У Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь паступаюць шматлікія электронныя звароты грамадзян, якія змяшчаюць прапановы аб удасканальванні праекта Закона Рэспублікі Беларусь «Аб абыходжанні з жывёламі» і просьбу праінфармаваць зацікаўленыя дзяржаўныя органы аб пазіцыі Канстытуцыйнага Суда па дадзеным пытанні.
У адпаведнасці з часткай другой падпункта 1.2 пункта 1 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 кастрычніка 2007 г. № 498 «Аб дадатковых мерах па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб» паведамляем наступнае.
1. Рашэнне Канстытуцыйнага Суда ад 23 ліпеня 2004 г. «Аб прававым рэгуляванні колькасці свойскіх жывёл» прынята ў парадку артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь», які дзейнічаў раней (страціў сілу ў сувязі з прыняццем Закона Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве»), і ў вызначаным парадку накіравана ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь з мэтай азнаямлення зацікаўленых з пазіцыяй Канстытуцыйнага Суда і разгляду пастаўленых у рашэнні пытанняў пры дапрацоўцы законапраекта «Аб абыходжанні з жывёламі».
2. Падрыхтоўка праектаў нарматыўных прававых актаў ажыццяўляецца суб'ектамі нарматворчай дзейнасці ў парадку, устаноўленым заканадаўствам. Адказнымі за падрыхтоўку дадзенага законапраекта і ўнясенне яго ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь вызначаны Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь. Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь сваім рашэннем даручыў ажыццявіць распрацоўку законапраекта Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь, Міністэрству замежных спраў Рэспублікі Беларусь і Міністэрству сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
3. Канстытуцыйны Суд з'яўляецца органам судовага кантролю за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве. Кампетэнцыя Канстытуцыйнага Суда, парадак унясення прапаноў на яго разгляд вызначаны артыкулам 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Законам Рэспублікі Беларусь «Аб канстытуцыйным судаводстве».
Звяртаем таксама ўвагу на тое, што згодна з часткай сёмай артыкула 22 Кодэкса аб судаўладкаванні і статусе суддзяў Канстытуцыйны Суд не мае права выказваць пазіцыю аб пытанні, якое можа стаць прадметам разгляду ў Канстытуцыйным Судзе Рэспублікі Беларусь у парадку ажыццяўлення канстытуцыйнага судаводства, калі іншае не вызначана заканадаўчымі актамі.