Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
26 красавіка 2000 г. № Р-97/2000
Аб неабходнасцi ўдасканалення зямельнага заканадаўства, што датычыцца правоў членаў садаводчых таварыстваў, якiя з’яўляюцца ўласнiкамi зямельных участкаў
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Вараб’я Г.А., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Цiкавенкi А.Г., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б., вывучыўшы на падставе артыкула 40 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь звароты грамадзян — членаў садаводчых таварыстваў — аб распараджэннi iмi зямельнымi ўчасткамi, якiя знаходзяцца ў прыватнай уласнасцi, устанавiў наступнае.
 
Адносiны ў сувязi з валоданнем, карыстаннем i адабраннем зямельных участкаў, якiя знаходзяцца ва ўласнасцi грамадзян, рэгулююцца Грамадзянскiм кодэксам Рэспублiкi Беларусь, Кодэксам Рэспублiкi Беларусь аб зямлi, шэрагам iншых нарматыўных актаў. Да iх лiку адносiцца i Тыпавы статут садаводчага таварыства, зацверджаны сумеснай пастановай Урада i Белсаўпрофа ад 30 студзеня 1989 г. № 55 (у далейшым — Тыпавы статут).
 
Парадак прадастаўлення зямельных участкаў для вядзення калектыўнага садаводства вызначаецца Кодэксам Рэспублiкi Беларусь аб зямлi (артыкулы 75 — 77), якi ўступiў у сiлу з 1 студзеня 1999 года. Артыкулам 75 Кодэкса, у прыватнасцi, прадугледжана, што грамадзяне, якiя жадаюць атрымаць зямельны ўчастак для вядзення калектыўнага садаводства, падаюць заяву ў выканаўчы i распарадчы орган па месцы жыхарства або па месцы работы (юрыдычнай асобе), якi забяспечвае стварэнне садаводчага таварыства ў парадку, што вызначаецца Саветам Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь. Артыкулам 76 Кодэкса ўстаноўлена, што землi, прадастаўляемыя для вядзення калектыўнага садаводства, складаюцца з зямель агульнага карыстання i зямельных участкаў, якiя знаходзяцца ў пажыццёвым уладаннi, атрымлiваемым у спадчыну, або ў прыватнай уласнасцi членаў садаводчага таварыства. На зямельны ўчастак, прадастаўлены ў прыватную ўласнасць члену садаводчага таварыства раённым выканаўчым i распарадчым органам, выдаецца дзяржаўны акт, якi засведчвае права ўласнасцi на гэты зямельны ўчастак.
 
Такiм чынам, член садаводчага таварыства мае права атрымаць зямельны ўчастак у прыватную ўласнасць i рэалiзоўваць свае правы на зямельны ўчастак у адпаведнасцi з грамадзянскiм заканадаўствам. Згодна з артыкулам 262 Грамадзянскага кодэкса садаводчыя ўчасткi могуць прадастаўляцца iх уласнiкамi iншым асобам на праве пажыццёвага ўладання, атрымлiваемага ў спадчыну, пастаяннага карыстання, а таксама ў тэрмiновае карыстанне, у тым лiку ў арэнду.
 
Канстытуцыя Рэспублiкi Беларусь прадугледжвае забеспячэнне правоў i свабод грамадзян Рэспублiкi Беларусь у якасцi найвышэйшай мэты дзяржавы (арт. 21). Абмежаванне правоў i свабод асобы дапускаецца толькi ў выпадках, прадугледжаных законам, у iнтарэсах нацыянальнай бяспекi, грамадскага парадку, абароны маралi, здароўя насельнiцтва, правоў i свабод iншых асоб (арт. 23). Дзяржава гарантуе кожнаму права ўласнасцi i садзейнiчае яе набыццю. Уласнiк мае права валодаць, карыстацца i распараджацца маёмасцю як аднаасобна, так i сумесна з iншымi асобамi. Недатыкальнасць уласнасцi, права на яе наследаванне ахоўваецца законам (арт. 44).
 
