На пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь 18 лютага 2009 г. разгледжаны шэраг пытанняў, якія датычацца ўнясення прапаноў па ўдасканальванню заканадаўства.
У прыватнасці, прынята рашэнне (суддзя-дакладчык Падгруша В.В.), у якім Канстытуцыйны Суд устанавіў няўзгодненасць з нормамі грамадзянскага і банкаўскага заканадаўства Рэспублікі Беларусь часткі трэцяй пункта 98 Інструкцыі аб парадку ўчынення натарыяльных дзеянняў, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 23 кастрычніка 2006 г. № 63, якая ўстанавiла гадавы тэрмін дзеяння даверанасці на атрыманне пенсій, у той час як згодна з артыкулам 187 Грамадзянскага кодэкса даверанасць можа быць выдадзена на тэрмін да трох гадоў.
Канстытуцыйны Суд прыйшоў да вываду, што ўказаны пункт Інструкцыі не можа распаўсюджвацца на выпадкі атрымання грашовых сродкаў з укладу (дэпазіту) грамадзяніна, адкрытага ў банку, на які пералічваецца яго пенсія, паколькі гэтыя адносіны носяць грамадзянска-прававы характар і рэгулююцца нормамі ГК.
Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным удакладніць норму часткі трэцяй пункта 98 указанай Інструкцыі, прапанаваўшы Міністэрству юстыцыі ва ўстаноўленым парадку ўнесці ў яе неабходныя змяненні і дапаўненні.
Таксама было прынята рашэнне (суддзя-дакладчык Сяргеева В.Г.), якое датычыцца правамернасці патрабавання аб вяртаннi грамадзянiнам сродкаў, затрачаных дзяржавай на яго падрыхтоўку, у сувязі з паступленнем апошняга пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі на дзённую форму навучання ў вышэйшую навучальную ўстанову Расійскай Федэрацыі.
У цяперашні час малады спецыяліст, які атрымаў за кошт сродкаў бюджэту прафесіянальна-тэхнічную або сярэднюю спецыяльную адукацыю і залічаны на дзённую форму атрымання адукацыі больш высокага ўзроўню ва ўстанову адукацыі Беларусі, вызваляецца ад вяртання сродкаў, затрачаных на яго падрыхтоўку. Аднак пры паступленні ў аналагічную ўстанову адукацыі Расіі абавязак іх вяртання захоўваецца.
Рэспубліка Беларусь і Расійская Федэрацыя ў міжнародных дагаворах абавязаліся забяспечваць даступнасць і роўныя правы грамадзян на атрыманне адукацыі рознага ўзроўню.
У мэтах забеспячэння належнай рэалізацыі норм Канстытуцыі і міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь Канстытуцыйны Суд прапанаваў Савету Міністраў унесці змяненні ў Палажэнне аб звароце сродкаў у рэспубліканскі і (або) мясцовыя бюджэты, затрачаных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста, якія прадугледжваюць вызваленне грамадзяніна ад вяртання затрачаных дзяржаўных сродкаў на яго падрыхтоўку ў выпадку, калі ён залічаны ва ўстанову адукацыі больш высокага ўзроўню ў Расійскай Федэрацыі.