Акты Канстытуцыйнага Суда
РАШЭННЕ КАНСТЫТУЦЫЙНАГА СУДА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
21 лістапада 2013 г. № Р-857/2013
Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Інданезія аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да падаткаў на даходы»

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь у складзе старшынствуючага – Старшыні Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіча П.П., намесніка Старшыні Сяргеевай В.Г., суддзяў Бойка Т.С., Варановіча Т.В., Данілюка С.Я., Ізоткі У.П., Козыравай Л.Р., Марыскіна А.У., Падгрушы В.В., Рабцава Л.М., Цікавенкі А.Г., Чыгрынава С.П.

 

на падставе часткі першай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, падпункта 1.1 пункта 1 і пункта 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь»

 

разгледзеў у адкрытым судовым пасяджэнні ў парадку абавязковага папярэдняга кантролю канстытуцыйнасць Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Інданезія аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да падаткаў на даходы».

 

Заслухаўшы суддзю-дакладчыка Чыгрынава С.П., прааналізаваўшы палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (далей – Канстытуцыя), Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Інданезія аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да падаткаў на даходы» і іншых заканадаўчых актаў Рэспублікі Беларусь, Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь устанавіў:

 

Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Інданезія аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да падаткаў на даходы» (далей – Закон) прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 24 кастрычніка 2013 г., адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 15 лістапада 2013 г. і прадстаўлены Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь на подпіс.

 

Закон з’яўляецца актам аб выражэнні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Інданезія аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да падаткаў на даходы (далей – Пагадненне), падпісанага ў г. Джакарце 19 сакавіка 2013 года ў мэтах садзейнічання развіццю эканамічнага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Рэспублікай Інданезія на ўзаемавыгадных умовах.

 

У Пагадненні вызначаецца парадак абкладання падаткамі даходаў і прыбыткаў, у тым ліку даходаў ад нерухомай маёмасцi, прыбыткаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, ад эксплуатацыі марскіх або паветраных суднаў у міжнародных перавозках, а таксама дэвідэнтаў, працэнтаў, роялці і некаторых іншых даходаў.

 

Некаторымі палажэннямі Пагаднення ўстанаўліваюцца iншыя правiлы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў заканадаўчых актах Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, памеры ставак падаткаабкладання ад агульнай сумы дывідэнтаў, якія прадугледжаны пунктам 2 артыкула 10 Пагаднення, не адпавядаюць памерам ставак па даходах ад дывідэнтаў, якія вызначаны абзацам чацвёртым пункта 1 артыкула 149 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

 

Акрамя таго, пункт 2 артыкула 9 Пагаднення прадугледжвае магчымасць карэкціроўкі сумы падатку, які збіраецца з прыбытку. Аднак заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь магчымасць такой карэкціроўкі не замацавана.

 

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «О международных договорах Республики Беларусь» ратыфікацыі падлягаюць міжурадавыя дагаворы, якія ўстанаўліваюць іншыя правілы, чым тыя, якія змяшчаюцца ў законах Рэспублікі Беларусь (абзац трэці артыкула 19), прадметам якіх зяўляюцца пытанні, што датычацца толькі сферы заканадаўчага рэгулявання, але не ўрэгуляваны законамі Рэспублікі Беларусь, дэкрэтамі і ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (абзац чацвёрты артыкула 19); ратыфікацыя міжнароднага дагавора Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь у форме закона (частка першая артыкула 20).

 

У сувязі з гэтым выражэнне згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе Пагаднення ў форме закона аб ратыфікацыі з’яўляецца абгрунтаваным.

 

Закон прыняты Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у межах паўнамоцтваў у адпаведнасці з пунктам 2 часткі першай артыкула 97 Канстытуцыі, адобраны Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у адпаведнасці з пунктам 1 часткі першай артыкула 98 Канстытуцыі.

 

На падставе выкладзенага Канстытуцыйны Суд прыходзіць да вываду аб тым, што па змесце норм, форме акта і парадку прыняцця Закон адпавядае Канстытуцыі.

 

Кіруючыся часткамі першай, сёмай артыкула 116 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, часткамі восьмай, трынаццатай, чатырнаццатай артыкула 24 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, падпунктам 1.1 пункта 1 і пунктам 3 Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 чэрвеня 2008 г. № 14 «О некоторых мерах по совершенствованию деятельности Конституционного Суда Республики Беларусь», Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь

 

ВЫРАШЫЎ:

 

1. Прызнаць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Рэспублікі Інданезія аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання і папярэджанні ўхілення ад выплаты падаткаў у дачыненні да падаткаў на даходы» адпаведным Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

 

2. Гэта рашэнне ўступае ў сілу з дня прыняцця.

 

3. Апублікаваць гэта рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам.

 

 

Старшынствуючы –
Старшыня Канстытуцыйнага Суда
Рэспублікі Беларусь                                                                                                          П.П.Міклашэвіч