У Канстытуцыйным Судзе з удзелам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі была праведзена Усебеларуская акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі. У ходзе дадзенага мерапрыемства Старшыня Канстытуцыйнага Суда П.П.Мiклашэвiч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь 14-гадовым маладым грамадзянам – выдатнікам навучання, удзельнікам навукова-практычных канферэнцый, пераможцам і прызёрам рэспубліканскіх алімпіяд.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў акцыі, П.П.Мiклашэвiч адзначыў, што пашпарт, які сёння яны атрымліваюць, сведчыць асобу і пацвярджае прыналежнасць да грамадзянства нашай краіны.
У Рэспубліцы Беларусь створаны ўмовы для свабоднага і годнага развіцця асобы, рэалізацыі грамадзянамі гарантаваных Канстытуцыяй правоў і свабод. Канстытуцыя не толькі вызначае асноўныя правы грамадзян і вызначае гарантыі іх рэалізацыі, але і ўстанаўлiвае абавязкi – выконваць Канстытуцыю, законы, паважаць нацыянальныя традыцыі, годнасць, правы і свабоды іншых асоб.
Старшыня Канстытуцыйнага Суда пажадаў дзецям выдатнай вучобы, дасягненняў у фізічным і духоўным развіцці, а таксама быць настойлівымі ў дасягненні пастаўленых у жыцці мэт, адказнымі і законапаслухмянымі ў выкананні канстытуцыйных абавязкаў.