Навіны
8 красавіка 2016 года адбылася сустрэча Старшыні Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіча з Пастаянным каардынатарам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у Рэспубліцы Беларусь Санакам Самарасінхам

У ходзе сустрэчы адзначалася значнасць адобранай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 чэрвеня 2015 года № 457 Рамачнай праграмы ААН па аказанні дапамогі Рэспубліцы Беларусь у мэтах развіцця на 2016–2020 гады. Агульны напрамак дзейнасці і супрацоўніцтва ў інтарэсах развіцця паміж арганізацыямі сістэмы ААН і Урадам Рэспублікі Беларусь на бліжэйшыя пяць гадоў вызначаецца такімі прыярытэтнымі напрамкамі, як інклюзіўнае, аператыўнае і падсправаздачнае дзяржаўнае кіраванне; устойлівае эканамічнае развіццё; захаванне спрыяльнага навакольнага асяроддзя і ўстойлівае выкарыстанне прыроднага патэнцыялу, заснаванае на «зялёных» прынцыпах эканомікі; устойлівае развіццё чалавечага капіталу: ахова здароўя, адукацыя, сацыяльная ўключанасць і абарона, комплекснае постчарнобыльскае развіццё.

Абмеркаваны канкрэтныя мерапрыемствы з удзелам Канстытуцыйнага Суда, накіраваныя на ўдасканальванне форм і метадаў рэалізацыі вяршэнства права ў нарматворчасці і правапрымяненні, павышэнне эфектыўнасці забеспячэння канстытуцыйных правоў і свабод асобы, аптымізацыю механізмаў імплементацыі міжнароднага права ў прававую сістэму Беларусі, якія былі падтрыманы ўдзельнікамі сустрэчы.