Грамадзянка Філонава Н.С. звярнулася ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 391 «Знявага суддзі або народнага засядацеля» Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь і артыкула 417-19 «Дзеянні суддзі суда нагляднай інстанцыі пры паступленні нагляднай скаргі» Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што па прыгаворы раённага суда ў 2024 годзе грамадзянка асуджана па артыкуле 391 Крымінальнага кодэкса за знявагу суддзі ў сувязі з ажыццяўленнем ім правасуддзя. Судамі вышэйстаячых інстанцый пастаноўлены ў дачыненні да заяўніцы прыгавор прызнаны законным і абгрунтаваным, падстаў для яго змянення або адмены не ўстаноўлена.
На думку заяўніцы, пры судовым разглядзе крымінальнай справы парушаны яе канстытуцыйныя правы і свабоды, паколькі суд прымяніў крымінальны закон, які не падлягае прымяненню, а пры разглядзе яе нагляднай скаргі на праведзеныя па справе судовыя рашэнні дапушчаны істотныя парушэнні крымінальна-працэсуальнага закона і артыкула 8 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Пастаноўлены ў дачыненні да грамадзянкі прыгавор быў ёю абскарджаны ў апеляцыйным, касацыйным і наглядным парадках. Разам з тым заяўніцай не была пададзена ва ўстаноўленым парадку з выплатай дзяржаўнай пошліны наглядная скарга на пастанову суддзі Вярхоўнага Суда, якой было адмоўлена ў перадачы яе нагляднай скаргі для разгляду ў судовым пасяджэнні суда нагляднай інстанцыі.
Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў Н.С.Філонавай ва ўзбуджэнні вядзення справы па яе канстытуцыйнай скарзе, паколькі заяўніцай не вычарпаны ўсе іншыя сродкі судовай абароны канстытуцыйных правоў і свабод пры вырашэнні канкрэтнай справы. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.3 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».