыусаў да прадпрымальнiкаў, паколькi лiцэнзаванне — гэта асобая працэдура афiцыйнага сведчання (прызнання) права на вядзенне пэўнага вiду дзейнасцi з захаваннем нарматыўных патрабаванняў i стандартаў, мэтай якога з’яўляецца ў дадзеным выпадку забеспячэнне належнага ўзроўню i якасцi выканання натарыяльных дзеянняў прыватнымi натарыусамi.
 
Аналагiчны падыход да вызначэння сутнасцi натарыяльнай дзейнасцi ўстаноўлены ў заканадаўстве Расiйскай Федэрацыi, у якiм указана, што натарыяльная дзейнасць не з’яўляецца прадпрымальнiцтвам i не мае на мэце атрыманне прыбытку.
 
З улiкам выкладзенага i ў адпаведнасцi з артыкулам 40, часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, Заключэннем Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 1998 г., артыкуламi 7, 36 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Натарыяльная дзейнасць, што ажыццяўляецца натарыусамi, якiя займаюцца прыватнай натарыяльнай дзейнасцю, не з’яўляецца прадпрымальнiцкай дзейнасцю. У сувязi з гэтым рэгiстрацыя прыватных натарыусаў у якасцi iндывiдуальных прадпрымальнiкаў не мае пад сабой законных падстаў.
 
2. Адзначыць, што Заключэнне Канстытуцыйнага Суда ад 23 студзеня 1998 г., у якiм была выкладзена прававая пазiцыя Канстытуцыйнага Суда аб тым, што натарыяльная дзейнасць, якая ажыццяўляецца прыватнымi натарыусамi, не з’яўляецца прадпрымальнiцкай, уступiла ў сiлу з дня абвяшчэння, гэта значыць з 23 студзеня 1998 г.
 
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                       Р.А. Васiлевiч