Вядзенне па справе ўзбуджана Канстытуцыйным Судом у адпаведнасці з часткамі першай і трэцяй артыкула 158 Закона «Аб канстытуцыйным судаводстве» на падставе звароту, які паступіў ад грамадзяніна А.М.Барташэвіча, аб наяўнасці прававога прабелу ў частцы адсутнасці ў асоб, якія не з'яўляюцца ў адпаведнасці з Падатковым кодэксам плацельшчыкамі падаткаў, збораў (пошлін) (іншымі абавязанымі асобамі), права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) службовых асоб гэтых органаў, якімі закранаюцца правы такіх асоб. Пры разглядзе справы Канстытуцыйны Суд зыходзіў з таго, што ў адпаведнасці з артыкулам 60 Канстытуцыі кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны, што прадугледжвае абавязак дзяржавы забяспечваць кожнаму бесперашкоднае права на доступ да правасуддзя. Падатковы кодэкс прадастаўляе права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) службовых асоб гэтых органаў толькі плацельшчыкам падаткаў, збораў (пошлін) (іншым абавязаным асобам). З аналізу заканадаўства вынікае, што ўласнікі маёмасці арганізацыі, заснавальнікі (удзельнікі), кіраўнікі, у тым ліку былыя, і іншыя асобы, чые правы і законныя інтарэсы могуць быць парушаны рашэннем падатковага органа, дзеяннем (бяздзейнасцю) іх службовых асоб, не маюць права абскардзіць такое рашэнне, дзеянне (бяздзейнасць) службовых асоб падатковага органа ад свайго імя ў сваіх інтарэсах, паколькі яны не належаць да плацельшчыкаў падаткаў, збораў (пошлін) (іншых абавязаных асоб). Па меркаванні Канстытуцыйнага Суда, дзеючае прававое рэгуляванне абскарджання рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб не можа быць прызнана дастатковым для забеспячэння поўнай і эфектыўнай судовай абароны правоў і свабод як неабходнага элемента канстытуцыйна-прававога рэжыму, заснаванага на прынцыпах вяршэнства права і прававой дзяржавы. У мэтах захавання канстытуцыйных прынцыпаў вяршэнства права і законнасці, рэалізацыі канстытуцыйнага права кожнага на судовую абарону Канстытуцыйны Суд прызнаў неабходным устараніць прабел канстытуцыйна-прававога рэгулявання права на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб шляхам унясення ў Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь змяненняў і дапаўненняў, якія прадугледжваюць права кожнай асобы на абскарджанне рашэнняў падатковых органаў, дзеянняў (бяздзейнасці) іх службовых асоб, калі, па меркаванні гэтай асобы, такія рашэнні, дзеянні або бяздзейнасць парушаюць яе правы і законныя інтарэсы. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанавана падрыхтаваць адпаведны праект закона аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь і ўнесці яго ва ўстаноўленым парадку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.