У Канстытуцыйным Судзе сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі была праведзена Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі. Падчас мерапрыемства Старшыня Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіч П.П. ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь 14-гадовым маладым грамадзянам – выдатнікам вучобы, удзельнікам навукова-практычных канферэнцый, пераможцам і прызёрам рэспубліканскіх алімпіяд.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў акцыі, П.П.Міклашэвіч адзначыў, што 27 лютага 2022 г. на рэспубліканскім рэферэндуме былі ўнесены змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Абноўленая Канстытуцыя вызначае прынцыпы і мэты мадэрнізацыі беларускага грамадства і дзяржавы на сучасным этапе.
У Канстытуцыі выдзелены асобны артыкул, які прысвечаны моладзі. У ім вызначана, што дзяржава садзейнічае духоўнаму, маральнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, а таксама стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда звярнуў асаблівую ўвагу на важнасць таго, каб маладыя грамадзяне актыўна рэалізоўвалі канстытуцыйныя правы і свабоды, а таксама выконвалі канстытуцыйныя абавязкі.
П.П.Міклашэвіч адзначыў напаўненне ў абноўленай Канстытуцыі паняцця «доўг» новым зместам. У артыкуле 54 устаноўлена, што захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа і патрыятызм – абавязак кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Гэта палажэнне з'яўляецца канстытуцыйным, сацыяльна-маральным арыенцірам для фарміравання і выхавання ў радах моладзі сапраўдных грамадзян і патрыётаў.
Як адзначыў П.П.Міклашэвіч, уручэнне пашпартоў ва ўрачыстай абстаноўцы дае магчымасць юнакам і дзяўчатам адчуць канстытуцыйна-прававую сувязь з краінай, убачыць, якая асаблівая ўвага на дзяржаўным узроўні ўдзяляецца моладзі.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда выказаў упэўненасць, што юныя грамадзяне нашай краіны будуць з высокім гонарам несці званне грамадзяніна і ўносіць свой пасільны ўклад у развіццё і ўмацаванне нашай любімай Беларусі.