Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь не ўстанавіў прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў грамадзяніна ў выніку прымянення палажэнняў главы 7 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях пры прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 18.15 КаАП (вызначэнне Канстытуцыйнага Суда ад 16 студзеня 2026 г.)

Грамадзянін Чырыч Я.А. звярнуўся ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці главы 7 «Накладанне адміністрацыйнага спагнання» Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей – КаАП), палажэнні якой прыменены пры прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 18.15 «Кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане ап’янення, перадача кіравання транспартным сродкам такой асобе або адмова ад праходжання праверкі (агляду)» КаАП.

На думку заяўніка, адсутнасць у главе 7 КаАП прававога механізма заліку тэрміну пазбаўлення права займацца пэўнай дзейнасцю, пачатага з уступленнем у сілу пастановы аб накладанні такога адміністрацыйнага спагнання і перапыненага ў сувязі з яго адменай (у выпадку вынясення новай пастановы па справе па тым жа адміністрацыйным правапарушэнні), не адпавядае часткам першай і чацвёртай артыкула 7, частцы першай артыкула 21, артыкулу 22 Канстытуцыі і парушае ў канкрэтнай справе яго канстытуцыйныя правы на роўнасць усіх перад законам і роўную абарону правоў і законных інтарэсаў без усялякай дыскрымінацыі.

Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні адзначыў, што ўстаноўленае главой 7 КаАП прававое рэгуляванне само па сабе не дапускае залішняга дзяржаўнага прымусу і дазваляе накладаць адміністрацыйнае спагнанне за адміністрацыйнае правапарушэнне, у тым ліку прадугледжанае часткай 1 артыкула 18.15 КаАП, такім чынам, каб яно не перавышала ўстаноўленыя законам межы спагнанняў, уключаючы накладанне адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе пазбаўлення права займацца пэўнай дзейнасцю пры вынясенні новай пастановы па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

Пры гэтым палажэнні главы 14 ПВКаАП накіраваны на поўнае, правільнае і своечасовае выкананне пастановы аб накладанні адміністрацыйнага спагнання ў выглядзе пазбаўлення права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі. У выпадку нязгоды з дзеяннямі ўпаўнаважаных асоб органаў унутраных спраў па выкананні пастановы аб адміністрацыйным правапарушэнні заяўнік мае права абскардзіць іх ва ўстаноўленым парадку.

У сістэме дзеючага прававога рэгулявання палажэнні главы 7 КаАП ва ўзаемасувязі з часткай 1 артыкула 18.15 КаАП і нормамі глаў 14 і 19 ПВКаАП не могуць разглядацца як парушаючыя ў канкрэтнай справе канстытуцыйныя правы заяўніка ў паказаным ім аспекце.

Пры гэтым ацэнка законнасці і абгрунтаванасці накладання адміністрацыйнага спагнання не адносіцца да кампетэнцыі Канстытуцыйнага Суда.

Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў устанавіў, што прыкметы парушэння канстытуцыйных правоў заяўніка адсутнічаюць, і адмовіў ва ўзбуджэнні вядзення справы па канстытуцыйнай скарзе. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».