Навіны
Канстытуцыйны Суд пацвердзіў правамернасць устанаўлення пераважнага права спадчынніка пры раздзеле жылога памяшкання, якое на працягу года да адкрыцця спадчыны з'яўлялася адзіным месцам яго пастаяннага пражывання (вызначэнне Канстытуцыйнага Суда ад 30 верасня 2025 г.)

Грамадзянка Заведзеева Т.Р. звярнулася ў Канстытуцыйны Суд з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці пункта 2 артыкула 1082 «Пераважнае права на пэўныя аб'екты са складу спадчыны пры яе раздзеле» Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ГК), згодна з якім спадчыннікі, для якіх жылы дом, кватэра або іншае жылое памяшканне, якія належалі спадчынадаўцу, на працягу года да адкрыцця спадчыны з’яўляліся адзіным месцам пастаяннага пражывання, маюць пры раздзеле спадчыны пераважнае права на атрыманне ў лік іх спадчынных долей гэтага жылога памяшкання, а таксама дамашняга начыння і прадметаў хатняга ўжытку, якія знаходзяцца ў гэтым памяшканні.

На думку заяўніцы, прымяненне ў грамадзянскай справе з яе ўдзелам пункта 2 артыкула 1082 ГК пазбавіла яе долі ў праве ўласнасці на кватэру і, адпаведна, прывяло да ўшчамлення яе правоў, прадугледжаных артыкуламі 44 і 48 Канстытуцыі, паколькі дадзеная норма ГК змяшчае прабелы ў прававым рэгуляванні: не ўстаноўлены тэрмін рэалізацыі пераважнага права спадчыннікаў на спадчынную маёмасць пры яе раздзеле; у дачыненні да жылога дома, кватэры ці іншага жылога памяшкання не вызначана такая іх асаблівасць, як непадзельнасць.

Канстытуцыйны Суд у прынятым вызначэнні ўказаў, што пункт 2 артыкула 1082 ГК, устанаўліваючы пераважнае права спадчыннікаў, для якіх жылы дом, кватэра або іншае жылое памяшканне, якія належалі спадчынадаўцу, на працягу года да адкрыцця спадчыны з’яўляліся адзіным месцам пастаяннага пражывання, на атрыманне ў лік іх спадчынных долей гэтага жылога памяшкання, накіраваны на прыярытэтнае забеспячэнне спадчынных правоў такіх грамадзян, закліканы ўлічыць апраўданую цікавасць такіх спадчыннікаў да ўладання жыццёва важнай для іх маёмасцю і забяспечвае такім чынам з улікам разумнай мэтазгоднасці абарону правоў і законных інтарэсаў спадчыннікаў, на карысць якіх устаноўлена пераважнае права, з тым каб маёмасць заставалася ў карыстанні тых жа асоб, якія карысталіся ёй раней і, адпаведна, маюць маёмасны інтарэс у выкарыстанні канкрэтнага жылога памяшкання.

Несуразмернасць маёмасці, аб пераважным праве на атрыманне якой заяўляе спадчыннік на падставе артыкула 1082 ГК, яго спадчыннай долі ліквідуецца перадачай астатнім спадчыннікам іншай маёмасці са складу спадчыны альбо іншай кампенсацыяй, у тым ліку выплатай адпаведнай грашовай сумы (пункт 3 артыкула 1082 ГК).

Канстытуцыйны Суд па выніках вывучэння прадстаўленых матэрыялаў адмовіў ва ўзбуджэнні справы па канстытуцыйнай скарзе, паколькі прыкмет парушэння канстытуцыйных правоў заяўніцы няма. Канстытуцыйная скарга не адпавядае ўмове дапушчальнасці, вызначанай падпунктам 1.1 пункта 1 артыкула 153 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».