Навіны
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. 31 студзеня 2024 г. сустрэўся са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і выступіў на тэму «Канстытуцыйнае развіццё: канстытуцыйныя правы і абавязкі моладзі»

У час сустрэчы Старшынёй Канстытуцыйнага Суда было адзначана, што змяненні, унесеныя ў Канстытуцыю на рэспубліканскім рэферэндуме 2022 года, накіраваны на ўмацаванне канстытуцыйнага «каркаса» рэгулявання дэмакратычнага ладу грамадства і дзяржавы, сістэмы дзяржаўнай улады, узаемадзеяння асобы, грамадства і дзяржавы, з'яўляюцца стратэгічным арыенцірам на будучае развіццё Беларусі.

Звяртаючыся да студэнтаў, маладых грамадзян нашай краіны, Міклашэвіч П.П. звярнуў увагу, што цяпер яны рэалізуюць канстытуцыйнае права на адукацыю ў адпаведнасці з артыкулам 49 Канстытуцыі, які прадугледжвае:

права кожнага на адукацыю;

гарантыю даступнасці і бясплатнасці агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі;

даступнасць сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага, атрыманне адпаведнай адукацыі ў дзяржаўных установах адукацыі на конкурснай аснове бясплатна.

Адзначалася таксама, што ў XXI стагоддзі далейшы навукова-тэхнічны прагрэс, развіццё інавацыйнай эканомікі краіны грунтуюцца на высокім узроўні інтэлекту, у сувязі з чым новым артыкулам 321 Канстытуцыі на дзяржаву ўскладзены абавязак садзейнічаць не толькі духоўнаму, маральнаму, фізічнаму, але і інтэлектуальнаму развіццю моладзі, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства.

П.П. Міклашэвічам было падкрэслена, што абноўленая Канстытуцыя, захоўваючы сацыяльныя гарантыі правоў грамадзян, адначасова прадугледжвае ўзмацненне іх сацыяльнай адказнасці.

Артыкул 21 Канстытуцыі, які прадугледжвае, што кожны мае права на годны ўзровень жыцця, уключаючы дастатковае харчаванне, адзенне, жыллё і пастаяннае паляпшэнне для гэтага ўмоў, дапоўнены палажэннем, што кожны павінен праяўляць сацыяльную адказнасць, уносіць пасільны ўклад у развіццё грамадства і дзяржавы.

У ходзе сустрэчы ўвага прысутных была акцэнтавана і на тым, што праява патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з'яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Гэта дапаўненне артыкула 54 Канстытуцыі абумоўлена неабходнасцю ўстанаўлення важнейшага канстытуцыйнага арыенціра дзяржаўнай палітыкі па выхаванні ў моладзі пачуцця адказнасці за сучаснасць і будучыню нашай краіны.

Старшынёй Канстытуцыйнага Суда адзначана, што ў цэлым абноўленая Канстытуцыя прадугледжвае больш актыўнае ўключэнне і непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні краінай, улічвае наспелыя патрэбнасці грамадства, адпавядае стратэгічным мэтам і задачам дзяржавы, забяспечвае пераемнасць і ўстойлівасць канстытуцыйна-прававога развіцця нашай краіны.

У завяршэнне сустрэчы П.П. Міклашэвіч звярнуў увагу на тое, што 25 лютага 2024 г. ў нашай краіне адбудзецца адзіны дзень галасавання і выказаў упэўненасць у актыўным удзеле моладзі ў рэалізацыі іх важнейшага канстытуцыйнага права – удзеле ў выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і мясцовых Саветаў дэпутатаў.