Навіны
Канстытуцыйны Суд пацвердзіў права кожнага на судовую абарону ў вызначаным законам парадку, прызнаўшы палажэнні артыкула 12 Закона «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» неадпаведнымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у той меры, у якой яны не забяспечваюць рэалізацыю грамадзянамі канстытуцыйнага права на судовую абарону (рашэнне Канстытуцыйнага Суда 26 чэрвеня 2025 г.)

У Канстытуцыйны Суд звярнулася грамадзянка Емяльяновіч В.М. з канстытуцыйнай скаргай аб праверцы канстытуцыйнасці артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» у сувязі з адсутнасцю ў ім прававога механізму рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на судовую абарону. Заяўніца абскардзіла таксама пункт 41 Палажэння аб парадку ўтварэння і дзейнасці камісій па справах непаўналетніх, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2003 г. № 1599 (далей – Палажэнне), якім раней, да ўнясення ў яго змяненняў 14 студзеня 2025 г., быў вызначаны несудовы парадак абскарджання пастановы камісіі па справах непаўналетніх.

Апеляцыйнай інстанцыяй абласнога суда рашэнне суда першай інстанцыі аб задавальненні скаргі В.М.Емяльяновіч на неправамерныя дзеянні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама адменена, вядзенне справы спынена з прычыны непадведамаснасці скаргі заяўніцы суду.

В.М.Емяльяновіч мяркуе, што з прычыны прымянення названых нарматыўных прававых актаў судом у грамадзянскай справе па яе скарзе на неправамерныя дзеянні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама парушана канстытуцыйнае права на судовую абарону.

На думку заяўніцы, унясенне ў пункт 41 Палажэння ў 2025 годзе змянення, якім прадугледжана абскарджанне пастановы камісіі па справах непаўналетніх у суд, не ліквідуе парушэнне яе канстытуцыйнага права на судовую абарону, паколькі ў цяперашні час скарыстацца гэтым правам у яе магчымасці няма.

Па выніках даследавання матэрыялаў справы Канстытуцыйны Суд у прынятым рашэнні прызнаў палажэнні артыкула 12 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» неадпаведнымі артыкулам 7, 21, 60 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у той меры, у якой яны ў парушэнне прынцыпу вяршэнства права не забяспечваюць рэалізацыю грамадзянамі канстытуцыйнага права на судовую абарону.

У адпаведнасці з рашэннем Канстытуцыйнага Суда Савету Міністраў належыць у трохмесячны тэрмін унесці ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект закона аб унясенні адпаведных змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх».

Вызначэнне судовай калегіі па грамадзянскіх справах абласнога суда аб адмене рашэння суда першай інстанцыі па скарзе заяўніцы на неправамерныя дзеянні камісіі па справах непаўналетніх падлягае перагляду ва ўстаноўленым парадку.