Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
2 ліпеня 1999 г. № Р-85/99
Aб некаторых пытаннях прадстаўнiцтва ў судзе па грамадзянскiх справах
Канстытуцыйны Суд Рэспублiкi Беларусь у складзе старшынствуючага — Старшынi Канстытуцыйнага Суда Васiлевiча Р.А., намеснiка Старшынi Суда Марыскiна А.У., суддзяў Бойка Т.С., Кенiк К.I., Падгрушы В.В., Саркiсавай Э.А., Фiлiпчык Р.I., Шабайлава В.I., Шуклiна В.З., Шышко Г.Б., разгледзеўшы на падставе артыкула 40 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь зварот Мiнiстэрства юстыцыi Рэспублiкi Беларусь аб некаторых пытаннях прадстаўнiцтва ў судзе паграмадзянскiх справах, устанавiў наступнае.
 
У адпаведнасцi з артыкулам 62 Канстытуцыi кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод, у тым лiку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў i iншых сваiх прадстаўнiкоў у судзе, iншых дзяржаўных органах. Процiдзеянне аказанню прававой дапамогi ў Рэспублiцы Беларусь забараняецца. Указаная канстытуцыйная норма прадугледжвае, у прыватнасцi, права кожнага грамадзянiна карыстацца ў любы момант юрыдычнай дапамогай не толькi адвакатаў, але i iншых сваiх прадстаўнiкоў у судзе, iншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кiравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганiзацыях, грамадскiх аб'яднаннях i ў адносiнах са службовымi асобамi i грамадзянамi. У выпадках, прадугледжаных законам, юрыдычная дапамога аказваецца за кошт дзяржаўных сродкаў.
 
Дзеючае грамадзянскае працэсуальнае заканадаўства (артыкулы 70—79 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса — у далейшым ГПК) прадугледжвае, што грамадзяне маюць права весцi свае справы ў судзе асабiста або праз прадстаўнiкоў. Пры гэтым закон дапускае два спосабы афармлення прадстаўнiцтва ў судзе: прадстаўленнем належна аформленай даверанасцi або вуснай заявай, зробленай у судзе, якая заносiцца ў пратакол судовага пасяджэння.
 
У адпаведнасцi з артыкулам 72 ГПК прадстаўнiком у судзе можа быць любая дзеяздольная асоба, якая мае належным чынам аформленае паўнамоцтва на вядзенне спраў у судзе, за выключэннем асоб, пералiчаных у артыкуле 73 ГПК.
 
Прадстаўнiкамi ў судзе, у прыватнасцi, могуць быць:
 
1) адвакаты;
 
2) работнiкi юрыдычных асоб — па справах гэтых асоб;
 
3) упаўнаважаныя грамадскiх аб'яднанняў, якiм законам або статутам дадзена права прадстаўляць i абараняць законныя iнтарэсы сваiх членаў у судзе;
 
4) упаўнаважаныя арганiзацый, якiм заканадаўствам прадастаўлена права прадстаўляць i абараняць у судзе правы i законныя iнтарэсы iншых асоб;
 
5) бацькi, усынавiцелi, апекуны i папячыцелi — па справах падапечных;
 
6) упаўнаважаныя ўстаноў i арганiзацый, на якiя законам ускладзена выкананне абавязкаў апекуноў i папячыцеляў;
 
7) прадстаўнiкi, назначаныя судом;
 
8) адзiн з працэсуальных саўдзельнiкаў — па даручэнню гэтых саўдзельнiкаў.
 
У артыкуле 73 ГПК прадугледжана, што прадстаўнiкамi ў судзе не могуць быць:
 
1) асобы, якiя не дасягнулi паўналецця, акрамя непаўналетнiх бацькоў — па справах сваiх дзяцей;
 
2) асобы, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку недзеяздольнымi або абмежавана дзеяздольнымi;
 
3) суддзi, следчыя i пракуроры, акрамя тых выпадкаў, калi яны ўдзельнiчаюць у справе ў якасцi законных прадстаўнiкоў недзеяздольных асоб, або прадстаўнiкоў суда, пракуратуры, або iншага органа расследавання.
 
Згодна з артыкулам 75 ГПК прадстаўнiкi па даверанасцi дапускаюцца судом да ўдзелу ў справе толькi пры наяўнасцi належна аформленай даверанасцi. Даверанасць можа быць выдадзена на ўчыненне асобных працэсуальных дзеянняў, вядзенне канкрэтнай грамадзянскай справы, некалькiх спраў або на прадстаўленне iнтарэсаў давернiка ў судзе па любой справе на працягу пэўнага тэрмiну.
 
