З прадстаўленых матэрыялаў вынікала, што адміністрацыяй раёна г. Мінска А.А.Вайцяховічу было адмоўлена ў прыёме заявы, пададзенай праз службу «адно акно», аб ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры прызнання жылога памяшкання не адпаведным устаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням у сувязі з непрадстаўленнем дакумента, які пацвярджае прыналежнасць жылога памяшкання заяўніку на праве ўласнасці або іншай законнай падставе.
Звяртаючыся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці артыкулаў 3 і 15 Закона «Аб асновах адміністрацыйных працэдур», заяўнік звязвае парушэнне сваіх канстытуцыйных правоў з прымяненнем судом у грамадзянскай справе падпункта 1.1.12 пункта 1.1 пераліку адміністрацыйных працэдур, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200 (далей – Пералік), які знаходзіцца ў прамой нарматыўнай сувязі з названымі нормамі Закона «Аб асновах адміністрацыйных працэдур».
На думку А.А.Вайцяховіча, з прычыны таго што названы пералік не ўтрымлівае закрытага спісу дакументаў, неабходных для ажыццяўлення адміністрацыйнай працэдуры прызнання жылога памяшкання не адпаведным устаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням, падпункт 1.1.12 пункта 1.1 пераліку быў вытлумачаны і ўжыты судом пашыральна, што сведчыць аб невыкананні замацаванага ў артыкуле 7 Канстытуцыі прынцыпу вяршэнства права і парушэнні часткі першай артыкула 48 Канстытуцыі аб забеспячэнні права грамадзян на жыллё, у тым ліку з дапамогай аказання садзейнічання ў яго набыцці.
Разгледзеўшы скаргу грамадзяніна, Канстытуцыйны Суд прыйшоў да высновы, што прававое рэгуляванне, якое дзейнічала на момант звароту заяўніка за ажыццяўленнем адміністрацыйнай працэдуры, не можа расцэньвацца ў якасці парушаючага канстытуцыйныя правы заяўніка ў канкрэтнай справе, паколькі прадугледжвае, што для звароту ў службу «адно акно» грамадзянін мае права прадставіць дакументы як пералічаныя ў норме, так і іншыя, якія пацвярджаюць прыналежнасць яму жылога памяшкання на праве ўласнасці або іншай законнай падставе, што сведчыць аб прадастаўленні грамадзяніну дадатковых гарантый для рэалізацыі канстытуцыйных правоў у паказаным ім аспекце.
У канстытуцыйнай скарзе А.А.Вайцяховіч спасылаецца таксама на тое, што прадстаўленыя ім суду дакументы (дагавор стварэння аб’екта долевага будаўніцтва і даведка забудоўшчыка аб размеркаванні ізаляваных памяшканняў паміж кандыдатамі ў праваўладальнікі), на яго думку, з’яўляліся дастатковымі падставамі для задавальнення яго заявы аб ажыццяўленні адміністрацыйнай працэдуры. Тым самым заяўнік фактычна выказвае нязгоду з судовымі пастановамі, вынесенымі па грамадзянскай справе з яго ўдзелам. Аднак вырашэнне адрасаваных Канстытуцыйнаму Суду патрабаванняў, якія змяшчаюцца ў канстытуцыйных скаргах і звязаны з праверкай правільнасці выбару судом прымянімых у канкрэтнай справе нормаў закона, іх казуальнага тлумачэння і прымянення, не ўваходзіць у кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда.
Па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў Канстытуцыйны Суд адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».