Навіны
Канстытуцыйны Суд не ўстанавіў прыкмет парушэння правоў і свабод заяўніка па канстытуцыйнай скарзе аб праверцы канстытуцыйнасці артыкулаў 223 і 286 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (вызначэнне ад 14 мая 2026 г.)

Грамадзянін Расійскай Федэрацыі Чуясаў А.У. звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 223 «Самавольнае будаўніцтва і яго наступствы» і артыкула 286 «Абарона правоў уладальніка, які не з’яўляецца ўласнікам» Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК).

А.У.Чуясаў просіць прызнаць узаемазвязаныя палажэнні артыкула 223 і 286 ГК не адпаведнымі артыкуламі 7, 13, 29, 44 Канстытуцыі і ўказаць заканадаўцу на неабходнасць устараніць канстытуцыйна-прававы прабел у ГК шляхам замацавання механізму абароны правоў удзельнікаў праваадносін пры пераходзе права ўласнасці на аб’ект самавольнага будаўніцтва.

Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні ўказаў, што заканадаўца, замацаваўшы ў ГК прававыя прыкметы самавольнага будаўніцтва, у ліку яго наступстваў устанавіў, што асоба, якая ажыццявіла самавольнае будаўніцтва, не набывае права ўласнасці на самавольную пабудову ў адпаведнасці з пунктамі 1 і 2 артыкула 220 ГК і не мае права карыстацца і распараджацца самавольнай пабудовай – прадаваць, дарыць, здаваць у арэнду, здзяйсняць іншыя здзелкі (пункты 1 і 2 артыкула 223).

Адзначана, што дадзеныя абмежаванні для асобы, якая ажыццявіла самавольнае будаўніцтва, накіраваны на выключэнне шкоды грамадскай карысці і бяспекі, ушчамлення правоў і абароненых законам інтарэсаў іншых асоб, якія могуць быць нанесены невыкананнем заканадаўства пры самавольным будаўніцтве, што не можа расцэньвацца як парушэнне канстытуцыйных правоў заяўніка ў паказаным у яго канстытуцыйнай скарзе аспекце.

Пераход права ўласнасці на памяшканне, якое стала аб’ектам самавольнага будаўніцтва, па прадугледжаных заканадаўствам аб выканаўчым вядзенні падставах ад асобы, якая ажыццявіла самавольнае будаўніцтва, да іншай асобы сам па сабе не цягне страту прыкмет, што абумоўліваюць шкоду, якая можа быць нанесена самавольнай пабудовай абароненым дзяржаўным, грамадскім і прыватным інтарэсам. У сувязі з гэтым рэалізацыя права ўласнасці набытчыкам такога памяшкання непарыўна звязана з рашэннем ва ўстаноўленым парадку пытанняў, якія вынікаюць з факту ажыццяўлення самавольнага будаўніцтва.

У дачыненні да пазіцыі заяўніка аб неабходнасці спецыяльнага прававога замацавання механізму абароны правоў удзельнікаў адносін, звязаных з пераходам у рамках выканаўчага вядзення права ўласнасці на аб’ект, які прызнаецца самавольнай пабудовай, Канстытуцыйны Суд звярнуў увагу на тое, што адпаведныя пытанні ўваходзяць у дыскрэцыю заканадаўцы.

Акрамя таго, як устанавіў Канстытуцыйны Суд зыходзячы з аналізу матэрыялаў канстытуцыйнай скаргі, даныя, якія пацвярджаюць прымяненне ў канкрэтнай справе пры вырашэнні пытанняў, якія закранаюць канстытуцыйныя правы і свабоды, аб абароне якіх просіць заяўнік, артыкула 286 ГК, што рэгулюе адносіны па абароне правоў уладальніка, які не з’яўляецца ўласнікам, адсутнічаюць.

Па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе адмоўлена, паколькі яна не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве», а менавіта – прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў і свабод заяўніка няма.