Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
26 мая 2000 г. № Р-98/2000
26 мая 2000 г. № Р-98/2000
Аб некаторых пытаннях рэалiзацыi артыкула 57 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Цiкавенкi А.Г., Шышко Г.Б., Шуклiна В.З., Шабайлава В.I., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 i часткi першай артыкула 116 Канстытуцыi зварот намеснiка Кiраўнiка Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь Абрамовiча А.М., а таксама Старшынi Беларускага Хельсiнскага Камiтэта Процька Т.С. адносна меркавання Канстытуцыйнага Суда аб дзеяннi артыкула 57 Канстытуцыi i рэалiзацыi права грамадзян Рэспублiкi Беларусь на замену па рэлiгiйных перакананнях вайсковай службы альтэрнатыўнай, выказвае наступнае.
Артыкулам 57 Канстытуцыi прадугледжана, што абарона Рэспублiкi Беларусь з¢яўляецца абавязкам i свяшчэнным доўгам яе грамадзянiна. Парадак праходжання вайсковай службы, падставы i ўмовы вызвалення ад вайсковай службы цi замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам.
Такiм чынам, Асноўны закон не разглядае вайсковую службу ў якасцi адзiнай i безумоўнай, паколькi дапускае магчымасць вызвалення ад вайсковай службы цi замену яе альтэрнатыўнай.
Гэта значыць, што абавязку i свяшчэннаму доўгу грамадзянiна Рэспублiкi Беларусь па абароне Радзiмы карэспандуе па сутнасцi яго права на выкананне гэтага абавязку i доўгу ў формах, якiя вызначаны Асноўным Законам, у тым лiку i шляхам праходжання альтэрнатыўнай службы.
Больш таго, ў Законе “Аб усеагульным воiнскiм абавязку i ваеннай службе” прама вызначана, што ўсеагульны воiнскi абавязак прадугледжвае як прызыў на вайсковую, так i прызыў на альтэрнатыўную службу, праходжанне вайсковай цi альтэрнатыўнай службы (частка пятая артыкула 1, частка трэцяя артыкула 14).
Адпаведна з артыкулам 31 Канстытуцыi кожны мае права самастойна вызначаць свае адносiны да рэлiгii, асабiста або сумесна з iншымi вызнаваць любую рэлiгiю або не вызнаваць нiякай, выказваць i распаўсюджваць перакананнi, звязаныя з адносiнамi да рэлiгii, удзельнiчаць у адпраўленнi рэлiгiйных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам.
Вышэйпрыведзеныя нормы нацыянальнага заканадаўства суадносяцца з агульнапрызнанымi прынцыпамi i нормамi мiжнароднага права, прыярытэт якiх прызнаецца Рэспублiкай Беларусь (артыкул 8 Канстытуцыi).
Так, артыкулам 18 Усеагульнай дэкларацыi правоў чалавека абвешчана права кожнага чалавека на свабоду думкi, сумлення i рэлiгii; гэта права ўключае свабоду мяняць сваю рэлiгiю або перакананнi i свабоду вызнаваць сваю рэлiгiю цi перакананнi як аднаасобна, так i сумесна з iншымi, публiчным або прыватным парадкам у навучаннi, богаслужэннi i выкананнi рэлiгiйных i рытуальных абрадаў.
Мiжнародным пактам аб грамадзянскiх i палiтычных правах узгаданае права дапоўнена палажэннямi аб тым, што нiхто не павiнен падвяргацца прымусу, якi прынiжае яго свабоду мець або прымаць рэлiгiю цi перакананнi па свайму выбару. Свабода вызнаваць рэлiгiю або перакананнi падлягае толькi абмежаванням, якiя ўстаноўлены законам i неабходны для абароны грамадскай бяспекi, парадку, здароўя i маралi, таксама як i асноўных правоў i свабод iншых асоб (пункты 2 i 3 артыкула 18).
