Навіны
Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь разгледзеў у парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць шэрагу законаў

У працэсе судовых пасяджэнняў, якія адбыліся 8 і 27 снежня 2008 г., Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у рамках абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасці разгледзеў 10 законаў Рэспублікі Беларусь (законы «Аб ахове атмасфернага паветра», «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый», «Аб таварных біржах», «Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання і занятасці насельніцтва» і інш.) і вынес рашэнні аб іх адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, іншых радыяцыйных аварый» Канстытуцыйны Суд адзначыў, што ацэнка мэтазгоднасці і эканамічнай абгрунтаванасці Закона, які правяраецца, зыходзячы з сэнсу Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў і Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14, не ўваходзіць у прадмет яго праверкі.

Пры праверцы канстытуцыйнасці Закона Рэспублікі Беларусь «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзяржаўнага і мабілізацыйнага матэрыяльных рэзерваў» Канстытуцыйны Суд, зыходзячы з палажэнняў часткі чацвёртай артыкула 104 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, звярнуў увагу на тое, што праграмныя законы патрабуюць асаблівага парадку ўнясення ў іх змяненняў і дапаўненняў. Такі асаблівы парадак, па меркаванню Канстытуцыйнага Суда, прадугледжвае ўнясенне змяненняў і дапаўненняў асобным законам, які, як і праграмны закон, павінен быць прыняты не менш чым дзвюма трацямі галасоў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі ад поўнага складу палат Парламента.

Рашэнні апублікаваны ў часопісе «Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь».