Навіны
27–28 красавіка 2017 г. у г. Мінску праводзіцца міжнародная канферэнцыя «Роля органаў канстытуцыйнага кантролю ў забеспячэнні вяршэнства права ў нарматворчасці і правапрымяненні»

Міжнародная канферэнцыя арганізавана Канстытуцыйным Судом Рэспублікі Беларусь сумесна з Еўрапейскай камісіяй за дэмакратыю праз права Савета Еўропы (Венецыянскай камісіяй) у мэтах рэалізацыі ўзаемадзеяння Еўрапейскага саюза і Савета Еўропы з краінамі – удзельніцамі «Усходняга партнёрства» (у рамках праграмы «Умацаванне канстытуцыйнага правасуддзя»).

У форуме прымаюць удзел намеснік Старшыні Еўрапейскай камісіі за дэмакратыю праз права спадарыня К’ерульф-Торгейрсдоццір, эксперты: спадарыня Лазарова-Трайкоўска – экс-суддзя Еўрапейскага Суда па правах чалавека ад Македоніі, спадар Эндзіньш – экс-Старшыня Канстытуцыйнага Суда Латвіі, прадстаўнікі Сакратарыята Венецыянскай камісіі – спадарыня Граната-Мянгіні і спадарыня Герв’ен.

У канферэнцыі таксама ўдзельнічаюць дэлегацыі канстытуцыйных судоў Азербайджана, Грузіі, Расіі, Украіны, Канстытуцыйнага Савета Казахстана.

У ліку ўдзельнікаў канферэнцыі Старшыня Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Сукала В.А., намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Міцкевіч В.В., Міністр юстыцыі Сліжэўскі А.Л., Старшыня Суда Еўразійскага эканамічнага саюза Федарцоў А.А., прадстаўнікі Парламента, навуковай і юрыдычнай супольнасці.

Абмяркоўваюцца розныя аспекты вяршэнства права: 1) як базавага прынцыпу сучасных дэмакратычных дзяржаў, які азначае звязанасць дзяржавы правам, правамі і свабодамі чалавека; 2) еўрапейскія падыходы і крытэрыі ацэнкі прытрымлівання вяршэнства права; 3) роля канстытуцыйных судоў у зацвярджэнні вяршэнства права як фундаментальнага канстытуцыйнага прынцыпу ў заканадаўстве і правапрымяняльнай дзейнасці.

У Рэспубліцы Беларусь праводзіцца мэтанакіраваная сістэматычная работа па рэалізацыі прынцыпу вяршэнства правы, прытрымліванне якога становіцца правілам у дзейнасці ўсіх дзяржаўных органаў, службовых асоб і грамадзян. Забеспячэнне вяршэнства права з'яўляецца гарантыяй развіцця дэмакратыі, рэалізацыі правоў і свабод чалавека, зацвярджэння Рэспублікі Беларусь як дэмакратычнай прававой дзяржавы.