15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі

(віншаванне Старшыні Канстытуцыйнага Суда С.М.Сіўца)

Шаноўныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь!

Ад імя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь і сябе асабіста сардэчна віншую вас з найважнейшым дзяржаўным святам – Днём Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

З прыняццем Асноўнага Закона была закладзена трывалая прававая аснова беларускай дзяржаўнасці і патрэбны прававы інструментар для сцвярджэння правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, непахіснасці народаўладдзя, дабрабыту грамадзян і росквіту Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыя – гэта ўнікальны палітыка-прававы дакумент, які з’яўляецца не проста фундаментам прававой сістэмы дзяржавы, а сістэмна аб’ядноўвае ў сабе асноватворныя ідэі і каштоўнасці – дзяржаўны суверэнітэт, народаўладдзе, вяршэнства права, гістарычную памяць, традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, патрыятызм, сацыяльную справядлівасць, якія маюць адвечнае значэнне як для развіцця грамадства, эвалюцыйнага дзяржаўнага будаўніцтва, так і для стварэння неабходных умоў для бяспечнага, добрага, шчаслівага жыцця кожнага чалавека.

Перакананы, што і ў далейшым гэта дзяржаўнае свята заўсёды будзе ўвасабленнем міру, грамадзянскай згоды і адзінства беларускага народа, аб’яднанага агульнай мэтай пабудовы моцнай, незалежнай, квітнеючай і справядлівай дзяржавы – Рэспублікі Беларусь.

 

12 сакавіка 2026 г. Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь прыняў Пасланне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь і палатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь»

Канстытуцыйны Суд ажыццяўляе кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве праз канстытуцыйнае судаводства з мэтай абароны канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод чалавека і грамадзяніна, забеспячэння вяршэнства Канстытуцыі і яе прамога дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

Канстытуцыйны Суд фарміруецца ў колькасці 12 суддзяў з высокакваліфікаваных спецыялістаў у галіне права, якія маюць, як правіла, вучоную ступень.

Старшыня, намеснік Старшыні і суддзі Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца і вызваляюцца ад пасады Усебеларускім народным сходам. Старшыня і намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца з ліку суддзяў Канстытуцыйнага Суда.

Суддзі Канстытуцыйнага Суда выбіраюцца на 11 гадоў.

Кампетэнцыя, арганізацыя і парадак дзейнасці Канстытуцыйнага Суда вызначаюцца Канстытуцыяй і законам
(артыкул 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь).