Навіны
На пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прынята Пасланне “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2008 годзе”

4 лютага 2009 г. на пасяджэнні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь прынята Пасланне Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь “Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2008 годзе”.

У Пасланні адзначана, што дзейнасць Канстытуцыйнага Суда ў 2008 годзе была накіравана на забеспячэнне вяршэнства Канстытуцыі і прамое дзеянне яе норм, далейшае сцвярджэнне канстытуцыйнай законнасці ў нарматворчасці і правапрымяненні, абарону канстытуцыйных правоў і свабод грамадзян. Вырашэнню гэтых задач садзейнічаюць прадпрынятыя на дзяржаўным узроўні меры па ўдасканальванню канстытуцыйнага кантролю.

Найбольш значная падзея мінулага года для развіцця канстытуцыйнага правасуддзя ў нашай дзяржаве – увядзенне абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю ўсіх законаў, прынятых Парламентам, на стадыі да падпісання іх Прэзідэнтам. Папярэдні кантроль уведзены на падставе Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 “Аб некаторых мерах па ўдасканальванню дзейнасці Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь“. Тым самым вектар далейшага развіцця канстытуцыйнага правасуддзя сёння накіраваны на папярэджванне парушэнняў канстытуцыйнасці ў нарматворчасці, выключэнне магчымых негатыўных сацыяльных вынікаў дзеяння норм законаў, якiя супярэчаць Канстытуцыі.

У парадку абавязковага папярэдняга канстытуцыйнага кантролю Канстытуцыйны Суд разгледзеў 102 законы, у тым ліку 3 кодэксы, 24 агульныя і спецыяльныя законы, 40 законаў аб унясенні змяненняў і дапаўненняў і аб прызнанні страціўшымі сілу заканадаўчых актаў, 35 законаў аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь.

У правераных законах, прызнаных адпавядаючымі Канстытуцыі, знайшлі развіццё асноватворныя прынцыпы і нормы Канстытуцыі. Разам з тым па шэрагу законаў Канстытуцыйны Суд сфармуляваў прававыя пазіцыі, накіраваныя на выяўленне канстытуцыйна-прававога сэнсу палажэнняў законаў, недапушчэнне неканстытуцыйнай правапрымяняльнай практыкі.

Па выніках разгляду зваротаў грамадзян, дзяржаўных органаў і арганізацый Канстытуцыйны Суд прыняў больш за 20 рашэнняў, у якіх змяшчаюцца прапановы Парламенту, Ураду па ўстараненню прабелаў і калізій у заканадаўстве, у тым ліку ў адносінах да норм Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, Працэсуальна-выканаўчага кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і інш.

У 2008 годзе выкананы шэраг рашэнняў Канстытуцыйнага Суда, уключаючы і прынятыя ў папярэднія гады:

заканадаўчыя прапановы Канстытуцыйнага Суда аб дзейнасці арганізацый забудоўшчыкаў і спажывецкіх кааператываў, садаводчых таварыстваў знайшлі рэалізацыю ва ўказах Кіраўніка дзяржавы ад 28 студзеня 2008 г. № 43 і № 50;

прававая пазіцыя па пытанню прадастаўлення інвалідам зямельных участкаў для размяшчэння гаражоў – у Кодэксе аб зямлі;

рашэнне па пытанню ўключэння ў стаж дзяржслужбы пэўных перыядаў работы – у Законе “Аб дзяржаўнай службе ў Рэспубліцы Беларусь” і інш.

Задача прававой дзяржавы, якой абвешчана Рэспубліка Беларусь у Канстытуцыі, заключаецца ў забеспячэнні канстытуцыйнасці прававога рэгулявання грамадскіх адносін, устанаўленні аднастайнай практыкі прымянення прававых норм усімі дзяржаўнымі органамі, у тым ліку судамі, кантрольнымі і нагляднымі органамі. Пры вырашэнні дадзенай задачы павінны выкарыстоўвацца прававыя пазіцыі Канстытуцыйнага Суда, сфармуляваныя ў яго рашэннях.