У Дакуменце Капенгагенскай нарады Канферэнцыi па чалавечаму вымярэнню НБСЕ дзяржавы-удзельнiцы: адзначаюць, што Камiсiя па правах чалавека ААН прызнала права кожнага адмаўляцца ад ваеннай службы па перакананнях сумлення; адзначаюць меры, якiя былi прыняты ў апошнi час шэрагам дзяржаў-удзельнiц, з тым, каб дазваляць вызваленне ад абавязковай ваеннай службы на падставе адмовы па перакананнях сумлення; адзначаюць дзейнасць некаторых няўрадавых арганiзацый у сувязi з адмовай ад абавязковай ваеннай службы па перакананнях сумлення; пагаджаюцца разгледзець пытанне аб увядзеннi, дзе гэта яшчэ не было зроблена, розных форм альтэрнатыўнай службы, якiя сумяшчаюцца з матывамi адмовы па перакананнях сумлення, прычым такiя формы альтэрнатыўнай службы ў прынцыпе не будуць звязаны са службай у баявых часцях цi будуць мець цывiльны характар, будуць грамадска карыснымi i не будуць мець характару якога-небудзь пакарання; зробяць iнфармацыю па гэтаму пытанню даступнай грамадскасцi; пакiнуць на разгляд ў рамках Канферэнцыi па чалавечаму вымярэнню адпаведныя пытаннi, звязаныя з вызваленнем ад абавязковай ваеннай службы, дзе яна iснуе, некаторых асоб на падставе адмовы ад службы ва ўзброеных сiлах па перакананнях сумлення i будуць абменьвацца iнфармацыяй па гэтаму пытанню (пункт 18).
Згодна з артыкулам 77 дзеючага Крымiнальнага кодэкса ўстаноўлена крымiнальная адказнасць грамадзян Рэспублiкi Беларусь за ўхiленне ад чарговага прызыву на ваенную службу. Як паказвае аналiз правапрымяняльнай практыкi, адмова ад праходжання ваеннай службы па рэлiгiйных перакананнях цягне за сабой крымiнальную адказнасць па ўзгаданаму артыкулу Крымiнальнага кодэкса.
Прааналiзаваўшы нормы Асноўнага Закона, у першую чаргу тыя з iх, якiя датычацца асноўных правоў, свабод i абавязкаў грамадзян i гарантый iх забеспячэння (артыкулы 2, 16, 21, 31, 57) у прымяненнi да разглядаемага пытання, нормы прыведзеных вышэй мiжнародна-прававых актаў, адносна якiх Рэспублiка Беларусь узяла на сябе абавязацельства iх выконваць, iншыя нормы дзеючага нацыянальнага заканадаўства i практыку iх прымянення, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што грамадзяне Рэспублiкi Беларусь па прычыне рэлiгiйных перакананняў не маюць фактычна магчымасцi выканаць свой абавязак па абароне Рэспублiкi Беларусь шляхам праходжання альтэрнатыўнай службы ў сувязi з адсутнасцю ў заканадаўстве, у тым лiку i ў Законе “Аб усеагульным воiнскiм абавязку i ваеннай службе”, механiзма замены вайсковай службы альтэрнатыўнай.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што гэты заканадаўчы прабел дае падставы да ўзнiкнення канфлiктаў памiж асобнымi грамадзянамi i дзяржавай, паколькi дзеючым заканадаўствам не забяспечваецца ў поўнай меры права грамадзян Рэспублiкi Беларусь, гарантаванае Канстытуцыяй, не вызначаюцца межы яго ажыццяўлення. Трэба адзначыць, што права грамадзян на альтэрнатыўную службу вынiкае непасрэдна як з артыкула 57 Канстытуцыi, так i Закона “Аб усеагульным воiнскiм абавязку i ваеннай службе” (частка пятая артыкула 1 i частка трэцяя артыкула 14).
Згодна з артыкулам 4 Закона ад 15 сакавiка 1994 г. “Аб парадку ўступлення ў сiлу Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь” законы, указаныя ў Канстытуцыi, неабходна было прыняць на працягу двух гадоў пасля яе ўступлення ў сiлу, гэта значыць да 30 сакавiка 1996 года.
