Грамадзянін Егурноў Б.І. звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» і артыкула 420 «Падставы змянення і скасавання дагавора» Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), прымененых судом у канкрэтнай справе з яго ўдзелам, звязаным са скасаваннем дагавора аб прадастаўленні паслуг гарадской (сельскай) тэлефоннай сувязі ў аднабаковым парадку.
Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні адзначыў, што з улікам часткі першай артыкула 23 Канстытуцыі, абзаца сёмага часткі другой артыкула 2 ГК свабода дагавора ў яе канстытуцыйна-прававым сэнсе хоць і прадугледжвае роўнасць і ўзгадненне волі бакоў, не з’яўляецца абсалютнай і не павінна весці да адмаўлення або прымяншэння іншых канстытуцыйных правоў і свабод, павінна адпавядаць канстытуцыйным пачаткам справядлівасці, добрасумленнасці, разумнасці і можа быць абмежавана законам, але толькі ў той меры, у якой гэта неабходна ў такіх канстытуцыйна значных інтарэсах, як нацыянальная бяспека, грамадскі парадак, абарона маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.
Прымаючы да ўвагі спецыфіку разгледжаных праваадносін, звязаную з публічным характарам дагавора, што заключаецца, абскарджаныя заяўнікам артыкул 420 ГК і Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў» ва ўзаемасувязі з актамі заканадаўства ў галіне электрасувязі не дапускаюць адвольнага спынення дагавора аператарам паслуг электрасувязі ў аднабаковым парадку і не ўтрымліваюць палажэнняў, якія прымушаюць карыстальнікаў паслуг электрасувязі адмовіцца ад іх атрымання пры захаванні зацікаўленасці ў іх і належным выкананні сваіх абавязацельстваў па дагаворы.
Забяспечваючы баланс правоў і абавязкаў удзельнікаў грамадзянскіх праваадносін, якія ўзнікаюць пры прадастаўленні паслуг электрасувязі, абараняючы правы грамадзяніна як спажыўца паслуг, гэтыя нормы адпавядаюць таксама інтарэсам усяго грамадства, якія заключаюцца ў забеспячэнні даступнасці паслуг электрасувязі як спосабу паляпшэння якасці жыцця грамадзян.
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што нормы Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абароне правоў спажыўцоў» і артыкула 420 ГК не могуць разглядацца як парушаючыя канстытуцыйныя правы і свабоды Б.І.Егурнова ва ўказаным ім аспекце, прытым што заяўнік не страціў магчымасці заключэння дагавора для атрымання паслуг электрасувязі.
Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».