Вядзенне справы было ўзбуджана вызначэннем Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 31 сакавіка 2026 г. на падставе звароту грамадзяніна Станько В.І. аб праверцы канстытуцыйнасці падпункта 14.3 пункта 14 артыкула 731, падпункта 1.15 пункта 1 артыкула 172, падпункта 4.2 пункта 4 артыкула 173, падпункта 1.10 пункта 1 артыкула 213, абзаца першага і падпункта 7.1 пункта 7 артыкула 214 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, якія, на яго думку, не адпавядаюць артыкулам 7, 13, 44, 56, 58 і 104 Канстытуцыі ў той меры, у якой яны дапускаюць ускладанне на фізічную асобу абавязку па выплаце падаходнага падатку ад сумы перавышэння расходаў над даходамі па стаўках, устаноўленых не на дату фактычнага атрымання даходу, а на дату складання акта камеральнай праверкі.
У прынятым вызначэнні Канстытуцыйны Суд зазначыў, што згодна з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» канстытуцыйную скаргу ў Канстытуцыйны Суд мае права падаць грамадзянін, чые канстытуцыйныя правы і свабоды, па яго меркаванні, парушаны законам, прымененым у канкрэтнай справе (артыкул 152); канстытуцыйная скарга дапушчальная, калі маюцца прыкметы парушэння канстытуцыйных правоў і свабод грамадзяніна ў выніку прымянення закона ў канкрэтнай справе з яго ўдзелам (падпункт 1.1 пункта 1 артыкула 153); да канстытуцыйнай скаргі прыкладаюцца копіі судовых пастаноў, якія пацвярджаюць прымяненне закона, канстытуцыйнасць якога падлягае праверцы, пры разглядзе канкрэтнай справы (падпункт 1.3 пункта 1 артыкула 155).
Разам з тым прадстаўленымі заяўнікам копіямі судовых пастаноў не пацвярджаецца прымяненне судом абскарджаных норм падпункта 1.15 пункта 1 артыкула 172 і падпункта 4.2 пункта 4 артыкула 173 Падатковага кодэкса (у рэдакцыі Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2015 г. № 343-З) у канкрэтнай справе з яго ўдзелам, у сувязі з чым вядзенне справы аб канстытуцыйнасці названых палажэнняў Падатковага кодэкса спынена.