Прымаючы такое рашэнне, заканадавец зыходзiў з рэальных тэрмiнаў распрацоўкi як iншых, зазначаных у Канстытуцыi законаў, так i закона аб альтэрнатыўнай службе. Аднак нi Вярхоўны Савет XII склiкання, нi Вярхоўны Савет XIII склiкання не выканалi гэтага патрабавання i не вырашылi пытаннi аб падставах i ўмовах замены вайсковай службы альтэрнатыўнай i парадку яе праходжання шляхам прыняцця спецыяльнага закона цi ўнясення адпаведных змяненняў i дапаўненняў у дзеючы Закон “Аб усеагульным воiнскiм абавязку i ваеннай службе”.
Трэба ўлiчваць, што ў прынятай на рэспублiканскiм рэферэндуме Канстытуцыi 1994 г. са змяненнямi i дапаўненнямi артыкул 57 захаваны ў яго першапачатковай рэдакцыi. Нiякiх агаворак у заключных i пераходных палажэннях Канстытуцыi адносна гэтага артыкула, як гэта было зроблена, напрыклад, да асобных артыкулаў Асноўнага закона, не iснуе.
Такiм чынам, у дзеючай рэдакцыi Канстытуцыi няма норм, якiя б дазвалялi Парламенту на заканадаўчым узроўнi адкласцi рэалiзацыю палажэнняў артыкула 57 Канстытуцыi ў частцы, якая датычыцца выканання абавязку па абароне Рэспублiкi Беларусь шляхам праходжання альтэрнатыўнай службы.
Згодна з артыкулам 59 Канстытуцыi дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ей меры дзеля стварэння ўнутранага i мiжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй. Дзяржаўныя органы, службовыя i iншыя асобы, якiм даверана выкананне дзяржаўных функцый, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыi прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод асобы. Гэтыя органы i асобы нясуць адказнасць за дзеяннi, якiя парушаюць правы i свабоды асобы.
Нягледзячы на тое, што прайшло ўжо больш шасцi гадоў дзеяння канстытуцыйнай нормы аб альтэрнатыўнай службе, адпаведны закон так i не прыняты. На гэту акалiчнасць Канстытуцыйны Суд неаднаразова звяртаў увагу ў сваiх пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасцi.
Канстытуцыйны Суд адзначае, што штогод некалькi дзесяткаў грамадзян Рэспублiкi Беларусь прызыўнога ўзросту з улiкам iх рэлiгiйных перакананняў накiроўваюцца ў чыгуначныя войскi, служба ў якiх, у адрозненне ад iншых воiнскiх фармiраванняў, дазваляе пры абставiнах, якi склалiся, улiчваць iнтарэсы не толькi дзяржавы, але i асобы, забяспечвае выкананне грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь свайго абавязку i доўгу па абароне Рэспублiкi Беларусь, у тым лiку i тымi з iх, якiя па рэлiгiйных перакананнях не могуць у поўным абґеме несцi вайсковую службу. Вялiкая роля ў вырашэннi пытанняў, звязаных з пераадольваннем канфлiктных сiтуацый пры прызыве такiх грамадзян на вайсковую службу, пры адсутнасцi адпаведнага заканадаўчага механiзма, належыць прызыўным камiсiям.
У адпаведнасцi з патрабаваннямi артыкула 112 Канстытуцыi суды павiнны ажыццяўляць правасуддзе на аснове Канстытуцыi i прынятых у адпаведнасцi з ёю iншых нарматыўных актаў. Калi пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да высновы аб неадпаведнасцi нарматыўнага акта Канстытуцыi, ён прымае рашэнне ў адпаведнасцi з Канстытуцыяй i ставiць ва ўстаноўленым артыкулам 6 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь” парадку пытанне аб прызнаннi нарматыўнага акта неканстытуцыйным. Нягледзячы на гэта, пытанне аб неканстытуцыйнасцi заканадаўчага прабела адносна рэалiзацыi грамадзянамi права на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай перад Канстытуцыйным Судом пры разглядзе крымiнальных спраў аб ухiленнi ад прызыву на вайсковую службу па рэлiгiйных перакананнях судамi не ставiлася.
