Навіны
Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. прыняў удзел ва Усееўрапейскай канферэнцыі «Еўрапейскія стандарты вяршэнства права і межы меркавання ўлад у краінах – членах Савета Еўропы»

Старшыня Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь Міклашэвіч П.П. прыняў удзел ва Усееўрапейскай канферэнцыі на тэму «Еўрапейскія стандарты вяршэнства права і межы меркавання ўлад у краінах – членах Савета Еўропы», якая адбылася 3–6 ліпеня 2013 года ў г.Ерэване (Рэспубліка Арменія).

У форуме ўдзельнічалі кіраўнікі, суддзі канстытуцыйных судоў замежных дзяржаў, Еўрапейскага Суда па правах чалавека, прадстаўнікі парламентаў, міністэрстваў юстыцыі і замежных спраў, а таксама ўпаўнаважаныя па правах чалавека з 32 краін.

У ходзе канферэнцыі абмяркоўваліся пытанні забеспячэння вяршэнства права ў дэмакратычнай прававой дзяржаве, узаемадзеяння паміж органамі канстытуцыйнага кантролю і нацыянальнымі парламентамі, сучасных еўрапейскіх тэндэнцый вызначэння меж меркавання ў дзейнасці парламентаў і ролі канстытуцыйных судоў у гэтым працэсе.

У сваім выступленні Старшыня Канстытуцыйнага Суда Міклашэвіч П.П. праінфармаваў удзельнікаў аб канстытуцыйна-прававых аспектах вяршэнства права і граніцах меркавання заканадаўчай улады. Пры гэтым было адзначана, што ў Рэспубліцы Беларусь на канстытуцыйным узроўні замацаваны прынцып вяршэнства права, на дзяржаўным узроўні прымаюцца неабходныя меры да яго рэальнага забеспячэння ў палітыка-прававым і сацыяльна-эканамічным жыцці грамадства і дзяржавы. Рэалізуючы свае паўнамоцтвы, дзяржаўная ўлада дзейнічае ў межах, якія вызначаюцца палажэннямі, прынцыпамі і нормамі Канстытуцыі. Ажыццяўляючы кантроль за канстытуцыйнасцю нарматыўных прававых актаў у дзяржаве, Канстытуцыйны Суд сваёй дзейнасцю абавязвае заканадаўчую ўладу ў законатворчым працэсе няўхільна выконваць прынцыпы вяршэнства права і вяршэнства Канстытуцыі, не дапускаць адвольнага меркавання пры прававым рэгуляванні грамадскіх адносін.