У сваім выступленні перад удзельнікамі сумеснага пасяджэння П.П.Міклашэвіч адзначыў, што дзейнасць Канстытуцыйнага Суда ў 2008 годзе пры ажыццяўленні паўнамоцтваў па кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў была накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і яе непасрэднага дзеяння на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні, абарону канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян.
Паведамлена аб рэалізацыі паўнамоцтва Канстытуцыйнага Суда па ажыццяўленню папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці ўсіх законаў, прынятых Параментам, да падпісання Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, прадастаўленага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14. Прызнаўшы правераныя законы адпаведнымі Канстытуцыі, Канстытуцыйны Суд у шэрагу рашэнняў выклаў прававыя пазіцыі, накіраваныя на выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу асобных норм з мэтай папярэджання фарміравання неканстытуцыйнай правапрымяняльнай практыкі.
П.П.Міклашэвіч адзначыў, што ў судах пры вырашэнні грамадзянскіх спрэчак, разглядзе крымінальных і адміністрацыйных спраў прымяняецца вялікая колькасць нарматыўных прававых актаў, асобныя з якіх выклікаюць сумненні ва ўдзельнікаў працэсу ў іх канстытуцыйнасці. Аднак па прычыне адсутнасці ў працэсуальным заканадаўстве належных механізмаў рэалізацыі ініцыятыўных хадайніцтв у 2008 годзе не паступала прапаноў ад судоў аб праверцы спрэчных палажэнняў заканадаўства на прадмет канстытуцыйнасці.
Падкрэслена, што ва ўмовах адсутнасці ў грамадзян права на канстытуцыйную скаргу неабходна на заканадаўчым узроўні выпрацаваць механізмы рэалізацыі апасродкаванага права грамадзян на зварот у Канстытуцыйны Суд.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда таксама праінфармаваў удзельнікаў пасяджэння аб змесце прынятых у мінулым годзе рашэнняў, накіраваных на ўстараненне прабелаў і калізій у заканадаўстве.
Завяршаючы выступленне, П.П.Міклашэвіч падкрэсліў, што судовая сістэма ў нашай дзяржаве адзіная. Таму агульнай задачай усіх судоў з’яўляецца зацвярджэнне законнасці і яе вышэйшай формы — канстытуцыйнай законнасці.