У адпаведнасцi з Законам "Аб адвакатуры" адвакатура заклiкана ажыццяўляць прафесiйную праваабаронную дзейнасць. Галоўная задача адвакатуры — аказанне квалiфiкаванай юрыдычнай дапамогi фiзiчным i юрыдычным асобам пры ажыццяўленнi абароны iх правоў, свабод i законных iнтарэсаў. Адвакаты могуць займацца адвакацкай дзейнасцю толькi пасля атрымання ва ўстаноўленым парадку лiцэнзii. Акрамя таго, юрыдычныя паслугi грамадзянам могуць аказваць як юрыдычныя, так i фiзiчныя асобы, якiм выдадзены лiцэнзii ў адпаведнасцi з дзеючым заканадаўствам. Указаныя асобы могуць выступаць прадстаўнiкамi ў гаспадарчым судзе.
 
Такiм чынам, дзеючым заканадаўствам не выключаецца права выступаць у якасцi прадстаўнiкоў: адвакатам; асобам, якiя маюць лiцэнзii на аказанне юрыдычных паслуг; любым iншым грамадзянам, аформiўшым сваё прадстаўнiцтва належным чынам.
 
Са звароту Мiнiстэрства юстыцыi ў Канстытуцыйны Суд бачна, што на практыцы маюць месца выпадкi, калi асобы, не маючы лiцэнзiй на права займання адвакацкай дзейнасцю i аказанне юрыдычных паслуг, сiстэматычна аказваюць юрыдычныя паслугi ў якасцi прадстаўнiкоў на платных пачатках.
 
Па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, такая сiтуацыя магла скласцiся з прычыны неадназначнага падыходу ў працэсуальным заканадаўстве (крымiнальным, грамадзянскiм, гаспадарчым) да пытання аб аказаннi розных вiдаў юрыдычных паслуг. З аднага боку, дзяржава, гарантуючы квалiфiкаваную юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення i абароны правоў i свабод грамадзян, уводзiць абавязковае лiцэнзаванне адвакацкай дзейнасцi i дзейнасцi юрыдычных i фiзiчных асоб на аказанне пэўных юрыдычных паслуг, з другога боку — дапускае судовае прадстаўнiцтва любой асобы без лiцэнзii. Дапускаючы прадстаўнiцтва ў судзе любой асобы па грамадзянскай справе, заканадавец не вызначыў, цi можа такое прадстаўнiцтва насiць сiстэматычны характар i быць крынiцай даходу асобы, якая без лiцэнзii на права займання адвакацкай дзейнасцю або на права аказання юрыдычных паслуг займаецца прадстаўнiцтвам у судзе.
 
Аналiз норм грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства (артыкул 75 ГПК i iнш.) сведчыць аб тым, што ў iх не вызначана, як часта асоба, якая не мае лiцэнзii, можа выступаць прадстаўнiком у судзе, а таксама не ўстаноўлены ўмовы ажыццяўлення такого прадстаўнiцтва. У гэтай сувязi, з мэтай забеспячэння аднастайнага падыходу да рэалiзацыi норм артыкула 62 Канстытуцыi, Канстытуцыйны Суд лiчыць, што ў дадзеным канкрэтным выпадку ўсведамленне пазiцыi заканадаўца па дадзенаму пытанню магчыма шляхам афiцыйнага тлумачэння адпаведных норм заканадаўства.
 
На падставе выкладзенага i кiруючыся артыкулам 40 Канстытуцыi Рэспублiкi Беларусь, артыкуламi 36 i 37 Закона Рэспублiкi Беларусь "Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублiкi Беларусь", Канстытуцыйны Суд
 
ВЫРАШЫЎ:
 
Прапанаваць Мiнiстэрству юстыцыi Рэспублiкi Беларусь звярнуцца ва ўстаноўленым парадку з пытаннем аб афiцыйным тлумачэннi артыкула 62 Канстытуцыi i норм працэсуальнага заканадаўства Рэспублiкi Беларусь, якiя датычацца прадстаўнiцтва ў судзе.
 
 
Старшынствуючы —
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублiкi Беларусь                                                                                                        Р.А. Васiлевiч