Дзеючы Тыпавы статут садаводчага таварыства быў прыняты ў перыяд, калi заканадаўствам Рэспублiкi Беларусь прыватная ўласнасць на зямлю не дапускалася. Згодна з артыкулам 1 Тыпавога статута зямельны ўчастак пад садаводчае таварыства прадастаўляецца ў бястэрмiновае карыстанне прадпрыемству, установе, арганiзацыi. Пунктам 21 Тыпавога статута прадугледжваецца, што за членам садаводчага таварыства захоўваецца права карыстання выдзеленым яму садовым участкам толькi ў выпадку яго адсутнасцi ў сувязi з накiраваннем на работу за мяжу, пры выездзе на работу ў раёны Крайняй Поўначы, у прыраўнаваныя да iх мясцовасцi i ў iншых выпадках часовай адсутнасцi, калi ва ўстаноўленым парадку бранiруецца або захоўваецца за адсутным жылое памяшканне. Пры гэтым iншая асоба, рэкамендаваная адсутным членам таварыства, можа на час яго адсутнасцi карыстацца садовым участкам з дазволу праўлення садаводчага таварыства пры ўмове выканання гэтай асобай патрабаванняў Статута таварыства.
 
У сувязi з увядзеннем у дзеянне новых Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб зямлi i Жыллёвага кодэкса Рэспублiкi Беларусь узнiк шэраг пытанняў, звязаных з валоданнем, карыстаннем i распараджэннем зямельнымi ўчасткамi, якiя знаходзяцца ва ўласнасцi грамадзян — членаў садаводчых таварыстваў. У зваротах, накiраваных у Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь, ставяцца пытаннi аб парадку здачы ў арэнду зямельных участкаў, якiя знаходзяцца на праве ўласнасцi ў членаў садаводчых таварыстваў, у тым лiку ў выпадку iх часовага выезду за межы Рэспублiкi Беларусь.
 
Канстытуцыйны Суд адзначае, што зямельнае заканадаўства не ў поўнай меры рэгулюе адносiны, звязаныя з ажыццяўленнем членамi садаводчых таварыстваў правамоцтваў уласнiка на прыналежныя iм зямельныя ўчасткi. У прыватнасцi, не вызначаны парадак здачы дадзенага зямельнага ўчастка iншым асобам у арэнду, а таксама распараджэння зямельным участкам не толькi пры часовым выездзе члена садаводчага таварыства за межы Рэспублiкi Беларусь, як гэта прадугледжана Тыпавым статутам, але i ў iншых выпадках.
 
Канстытуцыйны Суд звяртае ўвагу, што пры спыненнi ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам членства ў садаводчым таварыстве асоба, якая выбыла або выключана з членаў садаводчага таварыства, абавязана на працягу аднаго года распарадзiцца зямельным участкам, якi належыць ёй на праве прыватнай уласнасцi (арт. 77 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб зямлi). У той жа час у Кодэксе не прадугледжаны вынiкi невыканання членам садаводчага таварыства гэтага патрабавання пасля сканчэння адведзенага яму гадовага тэрмiну для распараджэння зямельным участкам. Артыкул 53 Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб зямлi, пералiчваючы выпадкi, у якiх дапускаецца прымусовае адабранне зямельных участкаў, што знаходзяцца ва ўласнасцi грамадзян, юрыдычных асоб Рэспублiкi Беларусь, якое ажыццяўляецца па рашэнню суда, не ўказвае ў iх лiку выбыцце або выключэнне з членаў садаводчага таварыства.
 
У сувязi з гэтым, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, iснуе неабходнасць ва ўдасканаленнi Кодэкса Рэспублiкi Беларусь аб зямлi, а таксама хутчэйшым прыняццi новага Тыпавога статута садаводчага таварыства, якi б засноўваўся на дзеючым грамадзянскiм i зямельным заканадаўстве, што павiнна садзейнiчаць больш поўнай абароне правоў членаў садаводчых таварыстваў, якiя з’яўляюцца ўласнiкамi зямельных участкаў.
 
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкуламi 7, 36 Закона “Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь”, Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
1. Прапанаваць Савету Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь паскорыць прыняцце новага Тыпавога статута садаводчага таварыства, якi б засноўваўся на грамадзянскiм i зямельным заканадаўстве, i пры неабходнасцi ўнесцi кампетэнтным органам дзяржаўнай улады прапановы, што прадугледжваюць больш поўную заканадаўчую абарону правоў членаў садаводчых таварыстваў, якiя з’яўляюцца ўласнiкамi зямельных участкаў.
 
2. Гэта рашэнне ўступае ў сiлу з дня прыняцця.
 
3. Апублiкаваць гэта рашэнне ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                         Р.А. Васiлевiч