Старшыня Канстытуцыйнага Суда, звяртаючыся да студэнтаў, адзначыў, што час, які прайшоў з моманту прыняцця Канстытуцыі ў 1994 годзе, паказаў значнасць канстытуцыйных палажэнняў і сфармуляваных у ёй каштоўнасных арыенціраў для стабільнага і эвалюцыйнага дзяржаўна-прававога будаўніцтва.
За мінулыя гады Рэспубліка Беларусь умацавала свой суверэнітэт і незалежнасць, праводзіць самастойную знешнюю і ўнутраную палітыку. У цяперашні час створаны палітычныя, ідэалагічныя, канстытуцыйна-прававыя, сацыяльна-эканамічныя асновы ўстойлівага развіцця беларускай дзяржавы.
П.П.Міклашэвіч расказаў аб дзейнасці Канстытуцыйнай камісіі, створанай у сакавіку 2021 года ў адпаведнасці з рашэннем шостага Усебеларускага народнага сходу, па распрацоўцы прапаноў па змяненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Асобна спыніўся на сутнасці канстытуцыйных змяненняў, накіраваных на ўмацаванне канстытуцыйнага «каркаса» рэгулявання дэмакратычнага ўладкавання грамадства і дзяржавы, сістэмы дзяржаўнай улады, узаемадзеяння асобы, грамадства і дзяржавы, і якія з’яўляюцца стратэгічным арыенцірам на будучыню.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што ў абноўленай Канстытуцыі з’явіўся асобны артыкул у дачыненні да моладзі, згодна з якім дзяржава спрыяе духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства.
Як адзначыў П.П.Міклашэвіч, гэтая новая канстытуцыйная норма ўстанаўлівае асновы канструктыўнага ўзаемадзеяння дзяржавы і моладзі, дазваляе моладзі ўсебакова развівацца, годна адказваць на сучасныя выклікі, дзяржаве – актыўна далучаць моладзь да вырашэння грамадскіх і дзяржаўных задач, выхоўваць маладых патрыётаў, адказных за сучаснасць і будучыню нашай краіны.
У ходзе дыялогу старшыня Канстытуцыйнага Суда адказаў на пытанні студэнтаў пра паўнамоцтвы і дзейнасць Канстытуцыйнага Суда, парадак звароту грамадзян з канстытуцыйнымі скаргамі, канстытуцыйны статус і паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу і інш.
П.П.Міклашэвіч пажадаў студэнтам знайсці сваё месца ў жыцці, паспяхова прымяняць веды, праяўляць мэтанакіраванасць, настойлівасць, пастаянна займацца самаадукацыяй.