Артыкулам 137 Асноўнага Закона абвешчана, што Канстытуцыя валодае найвышэйшай юрыдычнай сiлай. У адпаведнасцi з артыкулам 142 Канстытуцыi законы, указы i iншыя акты, што дзейнiчалi на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь да ўвядзення ў дзеянне гэтай Канстытуцыi, прымяняюцца ў частцы, якая не супярэчыць Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь.
Канстытуцыйны Суд у сувязi з гэтым лiчыць, што прыцягненне грамадзян Беларусi да адказнасцi згодна з артыкулам 77 Крымiнальнага кодэкса можа мець месца толькi з улiкам патрабаванняў вышэйпрыведзеных норм Канстытуцыi i з улiкам практыкi, якая склалася па стварэнню ўмоў для праходжання вайсковай службы грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь такiм чынам, каб забяспечвалася павага iх рэлiгiйных перакананняў.
У той жа час ухiленне ад выканання канстытуцыйнага абавязку па абароне Рэспублiкi Беларусь пры адсутнасцi ўважлiвых прычын павiнна цягнуць за сабой адпаведную адказнасць, у тым лiку i крымiнальную.
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40 i часткай першай артыкула 116 Канстытуцыi, артыкуламi 7 i 36 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
ВЫРАШЫЎ:
1. Адзначыць, што грамадзяне Рэспублiкi Беларусь у адпаведнасцi з Канстытуцыяй i Законам “Аб усеагульным воiнскiм абавязку i ваеннай службе” (артыкулы 1 i 14) маюць права, у прыватнасцi, па рэлiгiйных перакананнях на замену вайсковай службы альтэрнатыўнай, якое павiнна быць забяспечана дзейсным механiзмам яго рэалiзацыi. У сувязi з гэтым лiчыць неадкладным прыняцце закона аб альтэрнатыўнай службе цi ўнясенне неабходных змяненняў i дапаўненняў у Закон “Аб усеагульным воiнскiм абавязку i ваеннай службе” з мэтай вызначэння механiзма рэалiзацыi права на альтэрнатыўную службу.
На перыяд да вырашэння на заканадаўчым узроўнi пытанняў аб падставах i ўмовах замены вайсковай службы альтэрнатыўнай i парадку яе праходжання пагадзiцца, з улiкам выключнасцi абставiн, з практыкай стварэння кампетэнтнымi дзяржаўнымi органамi ў адпаведнасцi з артыкуламi 31, 57, 59 i iншымi артыкуламi Канстытуцыi ўмоў для выканання грамадзянамi Рэспублiкi Беларусь ускладзенага на iх абавязку па абароне Рэспублiкi Беларусь у тых формах, якiя не парушаюць iх рэлiгiйных перакананняў.
2. Пры вырашэннi кампетэнтнымi дзяржаўнымi органамi пытанняў аб адказнасцi за ўхiленне ад праходжання вайсковай службы неабходна вызначаць, у якой меры тыя цi iншыя дзеяннi грамадзянiна звязаны з рэалiзацыяй iм свайго канстытуцыйнага права на замену па рэлiгiйных перакананнях вайсковай службы альтэрнатыўнай або з адмовай ад праходжання вайсковай службы ў такiх умовах, якiя не забяспечваюць павагу яго рэлiгiйных перакананняў. У кожным канкрэтным выпадку гэтымi органамi павiнны быць прыняты ўсе меры па ўсебаковаму i належнаму вывучэнню ўсiх абставiн справы як у мэтах забеспячэння правоў i свабод грамадзян, якiя жадаюць выканаць свой абавязак па абароне Рэспублiкi Беларусь у iншых дазволеных формах, так i ў мэтах выключэння злоўжыванняў з боку некаторых асоб, якiя такiм чынам маюць намер ухiлiцца ад вайсковай службы.
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь Р.А. Васiлевiч