П.П.Міклашэвіч выступіў на тэму «Забеспячэнне міру і грамадзянскай згоды – канстытуцыйная мэта грамадства і дзяржавы»
Звяртаючыся да студэнтаў і выкладчыкаў, Старшыня Канстытуцыйнага Суда адзначыў асаблівую значнасць дзяржаўнага свята – Дня народнага адзінства, падкрэсліўшы, што асноватворнымі складнікамі дзяржавы з’яўляюцца тэрыторыя і народ. У першай палове дваццатага стагоддзя ў сілу існуючых гістарычных абставін тэрыторыя Беларусі і яе народ былі падзеленыя амаль на дваццаць гадоў. Толькі 17 верасня 1939 г. беларускі народ уз’яднаўся, аб’ядналіся спрадвечна беларускія землі. З гэтага моманту беларускі народ згуртаваўся, адчуў сябе адзінай нацыяй і, выяўляючы мужнасць і гераізм, адстойваў свой суверэнітэт і незалежнасць, самаадданай працай развіваў эканоміку нашай краіны, забяспечваў дынамічнае і ўстойлівае развіццё.
П.П.Міклашэвіч звярнуў увагу ўдзельнікаў сустрэчы на палажэнні прэамбулы абноўленай Канстытуцыі, у якіх устаноўлена мэта па забеспячэнні міру і грамадзянскай згоды для далейшага забеспячэння росквіту Рэспублікі Беларусь. У сучасных умовах важна, каб грамадзяне нашай краіны ўсведамлялі і заўсёды памяталі, што наша адзінства – гэта сіла і ўстойлівасць беларускага грамадства і дзяржавы.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда расказаў аб дзейнасці Канстытуцыйнай камісіі па падрыхтоўцы змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю, аб прыняцці абноўленай Канстытуцыі на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 г.
На сустрэчы былі закрануты пытанні захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Як адзначыў П.П.Міклашэвіч, адпаведная канстытуцыйная норма мае надзвычайную актуальнасць падчас 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне; яе мэта – захаванне гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне, спыненне спроб аспрэчыць маральнае і гістарычнае права беларускага народа на значны ўклад у перамогу над фашызмам.
Звернута ўвага на тое, што захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа і патрыятызм з’яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Названы дадатак да артыкула 54 Канстытуцыі абумоўлены неабходнасцю ўстанаўлення найважнейшага канстытуцыйнага арыентыру дзяржаўнай палітыкі, перш за ўсё па выхаванні ў моладзі пачуцця адказнасці за сучаснасць і будучыню нашай краіны.
Абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з дзейнасцю Усебеларускага народнага сходу, наданнем гэтаму органу канстытуцыйнага статусу вышэйшага прадстаўнічага органа народаўладдзя, яго месцам у сістэме органаў дзяржаўнай улады, найважнейшымі паўнамоцтвамі, парадкам абрання Усебеларускім народным сходам суддзяў Канстытуцыйнага Суда.
У ходзе дыялогу П.П.Міклашэвіч таксама адказаў на пытанні студэнтаў пра прававое рэгуляванне выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту, развіццё лічбавага права, выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у судовай дзейнасці, захаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і інш.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда пажадаў студэнтам паспяхова вучыцца, праяўляць патрыятызм, уносіць дастойны ўклад у далейшае дынамічнае развіццё Беларусі.