
У адпаведнасці з артыкулам 75 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Старшыня і суддзі Канстытуцыйнага Суда прынеслі прысягу, узяўшы на сябе абавязацельства перад народам Рэспублікі Беларусь годна, добрасумленна і бесстаронна абараняць канстытуцыйны лад і вяршэнства Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Пасля прынясення прысягі Кіраўнік дзяржавы ўручыў суддзям Канстытуцыйнага Суда службовыя пасведчанні і падарункавыя экзэмпляры Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Урачыстая цырымонія прайшла ў прысутнасці намесніка Старшыні Усебеларускага народнага сходу А.М.Косінца, Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь І.П.Сергяенка, Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н.І.Качанавай, Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь А.І.Шведа.
А.Р.Лукашэнка даў наказ суддзям ажыццяўляць сваю дзейнасць, грунтуючыся на прынцыпе справядлівасці. «Мы не можам прапісаць усё ў законах. Але дух, фундамент і аснова ў нас адна – справядлівасць. І гэта вас перш за ўсё тычыцца. Будзьце справядлівымі да нашых людзей, нашага народу. Шчасця вам, здароўя, жывіце доўга і дзейнічайце на карысць сваёй краіны і нашага народа», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Падчас цырымоніі Прэзідэнт таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды былым кіраўнікам Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Кіраўнік дзяржавы ўзнагародзіў ордэнам Айчыны II ступені Старшыню Вярхоўнага Суда (1997–2025 гг.) В.А.Сукала і ордэнам Айчыны III ступені Старшыню Канстытуцыйнага Суда (2008–2025 гг.) П.П.Міклашэвіча. Яны ўдастоены ўзнагарод за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад ва ўдасканаленне судовай сістэмы, забеспячэнне канстытуцыйнай законнасці.