25–26 красавіка 2025 г. у Стамбуле намеснік Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Н.А.Карповіч прыняла ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 63-годдзю Канстытуцыйнага Суда Турэцкай Рэспублікі.
На ўрачыстым пасяджэнні прысутнічалі Прэзідэнт Турэцкай Рэспублікі Рэджэп Таіп Эрдаган, старшыні і суддзі органаў канстытуцыйнага кантролю з 35 краін свету, прадстаўнікі 7 міжнародных судоў і іншых міжнародных арганізацый, уключаючы Еўрапейскі суд па правах чалавека, Афрыканскі суд па правах чалавека і народаў, Асацыяцыю азіяцкіх канстытуцыйных судоў і эквівалентных органаў, Канферэнцыю еўрапейскіх канстытуцыйных судоў і інш.
У рамках праграмы мерапрыемстваў адбыўся Міжнародны сімпозіум «Будучыня канстытуцыйнага правасуддзя ў 21 стагоддзі», падчас якога абмяркоўваліся выклікі і перспектывы канстытуцыйнага правасуддзя ў лічбавую эпоху.
Н.А.Карповіч выступіла на спецыяльнай сесіі з прывітальным словам, павіншаваўшы Канстытуцыйны Суд Турэцкай Рэспублікі са значнай датай і праінфармаваўшы ўдзельнікаў аб новых паўнамоцтвах Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных змяненнямі, унесенымі ў Канстытуцыю па выніках рэспубліканскага рэферэндуму 27 лютага 2022 года.