Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў, што па сваім канстытуцыйна-прававым сэнсе палажэнні артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» у сістэме дзеючага прававога рэгулявання не перашкаджаюць рэалізацыі права на абскарджанне ў суд дзеянняў (бяздзейнасці) дзяржаўных органаў і службовых асоб, звязаных з разглядам зваротаў (вызначэнне Канстытуцыйнага Суда ад 5 сакавіка 2026 г.)

Грамадзянін Саявец М.М. звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 20 «Абскарджанне адказаў на звароты» Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб» (далей – Закон аб зваротах), прымененага судом пры вынясенні вызначэння аб адмове ва ўзбуджэнні справы па скарзе заяўніка.

Указаным артыкулам Закона аб зваротах устаноўлена, што адказ арганізацыі на зварот або рашэнне аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці могуць быць абскарджаны ў вышэйстаячую арганізацыю (частка першая пункта 1); адказ арганізацыі на зварот або рашэнне аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці пасля абскарджання ў вышэйстаячую арганізацыю могуць быць абскарджаны ў суд у парадку, устаноўленым заканадаўствам (пункт 3); адказ на скаргу ў вышэйстаячую арганізацыю можа быць абскарджаны ў суд, калі пры разглядзе гэтай скаргі прынята новае рашэнне, якое адносіцца да кампетэнцыі адпаведнай вышэйстаячай арганізацыі (пункт 4); адказ на зварот або рашэнне аб пакіданні звароту без разгляду па сутнасці арганізацыі, якая не мае вышэйстаячай арганізацыі, а таксама індывідуальнага прадпрымальніка могуць быць абскарджаны ў суд у парадку, устаноўленым заканадаўствам (пункт 6).

На думку М.М.Саяўца, артыкул 20 Закона аб зваротах, у якім адсутнічае палажэнне аб праве заяўніка абскардзіць накіраванне зваротаў па іншых адрасах, не ўлічвае замацаванае ў артыкуле 60 Канстытуцыі права на абскарджанне рашэнняў і дзеянняў дзяржаўных органаў і службовых асоб і не адпавядае дадзенаму артыкулу Канстытуцыі.

Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні ўказаў, што акрэслены Законам аб зваротах парадак падачы і разгляду зваротаў, які прадугледжвае іх падачу ў арганізацыі, да кампетэнцыі якіх адносіцца вырашэнне пытанняў, выкладзеных у зваротах, накіраваны на стварэнне ўмоў для належнай рэалізацыі права на зварот.

Артыкулам 20 Закона аб зваротах урэгуляваны парадак абскарджання адказаў на звароты або рашэнняў аб пакіданні зваротаў без разгляду па сутнасці.

На думку Канстытуцыйнага Суда, магчымасць выкарыстання дасудовага ўрэгулявання спрэчкі ў мэтах абароны правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян служыць дадатковым сродкам прававой абароны і не з’яўляецца абмежаваннем канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону, а таксама абмежаваннем юрысдыкцыі суда, паколькі не прадугледжвае адвольнага правапрымянення і фармальнага разгляду зваротаў.

Канстытуцыйны Суд у сваіх рашэннях неаднаразова звяртаў увагу на тое, што права грамадзян на судовую абарону з’яўляецца гарантыяй абароны правоў і свабод грамадзян ад любых парушаючых іх дзеянняў (бяздзейнасці) і рашэнняў і адносіцца да такіх правоў, якія не могуць быць абмежаваныя.

Канстытуцыйны Суд лічыць, што па сваім канстытуцыйна-прававым сэнсе палажэнні артыкула 20 Закона аб зваротах у сістэме дзеючага прававога рэгулявання не перашкаджаюць рэалізацыі права на абскарджанне ў суд дзеянняў (бяздзейнасці) дзяржаўных органаў і службовых асоб, звязаных з разглядам зваротаў. Абмеркаванне ж фактычных абставінаў і ацэнка судовых пастаноў па сутнасці справы ў кампетэнцыю Канстытуцыйнага Суда не ўваходзяць.

Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».