Навіны
1–2 снежня 2015 года суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Чыгрынаў С.П. прыняў удзел у рабоце V Міжнароднага кангрэса параўнальнага правазнаўства «Канстытуцыйныя рэформы XXI стагоддзя: новыя гарызонты»

1–2 снежня 2015 года суддзя Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Чыгрынаў С.П. прыняў удзел у рабоце V Міжнароднага кангрэса параўнальнага правазнаўства «Канстытуцыйныя рэформы XXI стагоддзя: новыя гарызонты», які праводзіўся ў г. Маскве (Расійская Федэрацыя).

Кангрэс быў арганізаваны Інстытутам заканадаўства і параўнальнага правазнаўства пры Урадзе Расійскай Федэрацыі сумесна з Еўрапейскай камісіяй за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія).

У рабоце Кангрэса прынялі ўдзел дзяржаўныя дзеячы і прадстаўнікі вядучых навуковых і адукацыйных цэнтраў з больш чым 20 краін блізкага і далёкага замежжа, а таксама прадстаўнікі міжнародных арганізацый.

У дакладах і выступленнях удзельнікаў Кангрэса былі глыбока і дакладна прааналізаваны розныя аспекты канстытуцыйнага развіцця ў XXI стагоддзі. У прыватнасці, было адзначана, што XXI стагоддзе азнаменавана маштабнымі канстытуцыйнымі пераўтварэннямі, якія закранулі ўсе рэгіёны планеты, як дзяржавы, што сталі на шлях развіцця, так і развітыя. У фокусе канстытуцыйнага рэфармавання ляжыць канстытуцыяналізацыя грамадскіх адносін, накіраваная на павышэнне эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання, стварэнне «сервіснай дзяржавы», якая дзейнічае перш за ўсё ў інтарэсах грамадзян, фарміраванне ўстойлівай да выклікаў сучаснага свету прававой сістэмы дзяржавы, павышэнне ролі канстытуцыйнага правасуддзя ў забеспячэнні правоў і свабод асобы.

На пленарным пасяджэнні з дакладам «Канстытуцыйная ідэнтычнасць і канстытуцыйнае развіццё ў XXI стагоддзі» выступіў суддзя Канстытуцыйнага Суда Чыгрынаў С.П., які раскрыў спецыфіку асноўных сацыяльных фактараў, што ўплываюць на канстытуцыйнае развіццё, і асвятліў ролю канстытуцыйнай ідэнтычнасці ў сучасных інтэграцыйных працэсах.