Навіны
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь П.П.Міклашэвіч уручыў пашпарты грамадзяніна нашай краіны прадстаўнікам моладзі


У Канстытуцыйным Судзе сумесна з Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі была праведзена Усебеларуская патрыятычная акцыя «Мы – грамадзяне Беларусі», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі. У ходзе дадзенага мерапрыемства Старшыня Канстытуцыйнага Суда П.П.Міклашэвіч ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыў пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь 14-гадовым маладым грамадзянам – выдатнікам вучобы, удзельнікам навукова-практычных канферэнцый, пераможцам і прызёрам рэспубліканскіх алімпіяд. Звяртаючыся да ўдзельнікаў акцыі П.П.Міклашэвіч падкрэсліў, што Канстытуцыя стала асновай згоды ў нашым грамадстве і дзяржаве, паслядоўнага і дынамічнага стратэгічнага развіцця краіны. Старшыня Канстытуцыйнага Суда выказаў упэўненасць у тым, што юныя грамадзяне нашай краіны будуць з поўнай адказнасцю выконваць канстытуцыйныя абавязкі і ў поўнай меры карыстацца канстытуцыйнымі правамі і свабодамі, а таксама займаць актыўную грамадзянскую пазіцыю і праяўляць усвядомленасць грамадзянскага абавязку.