Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь 21 чэрвеня 2017 г. прыняў рашэнне «Аб забеспячэнні права на бесперашкодную і своечасовую юрыдычную дапамогу ў крымінальным працэсе» (суддзя-дакладчык Чыгрынаў С.П.)
Вядзенне па справе ўзбуджана ў адпаведнасці з часткай першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, часткамі першай і чацвёртай артыкула 158 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе інфармацыі Рэспубліканскай калегіі адвакатаў аб прававой нявызначанасці палажэнняў Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – КПК), якiя рэгулююць допуск адваката да ўдзелу ў і крымінальным працэсе.
Пры разглядзе справы Канстытуцыйны Суд устанавіў наступнае.
Згодна з Канстытуцыяй кожны мае права на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзяржаўных органах, органах мясцовага кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі; процідзеянне аказанню прававой дапамогі ў Рэспубліцы Беларусь забараняецца (артыкул 62).
Канстытуцыйны Суд адзначыў, што палажэннi артыкула 62 Канстытуцыі з'яўляюцца інстытуцыянальнай гарантыяй належнага забеспячэння юрыдычнай абароны іншых канстытуцыйных правоў і свабод асобы і ва ўзаемасувязі з артыкулам 22 Канстытуцыі павінны рэалізоўвацца на аснове роўнасці ўсiх перад законам і недыскрымінацыі.
У адпаведнасці з КПК усе асобы, якія бяруць удзел у крымінальным працэсе, роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на роўную абарону іх правоў і законных інтарэсаў; кожны мае права ў ходзе вядзення па матэрыялах і крымінальнай справе на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў выпадках і парадку, прадугледжаных КПК, юрыдычнай дапамогай адвакатаў і іншых сваіх прадстаўнікоў.
Разам з тым палажэннi артыкулаў 44 і 48 КПК, якія ўстанаўліваюць допуск абаронцы да ўдзелу ў вядзеннi па матэрыялах і крымінальнай справе, характарызуюцца прававой нявызначанасцю, паколькі рэалізацыя гэтых палажэнняў не выключае ажыццяўлення органам крымінальнага праследавання адвольных дзеянняў, што могуць абмяжоўваць магчымасць атрымання бесперашкоднай і своечасовай юрыдычнай дапамогі ў крымінальным працэсе.
Канстытуцыйны Суд лiчыць, што прававая рэгламентацыя, пры якой магчымасць карыстацца дапамогай адваката залежыць ад меркавання іншых асоб, не забяспечвае паўнаты рэалізацыі канстытуцыйнага палажэння аб праве кожнага на атрыманне юрыдычнай дапамогі (артыкул 62 Канстытуцыі), не дазваляе зацікаўленым асобам належным чынам абараняць свае правы і свабоды, не дапамагае своечасовасці і эфектыўнасці аднаўлення парушаных правоў.
У КПК павінен быць прадугледжаны механізм бесперашкоднага і своечасовага ўступлення адваката (пры прытрымліванні ўмоў, прадугледжаных КПК, і наяўнасці ў яго пасведчання адваката і ордэра на права ўдзелу ў вядзеннi па крымінальнай справе) у крымінальны працэс на любой яго стадыі, які выключае меркаванне органаў крымінальнага праследавання.
У мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу вяршэнства права, выканання канстытуцыйнага права кожнага на юрыдычную дапамогу для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод, у тым ліку права карыстацца ў любы момант дапамогай адвакатаў, забеспячэння адназначнага разумення і аднастайнага прымянення норм закона Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараненне заканадаўцам у Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь прававой нявызначанасці ў рэгуляванні парадку ўступлення адвакатаў у крымінальны працэс для аказання бесперашкоднай і своечасовай юрыдычнай дапамогі.
Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і (або) дапаўненняў у Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь, накіраваных на рэгламентацыю парадку ўступлення адвакатаў у крымінальны працэс, і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.